З плошчы каля мінскай Камароўкі зніклі «Дама з сабачкам» і яшчэ адна скульптура. Што з імі сталася?
Раніцай 26 верасня мінчукі не пабачылі на плошчы перад Камароўскім рынкам вядомых скульптур. Пра гэта паведаміла агенцтва «Мінск-Навіны», якое адначасова высветліла ў галоўнага інжынера рынку Валерыя Федарцова, куды яны зніклі.
«У рамках работ па ўпарадкаванні тэрыторыі было праведзена абследаванне мацаванняў скульптурных кампазіцый «Дама з сабачкам», «Конь і верабей», «Фатограф». Па выніках заключэння было вырашана дэмантаваць скульптуры «Дама з сабачкам» і «Конь і верабей» для наступнага рамонту», — патлумачыў Федарцоў.
Паведамляецца, што «пад уплывам умоў надвор'я і часу помнікі падвяргаюцца ўздзеянню разбуральных фактараў, таму іх своечасовая рэстаўрацыя — неабходная мера. Пасля рэстаўрацыі бронзавыя фігуры будуць вернутыя на свае ранейшыя месцы».
Мяркуецца, што гэта адбудзецца да сярэдзіны кастрычніка.
Каментары