Гісторыя2424

Як назва «Беларусь» напоўнілася палітычным сэнсам

Вядомы даследчык гісторыі Беларусі, дацэнт Інстытута гісторыі Упсальскага ўніверсітэта Андрэй Катлярчук у чарговым выпуску ютуб-канала «Гісторыя на Свабодзе» распавёў, якія рэгіёны існавалі ў Вялікім Княстве Літоўскім, дзе праходзілі межы Беларусі ў XIX стагоддзі і ці можна гаварыць, што з абвяшчэннем БНР назва «Беларусь» пачала пашырацца ў свеце.

Андрэй Катлярчук Andrei Kotlyarchuk Андрей Котлярчук
Андрэй Катлярчук лічыць, што палітычны сэнс слова «Беларусь» набыло ў XVII стагоддзі. Скрын відэа svaboda-historyja / YouTube

Андрэй Катлярчук шмат займаўся XVII стагоддзем, пісаў пра Кейданскую унію і пра іншыя падзеі таго стагоддзя. Апошнім часам ён даследуе палітычныя сімвалы Беларусі.

Якія рэгіёны існавалі ў Вялікім Княстве Літоўскім?

Вучоны звяртае ўвагу на тую акалічнасць, што яшчэ ў XVI стагоддзі рэгіёны «плавалі», і «Беларусь» можна было знайсці і каля Ноўгарада, і каля Пскова. А вось у XVII стагоддзі адбылася канкрэтная іх лакалізацыя. На той час было чатыры рэгіёны, якія згадваліся падарожнікамі.

Carta Marina 1539
Белая Русь (Russia Alba) каля возера Ільмень (Lacus Irmen). Фрагмент карты Carta Marina, 1539. Wikimedia Commons

«Мы бачым Літву, якая знаходзіцца і на тэрыторыі сучаснай Беларусі, і на тэрыторыі сучаснай Літвы. Нагадаю, што Ковенскі павет, Вількамірскі павет — гэта літоўскія паветы, гэта не Жамойць, яны знаходзіліся ў гістарычнай Літве», — удакладняе гісторык.

Па словах Катлярчука, у той час Беларусь лакалізавалася там, дзе цяпер усходняя частка краіны. Гэта Полацк, Віцебск, Магілёў, Гомель.

«Мы маем Палессе, і нават часта Берасцейскае ваяводства называюць Палескім ваяводствам. І нават ёсць асобныя мапы Палесся. Гэта старая назва, вядомая яшчэ з XIII стагоддзя. І маем Падляшша. То-бок той рэгіён, большасць якога сёння знаходзіцца ў Польшчы, але нейкі кавалак ёсць і ў Беларусі», — працягвае гісторык.

На думку Катлярчука, з гістарычнага пункту гледжання кожная з назваў чатырох рэгіёнаў мела патэнцыял стаць назвай краіны. Але Беларусь ад самага пачатку мела найлепшыя шанцы ў гэтай канкурэнцыі.

Калі і як назва «Беларусь» напоўнілася палітычным сэнсам

Вучоны адзначае, што пытанне аб тым, як назва «Беларусь» напоўнілася палітычным сэнсам, ён падрабязна разглядае ў сваёй кнізе пра Кейданскую унію «У ценю Польшчы і Расіі».

«Што цікава, дык гэта тое, што XVII стагоддзе — гэта час моцных трансфармацый. «Руская» нацыя, якая існавала ў Вялікім Княстве і Кароне Польскай, падзяляецца. Мы ўжо маем украінскі гетманат, маем казаччыну. «Руская» мова, якая была адзінаю для беларусаў і ўкраінцаў, таксама пачынае падзяляцца», — адзначае гісторык.

Даследчык звяртае ўвагу, што некалькі значных падзей у XVII стагоддзі адбыліся і ў Беларусі. Па-першае, 1632 год, калі кароль Рэчы Паспалітай легалізаваў праваслаўную царкву. У выніку ў краіне з'явілася адзіная легальная праваслаўная епархія, якая пачынае называцца беларускай. Прычым самі праваслаўныя святары называюць яе беларускай.

