«Няскораных палітвязняў запісалі ў групу радыкалаў». Вакол платформы «Адно акно» разгарэлася дыскусія — прычынай стала адна з рэкамендацый
Некалькі дзён у фэйсбуку трывае дыскусія пра платформу «Адно акно», прапанаваную ў дапамогу палітвязням і іх сем'ям. «Асабіста мяне проста ў ступар увёў раздзел, дзе палітвязням і іх родным даюцца рэкамендацыі і парады, як пісаць на «памілаванне» дыктатару», — напісаў Андрэй Шарэнда, муж палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк.
На сайце help.by.social у раздзеле «Юрыдычная дапамога» падрабязна разбіраецца, як падаваць прашэнне на памілаванне. «Палітычныя зняволеныя часта адмаўляюцца пісаць прашэнне пра памілаванне па розных прычынах, — напісана ў прадмове. — Некаторыя з іх лічаць гэта прызнаннем віны або пацвярджэннем іх удзелу ў несправядлівым палітычным працэсе, у той час як іншыя страцілі надзею на поспех, назіраючы досвед іншых зняволеных, якія атрымалі адмовы аб памілаванні. Нягледзячы на гэта, мы рэкамендуем выкарыстоўваць любую магчымасць барацьбы за сваю свабоду і жыццё».
У гэтых словах частка ўдзельнікаў дыскусіі ўбачыла прамыя рэкамендацыі прызнаць перамогу Лукашэнкі і прыніжэнне гонару тых палітзняволеных, якія лічаць такія крокі непрымальнымі.
«Насамрэч, які наступны крок? Будуць прасіць людзей запісваць «пакаянныя» відэа для БТ? Або адразу падпісваць паперы аб супрацоўніцтве з КДБ? Права кожнага палітзняволенага — самому прымаць рашэнне, ці пісаць нешта, ці не. Прапаноўваць або навязваць яму гэта звонку нельга. Гэта дэмаралізуе людзей і легітымізуе рэжым Лукашэнкі», — адгукнулася на пост Андрэя Шарэнды рэдактарка «Хартыі'97» Наталля Радзіна.
Некаторыя са сваякоў палітвязняў таксама падтрымалі пазіцыю Шарэнды.
Шмат хто з удзельнікаў дыскусіі настойвае менавіта на тым, што пісаць ці не пісаць такое прашэнне — справа глыбока прыватная. Але — не ганебная. «Прабачце, не хачу вам рабіць болю, але для мяне асабіста лепей, каб Паліна была з дзеткамі сваімі, жывая і здаровая, а не ў закладніках у бандытаў. Не ўсе нараджаюцца героямі, таму так: хто не вытрымлівае гэтага жаху, мае права пісаць лісты аб памілаванні», — адказвае адна з каментатарак Андрэю Шарэнду.
«Тое, што непрымальна для вас, можа камусьці выратаваць жыццё. І вы не можаце ад іншых патрабаваць трымацца вашага выбару. Не можаце казаць людзям, як ратаваць сябе і як ахвяраваць. Пры ўсёй павазе да вашага выбару і пакутаў вашай жонкі, іншыя распараджаюцца сваімі лёсамі па-свойму. І гэта не прыніжае іх і не робіць здраднікамі», — тлумачыць сваю пазіцыю яшчэ адна ўдзельніца дыскусіі.
«Хачу яшчэ раз падкрэсліць — я супраць менавіта той падачы рэкамендацый, каб падштурхнуць палітвязня пісаць на «памілаванне», — патлумачыў Андрэй Шарэнда. — Гэта павінен вырашаць менавіта палітвязень, і ніхто не можа ў гэтым яму даваць «рэкамендацыі». І я ў ніякім разе не хачу асуджаць тых палітвязняў, што падпісалі гэта «прашэнне». Гэта іх выбар, гэта спроба захаваць здароўе і жыццё.
Але трэба памятаць, што ёсць палітвязні, якія не будуць гэтага рабіць нават пад пагрозай смерці. І гэтыя людзі не варʼяты-самазабойцы, як мне пісалі ў каментарах. Яны не фанатыкі, што бʼюцца галавой аб сценку. Гэта проста людзі, для якіх гонар і годнасць — тая рыса характару, праз якую нельга перакрочыць, якую нельга адключыць для выратавання здароўя і жыцця.
Яны нават за кратамі працягваюць змаганне: заклікаюць да санкцый і трыбунала над дыктатарам, у вочы кажуць карнікам праўду і адмаўляюцца выконваць распарадкі турмаў. Рэжым дыктатара паставіў задачу сваёй карнай сістэме любым спосабам зламаць такіх палітвязняў. Іх проста забіваюць у вязніцах. І мы ўжо згубілі Вітольда Ашурка і Алеся Пушкіна. Безумоўна, яны якраз і былі аднымі з тых «няскораных» палітвязняў.
