Свая сауна, ложак з балдахінам, шыкоўная жырандоля ў ванным пакоі. Паглядзелі, за колькі здаюцца самыя дарагія кватэры ў сталіцы і як яны выглядаюць.
З відам на Сляпянку
Самая дарагая кватэра з тых, што здаюць у доўгатэрміновую арэнду ў Мінску, — трохпакаёўка па адрасе вул. Філімонава, 20. За месяц пражывання ў апартаментах агульнай плошчай 135 м² давядзецца плаціць 3 140 даляраў штомесяц. З вокнаў адкрываецца від на Сляпянку.
Дом 2015 года пабудовы. Кватэра цалкам мэбляваная, ёсць тэхніка. Апроч звыклых пральнай і пасудамыйнай машын, тут есць машына для сушкі адзення. На сценах у кожным памяшканні вісяць карціны.
У кватэры два санвузлы з жырандолямі. У адным з іх апроч душавой кабіны ёсць ванна. Не абышлося без карціны на сцяне.
Ля Траецкага
Роўна ў тры тысячы даляраў у месяц ацэнена чатырохпакаёвая кватэра ў «Доме Чыжа». Агульная плошча — 124,5 м².
У кватэры велізарная кухня-гасцёўня на 44 «квадраты» з выхадам на балкон. А вось спальныя і дзіцячы пакоі не такія вялікія — па 12 метраў.
За 3 тысячы даляраў у месяц арандатар атрымлівае не толькі кватэру, але і месца для аўто ў падземным паркінгу.
У кватэры два санвузлы, у кожным ёсць ванная. Уваход у адзін з іх ідзе са спальні.
Мяркуючы па апісанні, дзе пазначана, што кватэра будзе вольнай з верасня 2022 года, знайсці ахвотных здымаць у Мінску кватэру за тры тысячы даляраў у месяц не проста. Апошні раз аб'яву абнаўлялі 6 снежня.
Два ўзроўні ў самым цэнтры
Яшчэ адна кватэра, за месяц пражывання ў якой давядзецца плаціць па тры тысячы даляраў, знаходзіцца ў самым цэнтры сталіцы па адрасе Камсамольская, 27.
Кватэра двухузроўневая, агульная плошча — 180 «квадратаў». На першым паверсе знаходзяцца гасцёўня з камінам, сталовая з вялікім абедзенным сталом, кабінет, кухня, гардэробная і ванны пакой.
На другім паверсе — бібліятэка-кабінет, спальня з ванным пакоем і саунай. Ёсць парковачнае месца ў гаражы і ў двары дома.
8 пакояў
Наступнымі па дарагавізне ідуць кватэры, якія можна арандаваць за 2,5 тысячы даляраў у месяц. Такіх кватэр у Мінску здаецца каля 10.
Самая вялікая з іх — велізарная васьміпакаёвая кватэра па адрасе Грыбаедава, 4. Толькі жылая плошча складае 205 м², агульная — 350.
Гаспадары называюць сваё жытло і рамонт у ім эксклюзіўнымі.
«Пры аздабленні выкарыстоўваліся імпартныя і высакаякасныя матэрыялы», — гаворыцца ў апісанні.
Дызайн у кватэры сапраўды на аматара. У велізарнай спальні стаіць ложак з балдахінам.
Дзіцячы пакой разлічаны на дзвюх дзяўчынак.
Кватэра налічвае чатыры санвузлы, таксама маюцца ўласныя сауна і джакузі. Есць асобны пакой з адзіным мультыфункцыянальным трэнажорам і масажным ложкам.
Разам з кватэрай арандатар атрымае два машынамесцы ў падземным паркінгу і адно парковачнае месца адразу каля пад'езда.
Выдатны від на горад
А вось самая маленькая кватэра за $2500 у месяц мае агульную плошчу 105 м². Гэтая трохпакаёўка знаходзіцца на 24-м паверсе «Паруса».
«З вокнаў адкрываецца выдатны від на горад. Уезд на тэрыторыю дома праз шлагбаум, кругласутачнае відэаназіранне, ахова 24/7. На прыдамавой тэрыторыі абсталявана сучасная дзіцячая пляцоўка. Рамонт у кватэры выкананы па дызайн-праекце», — гаворыцца ў апісанні.
Апроч вышэйзгаданых кватэр, у Мінску ёсць яшчэ каля 10 прапаноў, арэнда якіх каштуе каля 2000 даляраў у месяц.
Чытайце таксама:
У Варшаве здаюць кватэру плошчай усяго 9 м². Вось як гэта выглядае
Ад 1000 даляраў за «квадрат». Колькі каштуюць кватэры ў новых ЖК Мінска
Каментары