Акрамя гэтага, працягвае даследчык, «мы маем беларускі дыстрыкт Рэфармацкага збору, гэта тыя старыя кальвіністы. Гэты дыстрыкт месціўся там, дзе Полацк, Віцебск і ў бок Магілёва. І ён называўся беларускім.

Мы маем палітычны праект палкоўніка Канстанціна Паклонскага, які манеўраваў паміж Расіяй, Польшчай, Швецыяй і які называў сябе беларускім палкоўнікам».

Але самае цікавае, на што звяртае ўвагу Катлярчук, гэта тое, што «падчас вайны сярэдзіны XVII стагоддзя, таго Патопу, той «невядомай вайны», калі Маскоўская дзяржава пайшла на Вялікае Княства Літоўскае, нараджаецца палітычны змест Беларусі, палітычная адзнака».

Катлярчук падрабязна тлумачыць, што назва рэгіёну «Беларусь» не зʼяўляецца ініцыятывай маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча, войскі якога акупавалі значную частку ўсходніх зямель падчас вайны 1654-1667 гадоў:

«У першых указах цар Аляксей Міхайлавіч піша, што ён узяў літоўскія гарады, і дадае да свайго тытулу «князь Полацкі і Амсціслаўскі». І першы вядомы нам дакумент, калі цар упершыню называе сябе «гаспадаром Белай Русі», гэта ахоўная грамата Куцеінскаму манастыру.

Так што, хутчэй за ўсё, беларускія праваслаўныя святары падказалі яму такую ідэю. Пасля ён паслядоўна пачынае называць сябе Вялікім князем Літоўскім і гаспадаром Белай Русі ў загадах і ўказах, якія ён выпускае».

Даследчык звяртае ўвагу на цікавую спрэчку за тытулятуру, якая сведчыць аб тым, што назва «Беларусь» напоўнілася палітычным сэнсам:

«Тытулы ў той час азначалі права на ўладанне, на суверэнітэт. І вось мы бачым, што шведскі кароль адмаўляе цару звацца Вялікім князем Літоўскім і гаспадаром Белай Русі. Больш за тое, сенатары Вялікага Княства Літоўскага пішуць ліст у Маскву, дзе тлумачаць так:

«ты сябе называеш гаспадаром Белай Русі, але гэта не так; кароль польскі — ён кароль Белай Русі». І вось гэта вельмі важна. Тут мы маем Беларусь як палітычную адзінку.

У адказ кароль польскі і яго дзедзічы атрымліваюць вельмі моцны адказ з Масквы. Маўляў, такога ніколі не было, мы пра такое ніколі не чулі, як так, што кароль Рэчы Паспалітай таксама і кароль Белай Русі?

Але важна, што вось у гэтай вайне і ў гэтай палітычнай канкурэнцыі і канфліктах Беларусь з рэгіёну набывае адценне палітычнай адзінкі Вялікага Княства Літоўскага.

І потым ужо мы бачым, што шляхта з гэтых ваяводстваў ідэнтыфікуе сябе з Беларуссю. Можна згадаць і Яна Баршчэўскага, і Аляксандра Рыпінскага. Яны пішуць пра Беларусь як пра рэгіён Вялікага Княства Літоўскага».

Такім чынам, можна сказаць, што назва «Беларусь» напоўнілася палітычным сэнсам менавіта ў XVII стагоддзі, і гэта была выключна ўнутрыбеларуская справа, і гэтаму не дапамагалі нейкія знешнія акторы.

