Пякельны трып беларускіх футбалістаў па Еўропе: 1600 кіламетраў за двое сутак у аўтобусе
Футбалісты гродзенскага «Нёмана» двое сутак дабіраліся ў Ліхтэнштэйн на аўтобусе. Там ім у чацвер трэба будзе згуляць матч Лігі канферэнцый УЕФА супраць мясцовага «Вадуца».
«Мы на месцы. Гатэль Kommod», — паведаміла прэс-служба «Нёмана» 12 ліпеня ў 11:58 паводле мінскага часу.
Гатэль Kommod знаходзіцца ў абшчыне Ругель. Адлегласць паміж ёй і Гродна — каля 1600 км. Прэс-служба «Нёмана» напісала пра выезд у 08:35 10 ліпеня. На дарогу каманда выдаткавала двое сутак.
Пры гэтым падарожжа перарывалася на начоўкі. Першую ноч гродзенцы правялі ў Польшчы, другую — у Аўстрыі, як піша Blizko.by.
Дабірацца ў Ліхтэнштэйн на аўтобусе прыйшлося, бо з 2021 года, пасля прымусовай пасадкі ў Мінску рэйсу Афіны — Вільня і арышту Рамана Пратасевіча і Сафіі Сапегі, у Беларусі адсутнічаюць авіясувязі з большасцю еўрапейскіх краін.
Мінскае «Дынама» і БАТЭ, якія таксама выступаюць у еўракубках, адправіліся на матчы самалётамі, але з перасадкамі. Гродзенцы ж аддалі перавагу наземнаму транспарту.
У «Нёмане» падлічылі, што адлегласць паміж стадыёнамі каманд складае 1630 км, але чакаць з візітам у адказ гасцей з Ліхтэнштэйна не варта. З сакавіка 2022-га беларускім клубам і зборным дазволена праводзіць хатнія матчы ў міжнародных турнірах толькі на нейтральных стадыёнах і без гледачоў, таму другая гульня пройдзе ў венгерскім Д'ёры.
Матч «Вадуц» — «Нёман» пройдзе на стадыёне «Райнпарк» у Вадуцы 13 ліпеня і пачнецца а 21:00 па беларускім часе.
Каментары