Культура

Стваральнік бібліятэкі «Камунікат»: Вялікай папулярнасцю карыстаюцца кнігі з успамінамі, біяграфічныя кнігі

Звычайна беларусы даведваюцца пра нешта, калі ўлады гэта заблакуюць або забароняць. Хоць пра інтэрнэт-бібліятэку «Камунікат», мабыць, чуў кожны беларускамоўны чалавек, але і яна таксама перажыла ўсплёск папулярнасці ў сувязі з блакаваннем сайта, піша «Брэсцкая газета».

«Камунікат» існуе ўжо хутка чвэрць стагоддзя і з’яўляецца адным з найбуйнейшых у свеце збораў крыніц на беларускай мове. Размаўляем са стваральнікам бібліятэкі, беларусам з Беластока Яраславам Іванюком пра чытацкія інтарэсы беларусаў, адказ на кніжную «зачыстку» ўнутры Беларусі, справу ўсяго жыцця і цікавае нумералагічнае супадзенне з выданнем Францыска Скарыны.

— Як перажывала бібліятэка «Камунікат» апошнія бурныя тры гады? Ці былі нейкія вызначныя падзеі, змены? Што вам запомнілася?

— Тут можна гаварыць толькі пра тое, што па-рознаму выглядала колькасць наведвальнікаў. Калі павялічылася эміграцыя з Беларусі, тады колькасць наведвальнікаў павысілася. Яна панізілася ў момант, калі пачалася вайна ва Украіне. Такое мы назіралі таксама ў 2014 годзе.

Мы гэта інтэрпрэтавалі такім чынам: калі такія падзеі адбываюцца, то людзям не да літаратуры, яны больш цікавяцца падзеямі, навінамі.

Ну і знакавая падзея для нас як бібліятэкі «Камунікат» — гэта ліпень мінулага года, калі сайт быў заблакаваны ў Беларусі. Першыя дні блакіроўкі былі звязаныя з неймаверным павышэннем наведвальнасці, таму што тады пра гэта напісалі ўсе незалежныя СМІ. Можа, у 10 разоў больш наведвальнікаў за дзень, чым звычайна.

Акрамя гэтага — мы ўвесь час напаўняем інтэрнэт-бібліятэку «Камунікат» зместам. За мінулы год мы паставілі на сайт больш за дзве тысячы новых публікацый. Гэта і кнігі, і аўдыёкнігі, і перыёдыка, і г.д.

Скарацілася колькасць загалоўкаў газет, якія мы выстаўляем. На гэты момант у Беларусі амаль нічога ўжо не выходзіць. «Дзеяслоў» прыпыніў сваё выданне, «Літаратурная Беларусь» яшчэ ёсць, «Наша слова-pdf» ёсць — і баюся, што няшмат больш можна ў Беларусі выдаваць. Іншыя выданні, таксама як і вашае, прыпынілі выхад і папяровай версіі, і pdf-фармату.

Ну і нам трэба было трохі перастроіцца на іншы фармат працы, таму што мы ад 2021 года пачалі выдаваць папяровыя кнігі. Гэта трохі іншая тэма, але таксама звязаная з «Камунікатам», таму што калі б «Камунікат» не быў распазнавальнай маркай у Беларусі, напэўна, нам такія людзі, як Уладзімір Някляеў, Уладзімір Арлоў, Андрэй Хадановіч не прапанавалі б сваіх кніг на выданне. За два гады мы выдалі амаль 30 кніжак на беларускай мове.

— Гэта адказ на тое, што ўнутры краіны стала немагчыма шмат чаго выдаваць?

— Безумоўна, гэта адказ на тое, што адбываецца ў Беларусі. Першая кніга — раман Уладзіміра Някляева «Гэй Бэн Гіном» — выйшла ў канцы 2021 года. Тады Уладзімір Пракопавіч звярнуўся да нас з прапановай, ці не хацелі б мы выдаць яго раман, бо ў Беларусі ад гэтага адмовіліся ўсе, нават тады яшчэ існуючыя незалежныя выдавецтвы. Гэта проста перастрахоўка: вось мы выдадзім такога аўтара, і нас закрыюць. Не выдалі, але і так закрылі амаль усіх.