Nicolas de Fer. L' Atlas Curieux
Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае на французскай карце Nicolas de Fer. L' Atlas Curieux. 1700. Жмудзь (Samogitie), Літва сапраўдная (Vraye Lithuanie) і Русь Белая ці Літоўская (Russie Blanche ou Lituanique). Wikimedia Commons

Як выглядала справа з назвай «Беларусь» у XIX стагоддзі

Вучоны адзначае, што ў XIX стагоддзі кожны ведаў, дзе праходзілі межы Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай. Але ніхто дакладна не ведаў, дзе праходзяць межы Беларусі. Гэта Катлярчук тлумачыць тым, што

«ВКЛ было шматэтнічнай дзяржавай і мы маем вялікую кантактную зону, так званую «гістарычную Літву», дзе жывуць і балты і славяне, і нават білінгвы. І пра гэта вядома навуцы. Гэта былі людзі, які размаўлялі і на літоўскіх, і на беларускіх дыялектах».

Гісторык заўважае, што пра тое, дзе межы Беларусі, спачатку пачалі пісаць пісьменнікі XIX стагоддзя Адам Міцкевіч, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Францішак Багушэвіч, а таксама даследчык Аляксандр Ельскі.

«Цікава, што такой упэўненасці няма. Дунін-Марцінкевіч у перакладзе «Пана Тадэвуша» піша пра Нёман, Дзвіну, але ён не згадвае ваколіц Палесся, не згадвае ні Пінска, ні Брэста. Францішак Багушэвіч піша, «знаходзілася Беларусь ад Вільні да Мазыра, ад Віцебска за малым не да Чарнігава, дзе Гродна, Мінск, Магілёў, Вільня». Брэст і Пінск не згадваюцца. Аляксандр Ельскі карыстаецца рэчкамі і піша «беларусы таксама жывуць уздоўж Прыпяці, Нарава».

Катлярчук адзначае, што пытанне межаў Беларусі было навуковым пытаннем і патрабавала значных сродкаў. І ў гэтай справе дапамагло Рускае геаграфічнае таварыства. «Імператар хацеў ведаць, якія народы жывуць у яго імперыі, дзе іх межы. Таму пад гэта выдаткоўваліся вялікія грошы».

Ён згадвае дзейнасць Яўхіма Карскага і яго «Этнаграфічную карту беларускага племені»:

«Гэта была бомба. Царскія жандары не разлічвалі, што яна адыграе такую вялікую ролю. Бо мы маем час нацыяналізму, этнаграфічных нацый. Галоўны прынцып нацыяналізму ў тым, што кожная этнаграфічная група ці народ мае права на сваю дзяржаву і тут гэта карта адыгрывае ролю — вось Беларусь.

Яна мае досыць ясныя межы. Іншая рэч, што Яўхім Карскі не далучаў пінскае і брэсцкае Палессе да гэтай карты. А ўжо карта БНР далучае. Больш за тое, яна бярэ трохі тых рэгіёнаў, якія не належаць да беларускіх гаворак (Бранск, Дзвінск)».

Ці паўплывала абвяшчэнне БНР на больш інтэнсіўнае пашырэнне ў свеце назвы «Беларусь»

Навуковец звяртае ўвагу, што назва «Беларусь» робіцца дамінуючай яшчэ ў пачатку XX стагоддзя, да ўзнікнення БНР. Гэтае слова ўпершыню выкарыстала ў сваёй назве палітычная партыя — «Беларуская сацыялістычная грамада», якая была заснаваная ў 1903 годзе ў Вільні. Газета «Наша ніва» мела падназву «першая беларуская газета з рысункамі». Гісторык згадвае таксама «Дудку беларускую» Мацея Бурачка (Францішка Багушэвіча).

«Такім чынам мы маем «Беларусь» як назву, якая ўкаранілася ў беларускім кантэксце, як культурным, так і палітычным (бо маем палітычныя партыі). Таму мы не бачым ніякіх дыскусій у 1918 годзе адносна назвы краіны ў Мінску. У Вільні спрачаюцца краёўцы, недзе там спрачаюцца польскія актывісты. Нават быў тэрмін «Белаляхія». Але для ўраду ў Мінску ясна — краіна Беларуская Народная Рэспубліка».

