Закрыцця граніц пакуль не будзе, канфрантацыя спала. Спыталі ў экспертаў, ці можна гаварыць пра пачатак адлігі паміж Мінскам і ЕС
Апошнімі днямі можна назіраць, як ваяўнічая рыторыка паміж афіцыйным Мінскам і заходнімі суседкамі ідзе на спад. Пра поўнае закрыццё граніц размовы ўжо не вядуцца, а Польшча наогул не выключае аднаўлення працы некаторых закрытых пераходаў пры пэўных умовах. Спыталі, што пра гэта думаюць беларускі аналітык і літоўскі эксперт.
Эскалацыя пайшла на спад?
У жніўні сітуацыя вакол межаў Беларусі і ЕС была максімальна напружанай. Літва закрыла два з шасці пунктаў пропуску на ўсходзе краіны. Праз дзесяць дзён, 28 жніўня, міністры Польшчы і краін Балтыі абмяркоўвалі магчымасць поўнага закрыцця граніц з нашай краінай.
Пасля гэтай нарады палітыкі выступілі з заявай, у якой вызначылі дзве ўмовы, якія могуць прывесці да поўнай блакады Беларусі.
Аднак ужо на наступны дзень польскі намеснік міністра ўнутраных спраў Мацей Вонсік сярод іншага заявіў, што спадзяецца на тое, што Мінск пойдзе на саступкі, а калі так адбудзецца, то Польшча можа адкрыць частку закрытых раней пунктаў пропуску.
Пасля Беларусь накіравала Польшчы запрашэнне стаць назіральніцай на вучэннях АДКБ.
5 верасня прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што пытанне аб поўным закрыцці дзяржаўнай граніцы Літвы з Беларуссю губляе актуальнасць, бо ў суседняй краіне сітуацыя з групай «Вагнер» стабілізуецца.
Класкоўскі: «Рэальнай небяспекі, што яны пойдуць на Сувалкі або на Жэшаў, не было»
Палітычны аглядальнік праекта «Позірк» Аляксандр Класкоўскі адзначае, што напружанасць сапраўды трошкі зніжаецца. З'яўляецца надзея, што межы не будуць закрытыя, хоць нейкі час таму здавалася, што ўсё да гэтага ідзе.
«Я не валодаю інсайдарскай інфармацыяй датычна нейкіх дамоўленасцяў, але падаецца, што пры ўсёй вастрыні рыторыкі абодва бакі не зацікаўлены даводзіць сітуацыю да радыкальных рашэнняў», — лічыць аналітык.
Таксама Класкоўскі выказвае меркаванне, што жорсткая рыторыка Польшчы і Літвы ў нейкай ступені можа тлумачыцца перадвыбарчымі кампаніямі.
«Вобраз ворага патрэбны не толькі Лукашэнку. Гэта такая карта, якая разыгрываецца і часткай палітыкаў у дэмакратычных краінах».
Класкоўскі нагадвае: ён і раней казаў, што пагроза ад «Вагнера» раздзімаецца.
«Рэальнай небяспекі, што яны пойдуць на Сувалкі ці на Жэшаў, не было. Так жа сама, як і ад вучэнняў АДКБ, у якіх бралі ўдзел краіны Цэнтральнай Азіі: ім канфлікты з ЕС не патрэбныя. А ў Расіі няма свабодных войскаў, каб ствараць нейкія ўдарныя сілы на тэрыторыі Беларусі, як гэта было ў лютым 2022 года», — лічыць Класкоўскі.
«Кітай можа ўплываць не толькі на Лукашэнку»
Беларускі аналітык адзначае, што пытанне поўнага закрыцця мяжы з’яўляецца вострым не толькі для Мінска, але і для краін ЕС. Бо гэта ўдар не толькі па эканамічных інтарэсах рэжыму Лукашэнкі.
«Гэта таксама шкода для Польшчы, Літвы і іншых краін ЕС. Таму такія рашэнні трэба ўзгадняць у Бруселі. Таксама ёсць Кітай, які не зацікаўленыя ў блакадзе мяжы. Гэта хоць і закулісны, але ўплывовы гулец, які можа ўздзейнічаць не толькі на Лукашэнку, але і на тых жа палякаў. Таму даводзіць сітуацыю да такіх радыкальных рашэнняў суседнія краіны таксама не хочуць», — лічыць аналітык.
