Хлопчык з Лунінца стварае з кардону вялікія фуры — яго відэа набіраюць сотні тысяч праглядаў
Хлопчык Глеб з Лунінца назваў сябе кардонным дальнабойнікам: у сваім акаўнце ў тыктоку школьнік распавядае, як з кардону спрабуе зрабіць вялікія мадэлі папулярных фур. Многія з іх займаюць значную частку яго пакоя. Ролікі юнага канструктара набіраюць сотні тысяч праглядаў.
Напрыклад, два дні таму Глеб паказаў, як працуе над стварэннем кабіны Mercedes-Benz Actros.
— Я зрабіў руль і абшыў яго, зрабіў кружалёк, — дзелавіта распавядае дзіцячы галасок за кадрам. — Ручнік абшыў скурай, вось кнопачкі, магнітола…
Дарэчы на экране самаробнай магнітолы можна пабачыць, якая музыка быццам бы грае, — гэта песня «Крошка моя» расійскага гурта «Руки вверх».
Юны канструктар не забыў нават пра падшклянак. Бачна, што многія кнопачкі можна націскаць, педалі, паваротнікі таксама рухаюцца. Ёсць і каробка перадач, але яе, здаецца, хлопчык часткова запазычыў з сапраўднага аўто.
— Зрабіў так, каб руль падымаўся і апускаўся, — не без гонару адзначае Глеб.
Ролік школьніка набраў ужо 527 тысяч праглядаў і 20 тысяч лайкаў.
У наступным відэа хлопчык расказвае, як працуе над бардачком — як выразаў дэталі і як плануе ўсё прымацаваць да асноўнай канструкцыі.
Большасць каментатараў захапляецца тым, як Глеб бавіць вольны час: усё ж такі дзіця не ў тэлефоне сядзіць, а развівае фантазію ды працуе рукамі. І матывацыя яго можа ўразіць шмат каго з дарослых: вунь як хлопец старанна працуе над тым, каб мець сваю фуру — няхай і з кардону.
Хтосьці жартуе: «Мужыкі ўжо другі дзень чакаюць на загрузку, а ты ўсё агляды здымаеш. Ужо сварацца, калі пад’едзеш?»
Найбольш папулярнае відэа Глеба набрала 1 мільён 200 тысяч праглядаў і больш за 51 тысячу лайкаў. У ім хлопчык дэманструе, як абнавіў кабіну фуры DAF. Памер яе ўражвае. Замест лабавога шкла школьнік выкарыстоўваў харчовую плёнку.
Глеб прадэманстраваў, як адчыняецца капот у яго фуры.
— Зрабіў вось бачок для ATF з бутэлькі, бачок для алівы і аліўны шчуп. А вось яшчэ новае люстэрка.
Калі на вуліцы было цяплей, хлопчык рабіў кардонныя фуры каля хаты. Там у яго ў кабіне вісела шмат маленькіх сцягоў розных краін — як часта бывае ў дальнабойнікаў. Не забыўся нават падвесіць ялінку-араматызатар, якую выразаў з каляровай паперы.
«Кардонны дальнабойнік» распавядае, што на стварэнне кабіны яму патрабуецца прыкладна паўтара дня.
Калі меркаваць з сацсетак, маці Глеба працуе настаўніцай нямецкай мовы. Здаецца, яна не супраць маштабных праектаў сына. Хлопчык піша, што жыве не ў кватэры, а ў доме, таму месца хапае. Адкуль сям’я бярэ столькі кардону для дзіцячай творчасці — загадка. На гэтае пытанне падпісчыкаў школьнік не адказвае.
Глеб робіць і драбнейшыя рэчы з кардону — напрыклад, невялікі макет трактара. Але відавочна, што фуры — гэта асноўнае, што яго цікавіць. Час ад часу хлопец запісвае відэа, як быццам бы едзе ў Берлін і вязе туды дурніцы. Піншчына — адзін з цэнтраў вырошчвання гэтых ды іншых ягад, і хлопец жыве тым жа клопатам, што і працавітыя людзі вакол яго.
Каментары