Адносна БНР Катлярчук адзначае, што ў яе найбольш паспяховай была знешнепалітычная дзейнасць:

«Дыпламаты разʼехаліся па ўсёй Еўропе. Дэлегацыі ўдзельнічалі ва ўсіх буйнейшых канферэнцыях па будучыні Еўропы. Парыжская канферэнцыя 1919 года. Прыязджае беларуская дэлегацыя, украінская, літоўская, польская. Кожная нясе вялізныя мапы. Яны раскладваюць іх на стале, тлумачаць, дзе якая краіна, дзе межы.

Адзін англійскі дыпламат напісаў, што ён не мог зразумець, бо ён пабачыў, што межы не супадаюць, і кожная краіна прапануе свой варыянт. Больш таго, некаторыя ўніверсітэцкія прафесары, што былі ў складзе дэлегацый, чамусьці апранулі кашулі (гэта дэманстрацыя народу, этнаграфічнай нацыі)».

Вучоны заўважае, што ён пачаў збіраць матэрыял пра сувязі БНР са Швецыяй.

«У Швецыі быў пасол БНР Ісак Лурʼе. Ён быў з Пінска і меў яўрэйскае паходжанне. Ён быў, як сёння кажуць, гіперактыўны — друкаваў брашуры, улёткі, звяртаўся да ўрадаў скандынаўскіх краін. Веды пра краіну Беларусь такім чынам распаўсюджваліся».

Катлярчук прывёў прыклады з прэсы Швецыі таго часу, дзе друкаваліся паведамленні аб падзеях у Мінску. «Напрыклад, «у Менску адбываецца Першы беларускі кангрэс (зразумела, што гэта Першы ўсебеларускі зʼезд 1917 года). Абраны прэзідыум. Ім кіруе беларускі палітык Серада. Беларусы паставілі патрабаванне нацыянальнай аўтаноміі. І беларусы абвясцілі Менск сталіцай Беларусі».

Артыкулы са шведскай прэсы Статьи из шведской прессы. Articles from the Swedish press.
Артыкулы са шведскай прэсы 1917-1918 гадоў. Скрын відэа svaboda-historyja / YouTube

Катлярчук адзначае, што такога кшталту артыкулаў за 1917-1920 гады можна знайсці сотні ў еўрапейскай прэсе. «Гэта значыць, што быў запушчаны працэс распаўсюджання звестак аб Беларусі», — сцвярджае даследчык.

«Трэба прыгадаць таксама БССР. Нельга казаць, што яна нічога не рабіла. З 1945 года БССР гэта дэ-юрэ незалежная дзяржава. Бо яна член ААН. І вось што мы маем.

Беларускія дыпламаты ў Нью-Ёрку ў 1983 годзе надрукавалі буклет пра Беларусь на англійскай мове. Які пад час Асамблеі ААН раздаваўся дэлегацыям амаль што 200 краін. Там мы маем карту Беларусі. Там адзначана, што Беларусь — суверэнная краіна. Сталіца — Мінск. Нацыянальная валюта — рубель. Больш таго, напісана:

«Беларусь і Украіна адзіныя з 15 савецкіх рэспублік, якія маюць суверэнны незалежны статус, права выхаду з СССР, права дыпламатычных зносін і права заключэння міжнародных дамоваў. Беларусь мае роўны статус з СССР».

Брашура "Беларуская ССР" Brochure "Belarusian SSR" Брошюра "Белорусская ССР"
Старонка брашуры «Беларуская ССР», выдадзенай у 1983 годзе для прэзентацыі краіны ў ААН. Скрын відэа svaboda-historyja / YouTube

І гэта атрымалі дэлегацыі ўсіх краінаў свету. Больш таго, пра беларусаў напісана. І гэта, з савецкага пункту гледжання, наогул крамола:

«Беларусы — нашчадкі славян, якія, будучы ізаляванымі ад Расіі, культурна арыентаваліся на Захад».