Я тады не меў сумненняў, што гэты раман трэба выдаць. Трэба было падумаць і пра распаўсюд. Мы зладзілі адразу пасля выдання кнігі 10 аўтарскіх прэзентацый, мы праехалі па ўсёй Польшчы амаль 4 000 кіламетраў, наведалі таксама Вільню, дзе адбыліся дзве прэзентацыі. І першы наклад гэтай кнігі фактычна разышоўся падчас гэтых прэзентацый. Мы выдалі другі, і яго таксама ўжо няма, а людзі ўсё яшчэ пытаюць, ці можна набыць, ці будзе дадрук. Дадрук мы ўжо не будзем рабіць, але будзем рабіць аўдыёкнігу з гэтым раманам.

— Колькі доўжылася хваля павышанага інтарэсу, калі сайт заблакавалі і пра гэта напісалі незалежныя СМІ?

— Гэта не месяц-два, нават, можа, і не тыдзень. Потым усё прыйшло да звычайнай нормы — пад тысячу наведвальнікаў кожны дзень. Бывае па-рознаму. Менш наведвальнікаў падчас вакацый, бо тады ні студэнты, ні вучні не карыстаюцца. Падчас заняткаў шмат хто з беларускіх студэнтаў, беларускіх вучняў карыстаецца тым, што сабрана на сайце «Камунікат». А там на гэты момант больш за 55 000 розных беларускіх публікацый.

Мы трымаемся прынцыпу: сабраць у адным месцы ўсё, што выдана па-беларуску або пра Беларусь на іншых мовах. Пакуль у нас гэта атрымліваецца даволі добра.

— У вас ёсць назіранні, як змяняліся чытацкія інтарэсы беларусаў за тыя ж апошнія тры-чатыры гады?

— Мне здаецца, тут нельга казаць, што нешта асабліва памянялася. Найбольшае зацікаўленне ўвесь час выклікаюць — можа, гэта дзіўна прагучыць — розныя слоўнікі, энцыклапедыі. Яны ў нас у топе. Але таксама і гістарычная літаратура, мастацкая літаратура.

Таксама карыстаюцца вялікай папулярнасцю кнігі з успамінамі, біяграфічныя кнігі, мастацкая літаратура, якая распавядае пра гістарычныя падзеі.

Калі мы пачалі публікаваць аўдыёкнігі на «Камунікаце», яны таксама пайшлі ў топ. Сярод іх варта звярнуць увагу на пяцікніжжа Святланы Алексіевіч, якое мы запісалі на беларускай мове ў мінулым годзе і апублікавалі на больш чым дзесяці платформах з аўдыёкнігамі, а таксама на сайце «Камунікату». Яны таксама, асабліва «У вайны не жаночы твар», трапілі ў лік найбольш папулярных публікацый мінулага года. А таксама «Споведзь» Ларысы Геніюш. І сама кніга, якая ў нас ёсць для спампоўкі ў розных фарматах, і аўдыёкніга карыстаюцца даволі вялікай папулярнасцю.

— Колькі гадоў у суме існуе бібліятэка?

— Бібліятэка ўзнікла ў 2000 годзе, так што 24 гады споўніцца ў гэтым годзе. Мне вельмі проста лічыць, колькі часу існуе «Камунікат», таму што ў гэтым годзе таксама нарадзіўся мой сын Хрыстафор.

Я чалавек гуманітарнай сферы, па адукацыі гісторык, а мая жонка — матэматык. Будучы цяжарнай, яна навучыла мяне рабіць простыя інтэрнэт-сайты. І першым, што я перанёс у інтэрнэт, быў бюлетэнь слухачоў Беларускай рэдакцыі Польскага радыё ў Варшаве. Там я пачынаў сваю працу як журналіст у пачатку 90-х. І аказалася, што на сайце бюлетэню слухачоў Беларускай рэдакцыі Польскага радыё, які называўся «Камунікат», найбольшая зацікаўленасць — гістарычнай рубрыкай. Я тады займаўся менавіта гэтай рубрыкай. І запрапанаваў сябрам з Беларускага гістарычнага таварыства, якое дзейнічае ў Беластоку з 1994 года: «Давайце апублікуем беларускі гістарычны зборнік». Яны пагадзіліся. «Давайце апублікуем таксама вашыя кнігі». Яны пагадзіліся. І гэта неяк так пайшло-паехала.

