11 жніўня авіякампанія «Белавія» плануе выканаць першы рэгулярны рэйс па маршруце Мінск — Дэлі — Мінск.
Рэйсы будуць выконвацца раз на тыдзень па пятніцах (з Дэлі — па суботах). З 20 верасня ў раскладзе з'явіцца другі рэйс у тыдзень з вылетам з Мінска па серадах (з Дэлі — па чацвяргах), паведамляе прэс-служба кампаніі.
Вылет з Мінска — у 20:25, прыбыццё ў Дэлі — у 05:35, час у палёце — 6 гадзін 40 хвілін.
Зваротны рэйс з Дэлі запланаваны ў 06:55, у Мінску пасажыры прызямляцца ў 11:40, час у палёце — 7 гадзін 15 хвілін. Час для ўсіх аэрапортаў пазначаны мясцовы, розніца з Мінскам складае дзве з паловай гадзіны.
Кошт палёту ў адзін бок пачынаецца ад 319 еўра, у абодва бакі — 569 еўра.
«Мы ведаем, што пасажыры вельмі чакалі адкрыцця гэтага рэйса. І нашы спецыялісты доўга працавалі над тым, каб жаданне падарожнікаў споўнілася. Я з упэўненасцю магу сказаць, што гэта адзін з самых цікавых напрамкаў у маршрутнай сетцы авіякампаніі. Мы вырашылі праблему тых, хто даўно марыў пагрузіцца ў індыйскі каларыт і адчуць на сабе культуру іншай краіны, але не гатовы быў адпраўляцца ў доўгае падарожжа са стыкоўкамі. Зараз, каб адправіцца ў Індыю, дастаткова набыць адзін білет, узяць добры настрой і сесці ў самалёт. А мы даставім вас да новых эмоцый», — адзначыў генеральны дырэктар авіякампаніі Ігар Чаргінец.
Грамадзянам Рэспублікі Беларусь для паездкі ў Індыю неабходна віза, якую можна аформіць анлайн: электронная віза выдаецца тэрмінам на 30 дзён, год ці пяць гадоў.
Міжнародны аэрапорт імя Індзіры Гандзі размешчаны за 16 кіламетраў ад цэнтра горада. Даехаць у Дэлі можна на таксі, на метро, аўтобусе ці арандаваным аўтамабілі.
Каментары