Усё беларускае грамадства павінна абʼяднацца і зрабіць усё магчымае, каб выратаваць менавіта іх, бо яны ў першай катэгорыі рызыкі і яны сапраўды пакутуюць за нас.
Але замест гэтага, «няскораных палітвязняў» проста інфармацыйна запісалі ў нейкую групу радыкалаў і стараюцца іх пазіцыю абыходзіць бокам».
Ініцыятарка стварэння платформы «Адно акно», прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета Вольга Гарбунова падкрэслівае, што гэтая платформа створана найперш для інфармавання, у тым ліку і па пытанні прашэння аб памілаванні:
«Ёсць людзі, якія шукаюць такую інфармацыю. І мы тлумачым, што ў палітвязня ёсць такое права — нават ва ўмовах прававога дэфолту ў нашай краіне. І мы рэкамендуем сем'ям падтрымліваць любое рашэнне палітзняволенага, у тым ліку і наконт прашэння. Бо толькі чалавек у зняволенні можа ацаніць асабістую небяспеку для сябе непасрэдна.
Наша задача — гаварыць аб неабходнасці падтрымкі, якую б тактыку захавання свайго жыцця і здароўя ён не абраў.
І я нават усцешаная, што такая дыскусія пачалася ў публічнай прасторы. Бо гэта якраз і сведчыць пра тое, што наша грамадства не гатова вызначыцца з пазіцыяй адносна каштоўнасці кожнага асобнага чалавечага жыцця. З 2020 года мы ведаем шмат прыкладаў, калі людзі гатовы да супраціву нават у месцах несвабоды. Але сёння ўжо 2023-ці, шмат каму за кратамі патрэбная медычная дапамога. Ці дапамаглі мы каму-небудзь уратаваць сваё жыццё і здароўе? Гэтую праблему варта абмяркоўваць, бо цяпер яна замоўчваецца, і прычына тая самая — боязь быць асуджанымі грамадствам.
На думку стваральнікаў платформы «Адно акно», напісаць заяву на памілаванне — не значыць «скакаць пад дудку дыктатара». Ёсць вельмі моцныя людзі, для каго такое рашэнне непрымальнае. Але ёсць іншыя сітуацыі, калі варта ўлічваць акалічнасці жыцця канкрэтнага чалавека. І палітвязень таксама павінен быць упэўнены, што яго падтрымаюць і не асудзяць за такое прашэнне.
Яшчэ адна прэтэнзія Андрэя Шарэнды — чаму на сайце help.by.social «няма ніводнага слова пра тое, што можа быць пазіцыя супраціву сістэме пры затрыманні».
Адказ Вольгі Гарбуновай просты:
«На нашай платформе мы збіраем юрыдычную інфармацыю, у сваіх рэкамендацыях мы абапіраемся на тыя нормы, якія прапісаныя ў заканадаўстве. Мы разумеем, што ў краіне няма правасуддзя, што чалавек не можа абараніць свае правы, але рэкамендаваць ці не рэкамендаваць іншыя падыходы мы не можам. «Супраціў сістэме пры затрыманні», пра які піша Андрэй, цягне за сабой пагаршэнне ўмоў для зняволенага. Мы не можам узяць на сябе адказнасць за такія наступствы, бо лёсы людзей знаходзяцца ў руках прадстаўнікоў рэжыму, якія прымяняюць гвалт, катаванні. Мы не можам рэкамендаваць людзям тое, што можа прывесці да пагаршэння іх становішча».
«Я разумею Андрэя Шарэнду, — гаворыць спецыялістка па камунікацыі службы «Адно акно» Наста Базар. — Ягоная жонка Паліна штодня працягвае змагацца за свае каштоўнасці, за свае перакананні, мы ўсе перажываем за яе, мы паважаем яе выбар. Што да фармулёвак, якія спадар Андрэй лічыць недасканалымі, то я хачу яшчэ раз нагадаць, што пакуль «Адно акно» працуе ў тэставай версіі. Усё можна абмяркоўваць, але без узаемных абвінавачванняў, у рабочым парадку. І спадар Андрэй, і кожны ахвотны можа звярнуцца да нас праз любы канал сувязі, пазначаны на сайце».
Дарэчы, яшчэ адна акалічнасць, якая выклікала дыскусію вакол платформы «Адно акно», — гэта адсутнасць беларускай мовы. Наста Базар кажа, што гэта часова:
«Мяне вельмі парадавала, што на гэтую тэму было шмат прэтэнзій і што так шмат людзей лічаць яе неабходнай для сайта. Яна абавязкова там з'явіцца. Але ў нас быў выбар: ці запускаць платформу цяпер, каб яна ўжо працавала, ці чакаць яшчэ год, пакуль напаўненне сайта будзе закончаным, і матэрыялы будуць перакладзены на беларускую, а часткова і на англійскую мову».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
Нікога нельга асуджаць. І няхай кожны палітвязень сам вырашае. Важна ўратаваць людзей з гэтага пекла і змагацца за кожны лёс.