Як сцвярджаюць путчысты, Францыя таксама парушыла закрытую паветраную прастору Нігера. У краіне аб'яўлены стан павышанай баявой гатоўнасці.
Вайсковая хунта Нігера паведаміла, што французскія сілы атакавалі пазіцыі нацыянальнай гвардыі краіны. Разам з гэтым, па сцвярджэннях путчыстаў, з суседняга Чада ў закрытую паветраную прастору Нігера «ўварваўся» французскі вайсковы самалёт з адключанымі транспондарамі.
Адпаведныя заявы путчыстаў 9 жніўня перадаў тэлеканал Al Arabia.
Паводле інфармацыі хунты, раніцай 9 жніўня Францыя атакавала пазіцыі нігерскіх нацгвардзейцаў і сілавым спосабам вызваліла з нігерскай турмы 16 чалавек, «звязаных з экстрэмісцкімі групоўкамі». У той жа час у закрытай паветранай прасторы Нігера некалькі гадзін лётаў французскі вайсковы самалёт, які не выходзіў на сувязь.
У сувязі з гэтым путчысты аб'явілі стан павышанай баявой гатоўнасці па ўсёй тэрыторыі краіны і пачалі ствараць атрады апалчэння ў дапамогу арміі ў сталіцы Нігера, горадзе Ніамэй.
Таксама тэлеканал Al Arabia паведамляе, што пасольства ЗША ў Нігеры рэкамендавала сваім грамадзянам схавацца ў бяспечных месцах і пазбягаць наведвання цэнтра горада Ніамэй.
Нагадаем, што ў канцы ліпеня ў Нігеры адбыўся прарасійскі вайсковы пераварот, у выніку якога легітымны прэзідэнт краіны Махамед Базум быў скінуты і ізаляваны. З гэтага часу новая мяцежная адміністрацыя пачала актыўна рваць усе сувязі з Захадам і яго саюзнікамі ў Афрыцы, аддаючы перавагу Расіі і наймітам з ПВК «Вагнер».
У адказ на гэта краіны Заходняй Афрыкі пры падтрымцы ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і ўсяго астатняга Еўрасаюза прад'явілі путчыстам ультыматум з пагрозай вайсковай інтэрвенцыі, паводле якога хунта павінная вызваліць прэзідэнта Нігера і вярнуць яму ўладу. Тэрмін гэтага ўльтыматуму ўжо скончыўся.
Каментары