На думку Класкоўскага, Лукашэнка разумее, што, акрамя непрыемнасцяў на сваю галаву, ён не дасягне сур’ёзнымі правакацыямі ніякіх мэтаў.
«Статыстыка паказвае, што ў жніўні нелегалаў стала менш, чым месяцам раней. Тое самае назіраецца і ў першыя дні верасня. Яшчэ адзін паказальны момант: з’явілася навіна, што ў Калодзішчах затрымалі групу мігрантаў, якія планавалі трапіць у Латвію. Прычым прыехалі яны праз Расію».
Аналітык адзначае, што праз адсутнасць мяжы з РФ пры жаданні Крэмль можа затапіць Беларусь нелегальнымі мігрантамі, але, на думку аналітыка, Маскве цяпер не да гэтага.
«Усё астатняе Лукашэнка можа выдатна кантраляваць. Навесці парадак на мяжы ў паліцэйскай дзяржаве нескладана».
«Польшча спрабуе выкарыстоўваць не толькі пугу»
Тым не менш, на думку Класкоўскага, Мінск хоць і пазбягае цяпер занадта дражніць суседнія краіны, але і цалкам перакрываць патокі мігрантаў не стане.
«Рэжым будзе рабіць так, каб гэта не прывяло да закрыцця межаў, але трошкі напружвала суседзяў. Аднак пераходзіць чырвоныя лініі ён не хоча».
Каментуючы нядаўнія заявы польскага боку аб магчымым аднаўленні некаторых закрытых пунктаў пропуску, аналітык кажа, што Польшча такім чынам спрабуе выкарыстоўваць не толькі пугу, але і пернік.
«Бо толькі на пугу Лукашэнка калі і рэагуе, то жорсткасцю. Таму ў польскіх, літоўскіх палітыкаў і функцыянераў трошкі супярэчлівая рыторыка. З аднаго боку, спрабуюць жорсткімі заявамі паказаць электарату, што мы, маўляў, клапоцімся аб вашай бяспецы, а з іншага — шукаюць нейкія рэальныя інструменты ўздзеяння.
Спрабуюць хоць у нечым знайсці супольную мову з рэжымам. Тут ёсць як эканамічныя інтарэсы, так і ўплыў беларускіх штабоў апазіцыі, якія лабіруюць болей гнуткі падыход, бо абмежаванні б’юць і па простых беларусах».
Аднаўленне прыёму дакументаў на турыстычныя візы, аналітык называе яшчэ адной праявай таго, што Польшча спрабуе выкарыстоўваць і пернік.
«Лукашэнка ўжо спаліў усе масты»
«І тут пытанне ў тым, наколькі на пазітыўныя жэсты палякаў павядзецца Лукашэнка. Бо ён у пэўнай ступені ўжо адвязаўся ад Захаду. Яму ўжо нельга спадзявацца, што можа быць адліга такога ўзроўню, як было да 2020 года. Гэта тады ўлады саджалі пасля выбараў трохі апазіцыянераў, а потым вызвалялі іх, пачыналі нейкую вельмі ўмоўную лібералізацыю і нават «мяккую беларусізацыю».
«У гэтым плане Лукашэнка ўжо спаліў усе масты. Ён баіцца новай хвалі палітычнай актыўнасці. Бо ўсё зноў можа выбухнуць, калі адкруціць гайкі. Таму спадзявацца на светлую будучыню ў агляднай перспектыве няма сэнсу.
Мы цяпер прыйшлі да таго, што калі яшчэ горш станавіцца не будзе, то гэта ўжо прагрэс. Таму калі абодва бакі ў гэтай памежнай канфрантацыі сапраўды хоць крыху пойдуць адзін аднаму насустрач, можа, і не дойдзе да таго, што беларусы апынуцца ў поўнай блакадзе».
Юрконіс: «Рэжыму быў дадзены выразны сігнал»
З пытаннем, ці можна лічыць заявы літоўскага прэзідэнта аб тым, што поўнае закрыццё граніц губляе актуальнасць, намёкамі на адлігу ў адносінах паміж Літвой і Беларусь, мы звярнуліся да літоўскага палітолага, дырэктара Freedom House Vilnius Віціса Юрконіса.
