У нефармальным з’ездзе беларускіх кінематаграфістаў у Варшаве возьме ўдзел Кшыштаф Занусі
Майстар-клас класіка польскага і сусветнага кіно Кшыштафа Занусі «Ад аматарскай кароткаметражкі да Канаў і Венецыі» стане адным з гваздоў праграмы першага нефармальнага з’езда беларускіх кінематаграфістаў, які ў гэтыя выхадныя адбудзецца ў Варшаве, паведамляе Reform.by.
Падзея, на якую плануецца прыезд больш як 70 беларускіх фільммэйкераў з Літвы, Латвіі, Украіны, Польшчы, Турцыі, Германіі, Чэхіі, Ізраіля, Грузіі, адбудзецца ў Варшаве ўжо ў гэтыя выхадныя — 18—20 жніўня.
З’езд пройдзе ў фармаце Barcamp — своеасаблівай антыканферэнцыі, якая прадугледжвае актыўны ўдзел беларускіх кінематаграфістаў з розным досведам і спецыялізацыяй. Праграму з’езда ўдзельнiкi вызначалі самастойна — можна было прапанаваць тэму для абмеркавання, свае мерапрыемствы, паказ фільма.
«Фармат баркэмпа, абраны намі для правядзення з’езда незалежных кінематаграфістаў, апраўдвае эфектыўнасць гарызантальных сувязяў ужо на этапе планавання падзеi, — зазначае кіраўнік праекта, прадзюсар і фандрайзер Леанід Каліценя. —
Мы ўключылі ў праграму шматлiкiя прапановы ўдзельнікаў і пакінулі вольныя слоты для рэалізацыі ідэй фільммэйкераў «на месцы». Бо падчас узаемадзеянняў, на хвалі агульнага драйву і нараджаюцца самыя арыгінальныя канцэпцыі. Пачатак руху да стварэння агульнай стратэгіі развіцця беларускага кіно пакладзены».
Каментары