Ад выспы да піраміды. Якія малавядомыя месцы варта наведаць у Беларусі?
Пабачылі ўсе вядомыя славутасці Беларусі і ўжо не ведаеце, што паглядзець? А ці чулі вы, што ў Беларусі ёсць адзін з найлепшых узораў неаготыкі і адзін з самых высокіх касцёлаў у краіне? А пра выспу, вузкакалейку і нетыповую для хрысціянства трохкутную царкву з трыма сценамі, трыма дзвярыма і трыма скляпеннямі? Выданне Palatno зрабіла падборку незвычайных месцаў у Беларусі, пра якія вы маглі і не ведаць.
Выспа Ду
Самая буйная выспа Беларусі плошчай пяць квадратных кіламетраў. Размяшчаецца яна на Асвейскім возеры ў Верхнядзвінскім раёне. У возеры водзіцца шмат ракаў і рыбы, а на самой выспе жывуць ласі, алені, янотападобныя сабакі і мноства птушак.
Чаму менавіта «Ду»? Паводле легенды, старажытную назву пакінулі фіна-вугорскія плямёны і ў перакладзе на беларускую мову яна азначае «возера». Па іншай версіі — тут была балцкая вёска Ду (у перакладзе на беларускую мову — «два») з уласным прыходам і царквой Нараджэння Багародзіцы.
Рэшткі падстанцыі, старыя вясковыя могілкі, здзічэлыя дрэвы былых пладовых садоў нагадваюць, што больш за 50 гадоў таму на выспе сапраўды жылі людзі. Тут была вёска Востраў з крамай, калгасам, сельскім клубам, дызельнай электрастанцыяй і пачатковай школай. Каб атрымаць наступную адукацыю, дзеці ездзілі за межы вострава.
Пазней гэтае месца апусцела, таму што людзі пераехалі ў суседнія вёскі і гарады.
На выспе ёсць дзве гары — Гарадок і Перуноўка. Паводле легенды, у апошнюю заўсёды б’е пярун, а на мястэчку маецца вялізная яма, куды калісьці праваліўся пастушок. На дне ён сустрэў міфічных Бабу і Дзеда з сабакам, якія далі пастушку золата і дапамаглі выбрацца наверх. Калі суседзі даведаліся пра багацце юнака, паслалі на гару двух іншых хлопцаў. Скарбаў яны не адшукалі і дадому таксама не вярнуліся.
Цяпер выспа стала заказнікам, дзе перыядычна праводзяць экскурсіі.
Дзе знаходзіцца: возера Асвейскае побач з Асвеяй у Верхнядзвінскім раёне (тут можна паглядзець месца на Google Maps).
«Аб’ект 1161»
«Аб’ект 1161» — бункер, які знаходзіцца ў Свіслацкім раёне, недалёка ад вёскі Хрустава. Адзін з самых сакрэтных аб’ектаў часоў Халоднай вайны. Афіцыйная назва бункера: «Камандны пункт Аб’яднаных сіл Варшаўскай дамовы заходняга тэатра ваенных дзеянняў».
Будаўніцтва бункера пачалося ў 1986 годзе на выпадак ваенных дзеянняў і іншых непрадбачаных абставін. Планавалася, што ў такім падземным збудаванні будуць сядзець кіраўніцтва і іншыя важныя дзеячы краіны да моманту, пакуль міне небяспека. Хованку распрацоўвалі такім чынам, каб у ёй можна было паўнавартасна жыць доўгі час — прадугледжваліся якасная вентыляцыя, каналізацыя, запасы вады, ежы, а таксама месцы для захоўвання зброі і іншых стратэгічных запасаў.
Будавалі бункер у выглядзе двух вертыкальных тунэляў па дзевяць паверхаў кожны, па той жа тэхналогіі, што і тунэль пад Ла-Маншам — па меры капання ўглыб умацоўвалі бетоннымі плітамі. Камандны пункт мог вытрымаць ядзерны ўдар, акрамя прамога трапляння.
