«Выкрыквала лозунгі, пляскала ў далоні, блакавала рух грамадскага транспарту»: чарговы прысуд за падзеі 2020 года
У судзе Савецкага раёна Мінска адбыўся суд над спецыялісткай па падборы персаналу адной са сталічных кампаній Веранікай Сідарэнкай. Яе абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным ўдзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).
Справу разглядаў суддзя Аляксандр Якунчыхін.
Згодна з матэрыяламі абвінавачання, Вераніка Сідарэнка прымала ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве восенню 2020 года ў Мінску, пры гэтым «публічна выкрыквала лозунгі, здзяйсняла гучныя воплескі рукамі, ажыццявіла блакаванне руху транспарту з дапамогай перакрыцця праезнай часткі вуліц, перашкаджала нармальнай працы грамадскага транспарту, чым прычыніла шкоду «Мінсктрансу» на суму 9481 рубель».
Яе затрымалі вясной 2023 года і да суда змясцілі пад варту.
Вераніку, якая трымала ў руках плакат бел-чырвона-белага колеру з надпісамі, ідэнтыфікавалі па фота на адным з сайтаў.
Яе прызналі вінаватай і асудзілі да абмежавання волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу на два гады і шэсць месяцаў («хатняя хімія»), як піша «Вясна».
Каментары