«Па-першае, ніхто не казаў, што мяжу наглуха закрыюць. Па-другое, такую магчымасць і цяпер ніхто не адмаўляе. Быў дадзены выразны сігнал, што многае залежыць ад дзеянняў беларускага рэжыму, што такая мера будзе прымацца зыходзячы з таго, якімі будуць паводзіны беларускага боку», — кажа палітолаг.
Пры гэтым Юрконіс лічыць, што нарастанне панікі вакол гэтага пытання вялося штучна.
«Гэта рабілася не толькі рэжымам Лукашэнкі, але і, на жаль, некаторымі дэмакратычнымі сіламі», — адзначыў Юрконіс.
Закрыццё межаў — гэта вельмі адчувальная тэма для Лукашэнкі
Працягваючы размову пра ролю дэмакратычных сілаў, Юрконіс кажа, што хацелася б больш выразнасці, за каго яны ручаюцца, якія прынцыпы адстойваюць. Бо, на яго думку, цалкам зразумела, чаму межы, паток беларускіх грамадзян і тавараў павінны кантралявацца больш.
«Па рэакцыі беларускага рэжыму мы бачылі, што магчымае закрыццё межаў — гэта вельмі адчувальная для іх тэма. Беларусь з'яўляецца транзітнай брамай для абыходу санкцый. Літва са свайго боку робіць многае, мы закрылі сваю мяжу для тавараў падвойнага прызначэння. Літва нясе пэўныя фінансавыя страты, але мы гатовыя трываць».
Таксама, на думку палітолага, павінна весціся велізарная праца па выяўленні як грамадзян Беларусі, так і Еўрасаюза, якія дапамагаюць Расіі абыходзіць санкцыі.
Юрконіс мяркуе, што ў абмежаванні плыняў санкцыйных тавараў праз Беларусь таксама павінны быць зацікаўленыя беларускія дэмакратычныя сілы, праваабаронцы, людзі пацярпелыя ад рэжыму.
Эксперт адзначае, што Літва са свайго боку выразна праводзіць мяжу паміж беларускім рэжымам і тымі, хто ад яго пацярпеў і змагаецца з ім.
«Але хацелася б, каб гэтая выразнасць была таксама і ў беларускіх дэмакратаў. Таму што нават беларус, які купляе аўто ў Нямеччыне і вязе яго на перапродаж у Расію, — таксама ўдзельнічае ў абыходзе санкцый.
Добра, калі б ад беларускіх дэмакратычных сіл прагучала, што раз чалавек такім займаецца, то няхай, напрыклад, выплачвае 1000 еўра з машыны ў фонд дапамогі палітвязням. То-бок, калі чалавек робіць на гэтым грошы, то няхай нейкую частку аддае на пацярпелых ад рэжыму Лукашэнкі і ад ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны. Трэба разумець, што час рабіць шпагат паміж РФ і ЕС ужо прайшоў, а ўдзел у такіх схемах — гэта таксама ўдзел у агрэсіі супраць Украіны.
Літвой для абмежавання патоку былі зачыненыя два пункты пропуску і вяліся размовы пра закрыццё яшчэ некалькіх, але цалкам закрываць мяжу Літва не збіралася, а казала пра тое, што такая тэхнічная магчымасць існуе. Калі будзе нейкая вострая сітуацыя ў плане ваенных інцыдэнтаў або нелегальнай міграцыі», — адзначае палітолаг.
«У ЕС ёсць дзве крайнія пазіцыі»
Юрконіс называе пытанне поўнага закрыцця мяжы з Беларуссю пытаннем цярпення як з боку простых беларусаў, дэмакратычных сіл і сумленнага беларускага бізнэсу, так і з боку Польшчы, Літвы, Латвіі і шэрагу іншых краін, якія маюць бізнэс, звязаны з Беларуссю і Расіяй.
«Наконт гэтага ў ЕС ёсць дзве крайнія пазіцыі. Адна з іх гучыць так, што межы павінны быць наглуха зачыненыя і ўсе павінны пацярпець. Гэта будзе прамой дапамогай Украіне, паколькі ўсе тавары падвойнага прызначэння ў выніку трапляюць на фронт. А профіт з іншых — у касу рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна», — адзначае Юрконіс.