Будаўніцтва бункера завяршылі ў 1992 годзе, але пасля распаду СССР неабходнасць у ім знікла. Крыху пазней аб’ект быў цалкам раскрадзены і таму ўваходы ў шахты залілі бетонам, ангар над бункерам узарвалі, зямлю зраўнялі і засадзілі дрэвамі.
Цяпер уваход у бункер зачынены. Некаторыя людзі трапляюць у яго праз выкапаны падземны ход, але без рыштунку і спецыяльных навыкаў такое падарожжа можа быць небяспечным для здароўя і жыцця. Многія металічныя лесвіцы, па якіх трэба будзе спускацца, ужо паржавелі і пастаянна адвальваюцца, а асобныя часткі бункера падтопленыя вадой. І верагоднасці абвалу ніхто не адмяняў.
Дзе знаходзіцца: урочышча Шадзілкі, Свіслацкі раён (тут можна паглядзець месца на Google Maps).
Пячора ля возера Гінькава
Адзіная пячора ў Беларусі, якая знаходзіцца на беразе возера Гінькава каля вёскі Сахновічы. Глыбіня пячоры — 10 метраў. Утварылася яна 25 тысяч гадоў таму пасля абляднення. Падчас сходу ледавіка адталая вада прамыла мудрагелістыя хады ў мяккай пясчанай пародзе.
У пячору вядуць тры ўваходы, але чалавек можа пракрасціся ўглыб на некалькі метраў толькі па адным з іх. Лаз даволі вузкі, але ўнутры ў сядзячым становішчы змяшчаецца да трох дарослых. Пры большай колькасці будзе ўжо цесна. У пячоры таксама ёсць адна зала, вышыня якой складае крыху больш за метр, а дыяметр — каля двух.
Дзе знаходзіцца: возера Гінькава ля вёскі Сахновічы ў Глыбоцкім раёне (тут можна паглядзець месца на Google Maps).
Трохкутная царква
Адзіная царква ў Беларусі такой планіроўкі — нетыповая для хрысціянства. Знаходзіцца ў маленькай вёсцы Вялікая Сваротва пад Брэстам.
У 1747 годзе пісар Вялікага Княства Літоўскага Мікалай Аўсяны ўзвёў з дрэва ўніяцкую царкву на каменным падмурку — будынак з трыма сценамі, трыма дзвярыма і трыма скляпеннямі. Па кутах даху — тры маленькія вежкі. Трохвугольны, упрыгожаны разьбой і пазалотай алтар першапачаткова размяшчаўся ў цэнтры, але пасля аднаўлення яго перанеслі ў адзін з кутоў. На сценах — абразы 12 апосталаў.
У 1943 годзе царкву амаль цалкам спалілі. Але з дапамогай мясцовага святара айца Георгія і мясцовых вернікаў у 2006 годзе храм пачалі аднаўляць па адной маленькай фатаграфіі даваенных часоў, якую перадаў айцу Георгію адзін з вернікаў.
Чаму менавіта трохкутная? Існуе здагадка, што царква прызначалася для малітваў прадстаўнікоў адразу трох канфесій. Уніяты, праваслаўныя і каталікі маглі выкарыстоўваць асобныя ўваходы, а алтар быў усталяваны пасярэдзіне. Гэта значыць, што такое архітэктурнае рашэнне мела канкрэтны сэнс — аб’яднаць людзей.
Дзе знаходзіцца: вёска Вялікая Сваротва, Баранавіцкі раён (тут можна паглядзець месца на Google Maps).
Вузкакалейка пад Гроднам
Незвычайная забаўка з’явілася ў заказніку «Азёры» пад Гроднам у 2022 годзе. Маршрут праходзіць па мосце праз Белае возера і вядзе на Святое балота. Гэтая чыгунка — адна з самых доўгіх вузкакалеек у Беларусі. Яе працягласць да самага далёкага пункта складае каля 30 кіламетраў.
