«Супольнасць беларускіх чыгуначнікаў» паведамляе, што 1 снежня пад Калінкавічамі затрымалі грамадзяніна Японіі, які нібыта рабіў відэаздымку аб'ектаў інфраструктуры Беларускай чыгункі.
Паводле звестках «Супольнасці беларускіх чыгуначнікаў», здарэнне адбылося раніцай 1 снежня на 8-м пікеце 407-га кіламетра перагону Калінкавічы-Заходнія — раз'езд Клінск. Пабочную асобу, якая здымала відэа каля чыгункі, заўважыў нібыта машыніст лакаматыўнага дэпо Калінкавічы Радзько, які кіраваў цягніком Калінкавічы — Лунінец.
Чалавек, як сцвярджаецца, рабіў відэаздымку канструкцый аўтадарожнага пуцеправода трасы М10 Гомель-Кобрын, размешчанага над цотнай гарлавінай станцыі Калінкавічы-Заходнія, на адлегласці каля 250 метраў ад пасажырскай платформы ў кірунку станцыі Лунінец.
Інфармацыю пра гэтага чалавека машыніст перадаў далей, і ў выніку работнікіі ваенізаванай аховы сумесна з супрацоўнікамі Калінкавіцкага РАУС ужо праз паўгадзіны паблізу ад названага пуцеправода аўтадарогі M10 затрымалі мужчыну, які аказаўся грамадзянінам Японіі. Далей японец быў перададзены супрацоўнікам КДБ.
На момант публікацыі імя і прозвішча гэтага грамадзяніна, як і далейшы яго лёс, высветліць не ўдалося.
Нагадаем, што раней, у красавіку 2024 года, у Беларусі затрымалі іншага грамадзяніна Японіі, выкладчыка Масатосі Наканісі. Яго абвінавачваюць па артыкуле аб агентурнай дзейнасці. Паводле версіі КДБ Беларусі, цягам шасці гадоў ён здабываў звесткі пра важныя стратэгічныя аб'екты і грамадска-палітычную сітуацыю ў краіне для японскай разведкі.
Каментары