«Злосці няма межаў». Беларусы з біяметрычнымі пашпартамі не могуць запісацца на польскія турыстычныя візы
Днямі чытач выдання «Люстэрка» вырашыў запісацца на падачу дакументаў на польскую турыстычную візу, але сістэма адмовілася працаваць з ягоным біяметрычным пашпартам. І гэта не проста разавая памылка.
Калі мужчына зайшоў на сайт візавага цэнтра Польшчы, то там адзін з этапаў рэгістрацыі — верыфікацыя ў Міжбанкаўскай сістэме ідэнтыфікацыі (МСІ). А падчас яе сістэма выдала памылку: «Вашы звесткі не актуальныя. Для актуалізацыі звярніцеся ў банк».
У банку чалавеку параілі патэлефанаваць у кантакт-цэнтр МСІ, а там сказалі, што «трымальнікам біяметрычных дакументаў нельга запісацца на падачу візы праз VFS Global». Можна, маўляў, толькі са звычайным пашпартам.
Не дала плёну і спроба даведацца нешта ў візавым цэнтры Польшчы. «Тэлефаную, злосці няма межаў. Пытаюся, што рабіць? Адказ: «Мы нічым не можам Вам дапамагчы».
«Люстэрку» ў кантакт-цэнтры МСІ патлумачылі, што раней ва ўладальнікаў біяметрычных пашпартоў такіх праблем не здаралася. Узніклі яны «нядаўна» праз тое, што «змяніліся налады аўтарызацыі ў білетную касу візавага цэнтра».
Таму на гэты момант для ўладальнікаў ID-карт верыфікацыя ў білетную касу візавага цэнтра немагчымая, але спецыялісты, маўляў, працуюць над тым, каб разабрацца з праблемай. Адносна тэрмінаў нічога канкрэтнага сказаць не здолелі.
У VFS Global на пытанне адносна магчымасцяў нейкіх іншых спосабаў верыфікацыі таксама нічога пазітыўнага не адказалі:
«Неабходна чакаць і рэгістрацыю рабіць пазней. Іншых спосабаў запісу пакуль няма, толькі праз сайт».
Адносна канкрэтных тэрмінаў тут таксама нічога не ведаюць, раяць перыядычна заходзіць на сайт і спрабаваць паўторна прайсці рэгістрацыю.
«Ліст аб тым, што гэтая праблема вырашаецца, [з МСІ] нам прыйшоў у аўторак, 12 верасня, — удакладнілі ў кол-цэнтры візавага цэнтра. — На гэты момант на сайце ёсць такая тэхнічная непаладка. Гэта з боку МСІ <…>.
Мы атрымалі адказ, што сістэма знаходзіцца ў працэсе вырашэння гэтай сітуацыі, і ў найбліжэйшыя тэрміны [непаладку] абяцаюць ліквідаваць».
Чытайце таксама:
Не ўсё так проста. Колькі будзе каштаваць польская турыстычная віза і як хутка можна атрымаць
Заканчваецца беларускі пашпарт. І што цяпер рабіць? Парады адваката
Каментары