Турыстаў возяць на дрызіне — чатырохколавым вазку з маторам, на якім змяшчаецца да пяці чалавек. Падаецца, нічога незвычайнага. Але менавіта гэтая дрызіна — адзіная арыгінальная ў Беларусі. Такія выпускалі з 1972 па 1990 гады для хуткай дастаўкі чыгуначнікаў да месца рамонту на пуцях. Яна можа разганяцца да пяцідзесяці кіламетраў у гадзіну.
Вузкакалейка пад Гроднам — частка былой торфавознай дарогі торфапрадпрыемства «Верцялішкі». Прадпрыемства закрылі ў 2021 годзе, а чыгунку вырашылі захаваць для развіцця турызму.
Дзе знаходзіцца: ландшафтны заказнік «Азёры», аграгарадок Азёры, Гродзенскі раён (тут можна паглядзець месца на Google Maps).
Вадаспад на Вяце
Самы вялікі вадаспад Беларусі. Яго вышыня складае больш за два метры, а шырыня — каля дзесяці.
У пачатку XX стагоддзя на гэтым месцы дзейнічала кардонная фабрыка, якую забяспечвала электрычнасцю гідраэлектрастанцыя. Патрабавалася падняць узровень вады і пусціць яе ў канал, каб прымусіць круціцца турбіну. Таму з каменя склалі вадаспад і ў пэўны момант закрывалі створкі, каб вадзяная плынь прыносіла карысць. Пасля таго, як фабрыку закрылі, тут працаваў млын, але ўжо ў сярэдзіне 1950-х гадоў яго разбурылі.
Дзе знаходзіцца: каля вёскі Пруднікі, Мёрскі раён (тут можна паглядзець месца на Google Maps).
Цуд неаготыкі
Казачны касцёл Святой Тройцы ў Гервятах — адзін з найлепшых узораў неаготыкі і адзін з самых высокіх касцёлаў у Беларусі.
У 1536 годзе біскуп Ян з Вільні загадаў заснаваць у Гервятах каталіцкую парафію і ўзвесці на гэтым месцы храм. Яго пабудавалі з дрэва, таму з часам ён стаў не прыдатным для выкарыстання.
У 1903 годзе замест гэтага храма на сродкі Вацлава Дамейкі, які з’яўляўся ўласнікам Гервятаў, узвялі каменны будынак па праекце архітэктара Альшалоўскага, пад кіраўніцтвам дойліда Міхневіча.
Касцёл у Гервятах. Фота: Google Maps
На тэрыторыі храма раскінутыя не менш казачны сад з ружамі, малымі архітэктурнымі формамі, вечназялёнымі іглічнымі і рэдкімі раслінамі, статуямі 12 апосталаў.
Дзе знаходзіцца: Гервяты, Астравецкі раён (тут можна паглядзець месца на Google Maps).
Піраміда роду Завішаў
Піраміда роду Завішаў — капліца-пахавальня на ўздзенскіх могілках, якую пабудавалі ў 1800 годзе. У такім арыгінальным для Беларусі стылі яе ўзвёў генерал Казімір Завіша.
Вышыня піраміды склала 10 метраў. Ва ўнутраных сценах было тры шэрагі ніш для пахаванняў. У алтарнай частцы капліцы знаходзіўся трохгранны подыум. Над ім, у нішы, стаяла евангельская скульптура. Верхнюю частку пахавальні займаў таемны пакой, які прызначаўся для малітваў.
Цяпер тут няма ні пахаванняў, ні ўнутранага аздаблення. У малельны пакой можна падняцца, але толькі па сцяне. Знешняе аздабленне захавалася толькі часткова.
Што паслужыла прычынай выбару менавіта такой формы пахавальні, застаецца загадкай і дагэтуль. Адна з версій — што пасля паходаў Напалеона ў Афрыцы ў моду ўвайшлі егіпецкія матывы.
Дзе знаходзіцца: уздзенскія гарадскія могілкі, Узда, Мінская вобласць (тут можна паглядзець месца на Google Maps).
Чытайце таксама:
«Пакуль тут абсалютна дамінуе сегмент непалітычны». Да музейных выстаў ідэалогія пакуль не дабралася
Каментары