Грамадства33

Сёння апошні дзень працы камісіі па вяртанні. Чым сканчаліся гісторыі тых, хто звяртаўся туды

Як выглядае прыезд у Беларусь пад гарантыі сілавікоў і прапагандыстаў.

Камісію па вяртанні стварылі ў лютым 2023 года. Узначаліў яе генпракурор Андрэй Швед. Сярод тых, хто вырашае лёсы эмігрантаў, — тэлепрапагандыст Рыгор Азаронак, колішні кіраўнік федэрацыі хакея, а цяпер «сенатар» Дзмітрый Баскаў, перабежчык з апазіцыі, заснавальнік «Круглага стала дэмакратычных сіл» Юрый Васкрасенскі, прапагандыст Вадзім Гігін.

Паводле апошніх апублічаных звестак ад Генпракуратуры, у камісію па вяртанні з лютага па верасень паступіла больш за 100 зваротаў. Заяўкі прымалі да 31 снежня 2023 года.

Відавочна, што лукашысты разлічвалі на куды вышэйшыя лічбы. 

Каму далі спакойна прыехаць

На БТ паказвалі мінчука Філіпа Давыдава. Ён удзельнічаў у пратэстах, ударыў па міліцэйскай машыне, з'ехаў, а пасля вырашыў вярнуцца. Як ён расказваў у сюжэце, на мяжы паказаў копію рашэння камісіі па вяртанні.

Філіп Давыдаў. Скрын відэа БТ

«Я калі звярнуўся ў камісію, думаў, што не пасадзяць, але дадуць нейкі або ўмоўны тэрмін, або хатнюю хімію. Я не разлічваў так, што я прыеду, мяне ніхто не будзе чапаць, што я буду спакойна гуляць па вуліцах», — казаў ён.

Доктар-артапед Аляксандр Піпкін у 2022-м з'ехаў у Германію, але менш чым праз год вярнуўся ў Беларусь.

Артапед Аляксандр Піпкін. Скрын відэа БТ

У сюжэце БТ Аляксандр Марксавіч, доктар з больш як 20-гадовым стажам, расказваў, што ў Германіі, каб дасягнуць такога ж узроўню, які быў у яго ў Беларусі, трэба прайсці доўгі шлях. Атрымаўшы дазвол на працу, першы час можна працаваць толькі асістэнтам доктара.

У сюжэце згадвалася, што ён быў у Каардынацыйнай радзе (найхутчэй, размова пра пашыраны склад рады). Але пасля гэта стала нецікава, у ніякай дзейнасці КР доктар не ўдзельнічаў.

Паводле яго слоў, ён хацеў выйсці з арганізацыі, калі крымінальная справа была заведзеная, але механізму выхаду не было.

«Мне хочацца займацца сваёй любімай справай», — казаў Піпкін пра свае планы ў Мінску.

Праз камісію па вяртанні прыехала з Польшчы маці памілаванага Рамана Пратасевіча. У сакавіку 2023 года яна падала зварот у камісію і ўжо ў маі вярнулася.

«Я атрымала адказ, што ў дачыненні да мяне няма ні крымінальных, ні адміністрацыйных парушэнняў», — казала Наталля Пратасевіч.

На каго завялі справу

Вядомы шэраг выпадкаў, калі тыя, хто вяртаўся на радзіму праз камісію, усё адно траплялі пад суд і атрымлівалі рэальныя тэрміны.

Адзін з прыкладаў — 30-гадовы Ігар Неміровіч. У яго выпадку факт вяртання праз камісію не прызналі «безумоўнай падставай для высновы пра яго раскаянне». 

Згодна з версіяй абвінавачвання, 10 жніўня 2020 года Ігар Неміровіч размясціў у інстаграме фота з тэкстам, які «ў непрыстойнай форме прыніжае гонар і годнасць Аляксандра Лукашэнкі».

Ілюстрацыйны здымак. Фота: скрыншот з відэа

Суддзя Марыя Аліфярук прызначыла берасцейцу адзін год калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Сяргей Пятрулевіч з Ваўкавыска вярнуўся дадому праз камісію, пасля чаго ў інтэрв'ю на АНТ распавядаў, як складана жыць у Польшчы і як ты там нікому не патрэбны. 

Фота: скрыншот з відэа АНТ

Крымінальную справу на жыхара Ваўкавыска паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу не спынілі.

Мужчыну вінавацілі ў паклёпе на прадстаўніка ўчастковай выбарчай камісіі (арт. 188 КК) і абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). Суд ён чакаў пад падпіскай аб нявыездзе. На момант запісу інтэрв'ю ў верасні 2023 года справа знаходзілася на «дадатковым разглядзе ў Следчым камітэце».

Далейшы лёс мужчыны невядомы. 

«Гэта такі тып людзей, што не будуць раіцца з праваабаронцамі»

Дакладная колькасць людзей, якія звярнуліся ў камісію па вяртанні і пасля гэтага адправілася за краты, невядомая.

Праваабаронцы адзначаюць, што людзі, якія вяртаюцца праз камісію, да іх не звяртаюцца. 

«Гэта такі тып людзей, што не будуць раіцца з праваабаронцамі, бо маюць надзею на пазітыўны вынік. Таму, на жаль, мы даведваемся пастфактум пра такія выпадкі», — кажа стваральніца Dissidentby Марына Касінерава.

