Расійская прапаганда адкрые ў Беларусі яшчэ адзін цэнтр «рускага свету», цяпер у Гродне
Рассупрацоўніцтва атрымала бюджэтнае фінансаванне на тое, каб адкрыць культурны цэнтр у Гродне, паведаміў кіраўнік арганізацыі Яўген Прымакоў, піша Sputnik.
«Мы атрымалі дзяржаўнае, бюджэтнае фінансаванне на адкрыццё культурнага цэнтра, ужо афіцыйнага. Спадзяюся, да Дня адзінства народаў Расіі і Беларусі, 2 красавіка, мы адкрыемся ў Гродне», — сказаў Прымакоў.
Ён удакладніў, што ў цэнтры будуць працаваць супрацоўнікі аддзялення Расійскага цэнтра навукі і культуры ў Мінску.
Рассупрацоўніцтва не першы раз адкрывае ў краіне свае цэнтры ўплыву «рускага свету».
У пачатку снежня рускі «інфармацыйна-культурны цэнтр» адкрыўся ў Магілёве. У Рассупрацоўніцтве падкрэслівалі, што ў 2024-м запланаваная цэлая серыя мерапрыемстваў «асветніцкага характару, накіраваных на развіццё культурных і адукацыйных сувязяў Расіі і Беларусі».
Тады ж арганізацыя абсталявала ў Гродне мультымедыйны клас. «Новая адукацыйная прастора абяцае стаць папулярнай кропкай для культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў. У цэнтры будуць праводзіцца розныя мерапрыемствы, звязаныя з рускай мовай і літаратурай, беларуска-рускай гісторыяй і культурай», — піша выданне.
«Рускія дамы» таксама працуюць у Гомелі і Брэсце.
Каментары