Ці гатовыя мы ахвяраваць?
Пры гэтым палітолаг не адмаўляе, што будуць складанасці і страты, як у беларускага бізнэсу і грамадзянскай супольнасці, так і ў бізнэсу еўрапейскага.
«Тут узнікае пытанне, ці гатовыя мы ахвяраваць? Гаворачы пра беларуска-літоўскія адносіны, Літва ўжо не раз паказвала, што мы гатовыя да гэтага, нават калі ў кароткатэрміновай перспектыве гэта будзе балючым.
Але ў доўгатэрміновай перспектыве гэта будзе мець свой профіт. Бо ўсе зацікаўленыя, каб гэтых аўтарытарных рэжымаў не стала», — кажа Віціс Юрконіс.
Але ёсць, па словах палітолага, у Еўропе і цалкам супрацьлеглая пазіцыя.
«Частка лічыць, што трэба пераварочваць старонку, вяртацца да business as usual, ісці на дыялог, падзяляць палітыку ад эканамічнага супрацоўніцтва і г.д.
Гэта тая тэма, якую калісьці прасоўваў Макей, што праз бізнэс мы будзем прасоўваць еўрапейскія стандарты. Гэта ні разу не спрацавала. Некаторы ўплыў на еўрапеізацыю грамадства назіраўся, але гэтага не адбывалася з рэжымам.
У такога падыходу дарэчы былі прыхільнікі і сярод некаторых беларускіх экспертаў. Але гэта так не працуе, паколькі аўтарытарны рэжым заўсёды падмане», — адзначае Юрконіс.
«Аўтарытарныя рэжымы ўспрымаюць дэмакратычныя краін як слабыя»
Літоўскі палітолаг лічыць, што ў такіх выпадках дэмакратычныя краіны заўсёды аказваюцца ўразлівымі, паколькі імкнуцца гуляць па правілах і згодна з дамоўленасцямі.
«Аўтарытарныя рэжымы гэтага не робяць. Яны займаюцца шантажом і г.д. Яны ўспрымаюць дэмакратычныя краіны, як слабыя, якія так ці інакш паддадуцца бізнэс-лобі, таму, што ім гэта выгадна.
Але 2020 і 2022 гады паказалі, што мы [Літва] гатовыя ісці нават на такія меры, якія з эканамічнага пункту гледжання з'яўляюцца нявыгаднымі. Але мы гатовыя ахвяраваць.
Пытанне, ці гатовы ахвяраваць беларускі бізнэс? Бо нават калі ёсць прабелы ў санкцыйным рэжыме, нават калі мы разумеем, што абыход санкцый існуе, то гэта аргумент не аслабляць кантроль, а быць больш строгімі і закрываць усе дзіркі па меры магчымасці», — лічыць Юрконіс.
Палітолаг адзначае, што ў ЕС заўсёды былі тыя, хто лабіраваў і працягвае лабіраваць інтарэсы, якія будуць выступаць за нармалізацыю адносін, што пойдзе на руку беларускаму рэжыму.
«І ў Брусэлі, і ў Вене, і на іншых міжнародных пляцоўках ёсць лабісты, якія прасоўваюць гэтыя ідэі. Мы працягваем назіраць, як на ўсіх пляцоўках ідзе ціск па тэме калійных угнаенняў, што гэта нібыта дапаможа змагацца з голадам ва ўсім свеце».
Юрконіс адзначае, што яму хочацца чуць выразны голас прадстаўнікоў беларускай дэмакратычнай супольнасці, што яны не будуць рабіць ніякага шпагату, што нельга паддавацца на маніпуляцыі, што ціск на рэжым павінен працягвацца.
Чытайце таксама:
Размяшчэнне расійскай тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі ідзе па плане — МЗС Расіі
У мірны час мін на мяжы з Беларуссю не будзе — камандуючы Нацыянальнымі сіламі Латвіі
Каментары
З прываду шпагату гэта пытаньні да саміх беларускіх дэмсілаў, і агулам да усіх беларусаў