«Дырэктарка абурылася тым, што мы паклеілі беларускія шпалеры, а не нямецкія». Бацькі пра зборы на рамонт у школах
Напярэдадні навучальнага года пагаварылі з бацькамі аб просьбах паўдзельнічаць у рамонце класаў і аб тым, як яны да гэтага ставяцца.
«У школе ў маіх дзяцей на працягу вучэбнага года збіралі дабравольныя ўзносы на рамонт у класе. Сума была нерэгламентаваная, кожная сям’я магла даць столькі, колькі лічыць патрэбным, — распавяла Ангеліна. —
Я прынцыпова ніколі не даю грошай на такія мэты, бо лічу, што таго, што я плачу падаткі, павінна быць дастаткова для таго, каб школу своечасова рамантавалі. Калі ўсюды кажуць пра тое, якая ў нас бясплатная адукацыя, то не трэба вешаць на бацькоў рамонты.
І калі да 2020 года я яшчэ магла думаць аб тым, здаваць ці не, то сёння мая пазіцыя адназначная — і ў школе яе ведаюць. Ні на якія ўмоўныя шторы ці інфармацыйныя стэнды я ніколі не здаю. Мае сяброўкі, у якіх дзеці вучацца ў іншых школах, здаюць, бо баяцца, што настаўнікі могуць неяк адпомсціць дзецям. Шчыра кажучы, не ведаю, наколькі такі страх абгрунтаваны. Я ніколі не сутыкалася з негатыўнай рэакцыяй з боку класных кіраўнікоў з-за таго, што ніяк не ўдзельнічаю ў рамонце класа. Дзяцей з-за гэтага таксама ніхто не крыўдзіў».
У некаторых школах бацькоў не прасілі здаць грошы, але да іх звярталіся з просьбай дапамагчы з рамонтам фізічна.
«У гэтым годзе ў школе маёй дачкі грошы на рамонт класа не збіралі (у мінулых — збіралі), але класная кіраўніца папрасіла прыйсці і пафарбаваць тое-сеё, — сказаў Андрэй. — Не магу сказаць, што ў мяне вельмі шмат вольнага часу, бо дома ёсць яшчэ і маленькае дзіця. Але мы пагаварылі з жонкай і вырашылі, што я дапамагу. Бо, шчыра кажучы, настаўніца ў нас добрая, а калі рамонту не будзе, то ў яе могуць быць праблемы.
У мінулым годзе я таксама хадзіў клеіць шпалеры. І тады на першым бацькоўскім сходзе ў верасні класная кіраўніца стала зачытваць спіс, хто з бацькоў колькі разоў прыйшоў і што зрабіў. А потым уручыла нейкія дыпломы. Гэта было вельмі непрыемна, і мы папрасілі больш так не рабіць.
Я дапамагаю, бо маю магчымасць, у астатніх яе можа не быць — і гэта цалкам нармальна».
Але бывалі і зусім непрыгожыя гісторыі.
«Спачатку мы былі гатовыя сабраць грошы на рамонт класа. Не скажу, што я прыхільнік такога падыходу, але ж, калі астатнія бацькі згодныя, я не пайду на прынцып. Але наша настаўніца пачала паводзіць сабе, мякка кажучы, дзіўна. Яна пачала казаць, што трэба цалкам мяняць падлогу — і класці ламінат. Я быў у шоку: гэта ж якой якасці трэба браць ламінат, каб дзеці яго за год не сапсавалі? — абураецца Анатоль. — Я бачыў, як яны бегаюць на перапынках і як парты літаральна лётаюць па класе. Класная пагадзілася і сказала, што тады лепш паркет пакласці.
Шчыра кажучы, я не думаю, што адміністрацыя школы ведала пра такія прапановы, бо мне здаецца, дырэктарка ў нас цалкам адэкватная. Здаецца, гэта была асабістая ініцыятыва класнай кіраўніцы. Як вынік — мы ўсе перасварыліся і не сталі ні на што збіраць грошы».
«Мы збіралі грошы на рамонт на працягу навучальнага года невялікімі сумамі, каб гэта было не вельмі адчувальна для бюджэту сям’і, — успамінае Ксенія. —
У выніку бацькі зрабілі рамонт цалкам сваімі сіламі, але дырэктарка засталася вельмі незадаволеная. Яна абурылася тым, што мы паклеілі беларускія шпалеры, а не нямецкія. Казала, што нам павінна быць сорамна за тое, што мы эканомім на сваіх жа дзецях.
У якасці пакарання яна патрабавала, каб мы адрамантавалі яшчэ нейкае памяшканне ў школе. І нехта з бацькоў ужо пачаў прапаноўваць сабраць грошы. Але, дзякуй богу, у нас ёсць некалькі прынцыповых бацькоў, якія могуць сказаць катэгарычнае «не». Мы аб’ядаліся і сказалі, што не бачым нічога кепскага ў тым, каб падтрымаць айчыннага вытворцу».
Каментары
хто? чиновники, идеологи и мянты? ведь на их же содержание по сути с большего и идут налоги