Як затрымліваюць па вяртанні

Калі гаварыць не толькі пра вяртанне праз камісію, то здараліся і іншыя затрыманні. З апошніх прыкладаў — выпадак з берасцейцам, які больш за год пражыў за мяжой, але вырашыў сустрэць Новы год дома і быў затрыманы.

Яшчэ адна нядаўняя гісторыя — з Аляксандрам Куліковым. Мужчына з'ехаў за мяжу праз палітычны пераслед, але пазней вярнуўся ў Беларусь, бо сілавікі паабяцалі, што яму будзе абраная мера пакарання, не звязаная з пазбаўленнем волі.

Мужчыну затрымалі проста на мяжы. 

Як паведамлялі праваабаронцы, яму прысудзілі тры гады калоніі за каментары ў экстрэмісцкіх чатах. З сюжэта дзяржТБ стала вядома, што Кулікоў, апроч гэтага, пад следствам па падазрэнні ў найміцтве і ўдзеле ў дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі.

Адных прымаюць на мяжы, іншых — па месцы жыхарства (той факт, што не затрымліваюць адразу на пагранічным кантролі, тлумачыцца адсутнасцю такой неабходнасці і банальнай нязручнасцю).

Важна, што чалавек можа нават не здагадвацца, што на радзіме ім цікавяцца сілавыя органы. 

Кіраўнік «Байпола» Аляксандр Азараў раней тлумачыў «Нашай Ніве»:

«Калі аператыўнікі з ліку супрацоўнікаў МУС ці КДБ вызначаюць асобу, якую трэба затрымаць, то яны пачынаюць праглядаць звесткі, дзе знаходзіцца гэты чалавек. Сілавікі правяраюць чалавека па базе, дзе захоўваюцца звесткі пра перасячэнне мяжы, глядзяць лакацыю ягонага тэлефона. Калі яны разумеюць, што патрэбны ім чалавек ужо з’ехаў за мяжу, то не заводзяць на яго крымінальнай справы, а перш за ўсё паведамляюць у памежны камітэт, што такога грамадзяніна трэба паставіць на кантроль перасячэння мяжы». 

Ілюстрацыйны здымак. Фота: скрыншот з відэа

Тое, што сілавікі часцей за ўсё не заводзяць спраў на тых, хто ўжо знаходзіцца за мяжой, Азараў тлумачыў тым, што аператыўнікам проста не патрэбныя гэтыя «вісякі».

«У кожнага аператыўніка ёсць спіс такіх асоб, на якіх яны ўжо сабралі патрэбную інфармацыю і паставілі іх на кантроль перасячэння мяжы.

Калі нехта са спіса прыязджае ў Беларусь, то, ужо маючы падрыхтаваны матэрыял, сілавікі звяртаюцца па санкцыю пракурора на вобшук, затрымліваюць чалавека і перадаюць матэрыялы ў Следчы камітэт для завядзення крымінальнай справы. Такім чынам у іх атрымліваюцца добрыя паказчыкі па выкрывальнасці «злачынстваў».

Чытайце таксама: 

«А калі табе ў**аць па галаве?» Дзяўчына прыехала ў Беларусь замяніць пашпарт — і апынулася за кратамі. Вось яе гісторыя

Па вяртанні з-за мяжы затрымалі берасцейца, які прыехаў у Беларусь на святы

Каментары3

  • даведка
    31.12.2023
    По итогам работы шведской комиссии установлено, что не сошлись дебет (количество членов комиссии) с кредитом (количеством покаявшихся и прощённых), а коэффициент полезного действия достиг отрицательного значения.
  • Сонейка
    31.12.2023
    Роўна апоўначы сябры камісіі ператворацца ў пацукоў))
  • харнет
    01.01.2024
    З пацукоў у пацукоў пераўтварацца

«Таня, мы з табой!» Улады запусцілі флэшмоб у падтрымку жанчыны ў чырвона-зялёным ВІДЭА27

«Таня, мы з табой!» Улады запусцілі флэшмоб у падтрымку жанчыны ў чырвона-зялёным ВІДЭА

Усе навіны →
Усе навіны

Спектакль ад Лукашэнкі: Баскаў у бомберы «СССР», Сямёныч і «ўнучка Леніна» ВІДЭА16

Памілавалі яшчэ 31 палітвязня5

WSJ падзялілася дэталямі плана Трампа наконт вайны ва Украіне32

Пустыя рамы ў залах. У Мастацкім музеі навочна паказалі драматычныя страты беларускага мастацтва ў час вайны4

На таргі выставілі дзве запраўкі, якія належалі Юрыю Чыжу

Прапагандысткі перад Лукашэнкам білі дровы патэльнямі ВІДЭА9

«Львоў нашмат больш бяспечны за Тэль-Авіў». Украіна хоча аднавіць палёты са сваіх аэрапортаў ужо ў студзені1

«Мінск нагадвае савецкі гарнізонны гарадок». Як прапануюць замяніць царскія і камуністычныя назвы ў сталіцы?16

Польшча цягам найбліжэйшых трох дзён установіць на мяжы з Беларуссю ўмацаванні1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Таня, мы з табой!» Улады запусцілі флэшмоб у падтрымку жанчыны ў чырвона-зялёным ВІДЭА27

«Таня, мы з табой!» Улады запусцілі флэшмоб у падтрымку жанчыны ў чырвона-зялёным ВІДЭА

Галоўнае
Усе навіны →