Як жыхар Брагіна адказаў на пытанне «Чый Крым» міграцыйным уладам Літвы і чаму цяпер шукае працу дома
Жыхар Брагіна Яўген Давыдоўскі працуе на будоўлі адміністрацыйнага будынка філіяла «Брагінскі» ААТ «Палессебуд». Працуе па дамове падраду. А яшчэ ў мінулым годзе зарабляць на жыццё ездзіў у Літву. Пра тое, чаму Яўген цяпер шукае працу дома і чаму пра гэта не шкадуе, расказала выданне «Маяк Палесся».
Год таму Яўген ездзіў працаваць мулярам вахтавым метадам у Літву. «Аб прывабных перспектывах працаўладкавання ў балтыйскай рэспубліцы даведаўся ад знаёмых», — удакладняе выданне.
Вахтавыя паездкі ў Літву доўжыліся год — пакуль не скончылася віза. Каб працягнуць іх, трэба было аформіць дазвол на жыхарства.
З лістапада 2022 года грамадзяне Расіі і Беларусі, старэйшыя за 18 гадоў, якія звяртаюцца па нацыянальную візу або дазвол на жыхарства ў Літве, павінны запаўняць спецыяльную анкету.
У ёй, акрамя іншага, трэба адказаць, ці падтрымліваеце вы вайну Расіі ва Украіне, а таксама на пытанне «Каму, на вашу думку, належыць Крым?».
Яўген Давыдоўскі адказаў — «Расіі». Ці падтрымлівае ён напад Расіі на Украіну, у артыкуле не ўдакладняецца.
«Палітыка іх ясная: перапісалі гісторыю, узяліся за геаграфію. І так, паводле вынікаў апытання, вызначаюць, хто «праз сваю дзейнасць у мінулым ці сувязі з недэмакратычнымі рэжымамі» можа ствараць пагрозу нацыянальнай бяспецы. Трызненне, ды і толькі. «Дэмакратыя» тут выяўляецца ў прыгнёце тых, хто выказвае адрозны ад афіцыйнага пункт гледжання», — тлумачыць раёнка. Яна прыводзіць хлуслівыя прапагандысцкія тэзісы пра перапісванне гісторыі і прыгнёт рускіх за мяжой для апраўдання расійскай агрэсіі.
Карэспандэнт дадае, што, «вядома, зыходзячы з карыслівых інтарэсаў, можна было крывадушнічаць і адказаць фармальна. Але навошта?»
«Нейкіх завоблачных грошай не атрымаў, у адносінах з мясцовым насельніцтвам адчуваецца напружанне: рускамоўныя ў Літве не ў пашане. Ды і доўгае расстанне з сямʼёй, дзе падрастае дачка, толькі засмучае», — разважае Яўген.
«Таму атрыманы вердыкт — адмова ў выдачы ДНЖ і забарона на ўезд у Літву на 5 гадоў — ніколькі не засмуціў. У планах — уладкавацца на пастаянную працу. Тут, у Беларусі», — расказвае пра жыццесцвярджальныя планы мужчыны выданне.
Дарэчы, Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю расійскаму прапагандысту Дзмітрыю Кісялёву 30 лістапада 2021 года назваў акупаваны Расіяй украінскі Крым «дэ-факта і дэ-юрэ» расійскім і расказаў, што збіраецца прыехаць у Крым. Але дасюль не зрабіў гэтага. Афіцыйнага прызнання Крыма расійскім, як і так званых «новых тэрыторый», з боку Беларусі таксама не было.
Паводле звестак Дэпартамента міграцыі Літвы на пачатак жніўня, са студзеня ў атрыманні віз і ДНЖ адмоўлена 910 грамадзянам Беларусі. Іх прызналі пагрозай бяспецы краіны. Дазвол на часовае пражыванне літоўскія ўлады не выдалі 337 беларусам і адмовілі яшчэ 121 грамадзяніну Беларусі ў працягванні ДНЖ. У 205 беларусаў анулявалі дазволы на часовае пражыванне.
Каментары