Такім чынам і БНР і БССР зрабілі свой унёсак у распаўсюджанне назвы «Беларусь». А ў 1991 годзе мы маем «Закон аб назве Рэспублікі Беларусь».

Чытайце яшчэ:

Шляхта ВКЛ паміж русінствам і польскасцю

Хто схаваў гісторыю Полацкай дзяржавы

«Каб Торвальд быў з Разані, гэтая постаць даўно была б даследаваная». Андрэй Катлярчук пра ісландскія сляды ў Беларусі

Каментары24

  • белаsky
    12.11.2023
    "Нават быў тэрмін «Белаляхія»"
    цікава.) вось гэтага не ведала...
    назва канечне смешная) грамадзянін тады б быў белалях. а як называлася  б грамадзянка? 🤔
  • відьмаявідьма
    12.11.2023
    і вось чарговы раз упэўніваюся, які геніяльны тэкст і выкананне, і мульт у Будзьма беларусамі!:

    Ну вось. У рэвалюцыйных жахах
    З’яўляецца новая дзяржава.
    Завецца прыгожа яна: БНР.
    Яе ўтварэнне святкуем і цяпер.
    Але раптам аднекуль — з дзіркі ад бубліка —
    З’яўляецца іншая на табе рэспубліка.
    ...
    На гэтым шматкроп’е. У рукі вам сцяг
    Хай кожны напіша ўласны працяг…

    Будзьма
    Ведаць свой род!
    Шалёны народ, беларускі народ…
    Будзьма
    Ведаць свой род!
    Шалёны народ, шалёны народ…
  • Weeks
    12.11.2023
    Пскоў, Ноўгарад так сама нашы землі як і Смаленск з Бранскам. Таму за гэтыя землі змагаліся ВКЛ з Масковіяй ўвесь той час. І хто ведае як пайшла б гісторыя ў выпадку калі б Пскоў, Ноўгарад з Цвер'ю паспелі б прыйсці да Садружнасці з ВКЛ яшчэ пры князе Альгерду.

60-гадовы мужчына, які ў 2020-м назіраў за выбарамі з табурэткі праз бінокль, пасля адваяваў два гады ва Украіне5

60-гадовы мужчына, які ў 2020-м назіраў за выбарамі з табурэткі праз бінокль, пасля адваяваў два гады ва Украіне

Усе навіны →
Усе навіны

На свеце з'явілася яшчэ адна краіна доўгажыхароў. Што гэта за краіна?

Цырульніца з-пад Брэста стварыла цудоўны вобраз кліентцы. Яе абвінавацілі ў спрыянні ЛГБТ8

У Германіі спынілі беларускую машыну, якая ўразіла мясцовую паліцыю9

Кіраўніка партыі «Зялёныя» асудзілі на 6 гадоў калоніі3

«Ніхто з кіраўніцтва з ім не спрачаецца». Якія былыя сілавікі абселі кіраўнічыя пасады буйных беларускіх прадпрыемстваў7

У Міжземным моры затанула расійскае судна, якое ішло ў Сірыю1

55 гадзін на машыне і да 100 еўра за падсадку ў аўтобус. Пекла на ўездзе ў Беларусь з Польшчы9

«Пераарыентаваць бізнэс на працу з айчынным сэканд-хэндам». Улады шукаюць рады на заходнія санкцыі1

Расія нанесла ўдар балістычнай ракетай па Крывым Рогу1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

60-гадовы мужчына, які ў 2020-м назіраў за выбарамі з табурэткі праз бінокль, пасля адваяваў два гады ва Украіне5

60-гадовы мужчына, які ў 2020-м назіраў за выбарамі з табурэткі праз бінокль, пасля адваяваў два гады ва Украіне

Галоўнае
Усе навіны →