Пазней было літаратурнае аб’яднанне «Белавежа», якое таксама існуе на Беласточчыне. Іх кнігі мы паставілі на сайт. Пазней — Беларускага інстытута навукі і мастацтва з Нью-Ёрку. Першапачаткова выглядала так, што будзем абмяжоўвацца тым, што выходзіць за межамі Беларусі.

Але пазней аказалася, што ёсць усё большае зацікаўленне тым, што выходзіць у Беларусі. Мы пачалі наладжваць кантакты з беларускімі пісьменнікамі, гісторыкамі, выдавецтвамі ў самой Беларусі. Сем гадоў мы працавалі як валанцёры, на грамадскіх пачатках, не было ніякага фінансавання гэтага праекту. Але калі сабралася дзесьці пад 800 публікацый, я зразумеў, што я сам нават не ведаю, ёсць гэтая публікацыя ўжо на сайце ці не. Тады зразумелі, што трэба зрабіць больш сучасны механізм бібліятэкі. І з 2007 года мы карыстаемся падтрымкай розных донараў. У мінулым годзе, што таксама істотна, мы памянялі дызайн, памянялі рухавік нашай бібліятэкі, напрыканцы верасня апублікавалі новы фармат. Ён больш зручны, хутчэй працуе.

Апрача кніг, часопісаў, у нас ёсць раздзел «Навіны», дзе ў асноўным пераапублікоўваем з іншых крыніц розныя навіны, датычныя беларускага кніжнага рынку ці наогул беларускай культуры.

— Назва «Камунікат» датычна бібліятэкі мае сімвалічны сэнс?

— Безумоўна. Я нават думаў нейкі час таму, што, можа, варта было б памяняць назву, каб яна больш падыходзіла да інтэрнэт-бібліятэкі. Але ўсе, з кім я размаўляў, і ў Беларусі, і тут, на Беласточчыне, адгаворвалі: гэта немэтазгодна, таму што «Камунікат» моцна прыжыўся як бібліятэка. Назву прыдумаў адзін са слухачоў Беларускай рэдакцыі Польскага радыё, Юрась Сцяпанаў з Віцебска — чалавек, які ў свой час быў досыць вядомым актывістам, дзеячам. Мы абвесцілі ў рэдакцыі конкурс на загаловак бюлетэню, і перамагла назва «Камунікат».

Цяпер я таксама не бачу патрэбы гэта мяняць.

— Можаце назваць бібіліятэку «Камунікат» справай усяго жыцця?

— Пэўна ж, так. Калі заблакавалі інтэрнэт-бібліятэку «Камунікат» у Беларусі, адзін з журналістаў, які са мной размаўляў, запытаў на канец размовы: «Яраслаў, скажыце, а навошта вам гэта? Чаму вы гэтым займаецеся? Маглі б жыць спакойна як этнічны паляк». Ведаеце, я толькі тады зразумеў, што для мяне гэта так натуральна, што я ніколі не задумваўся, як інакш. Гэта крыху як у габрэйскім анекдоце: «Мошэ, вы шчаслівы?» — «А што рабіць?» Так і тут: «Яраслаў, вы займаецеся кнігамі?» — «А што рабіць?»

Нехта верыць, нехта не верыць у нумералогію, але вельмі рэдка кнігі выдаюцца з дзённай датай. У беларускай гісторыі я ведаю адну такую кнігу — «Псалтыр» Францыска Скарыны, выдадзены 6 жніўня 1517 года. Я таксама нарадзіўся 6 жніўня. Нібыта супадзенне, але, з іншага боку, супадзенняў не бывае — можа, таму і я займаюся ўжо амаль чвэрць стагоддзя беларускімі кнігамі.

Каментары

«Я тая яшчэ памідорка». Што Ігар Тур піша ў тэлеграм-чатах са свайго асноўнага акаўнта10

«Я тая яшчэ памідорка». Што Ігар Тур піша ў тэлеграм-чатах са свайго асноўнага акаўнта

Усе навіны →
Усе навіны

Колькі можна з'есці мандарынак, каб не было наступстваў2

Блогерка выдавала сваю здаровую дачку за смяротна хворую, каб атрымаць данаты і лайкі. А магчыма, і труціла яе

Ракетная атака на Украіну: Расія б'е «калібрамі» і балістычнымі ракетамі6

Краіны Балтыі і Скандынавіі выступілі за павелічэнне дапамогі Украіне ў адказ на агрэсію РФ1

Чарга з легкавых машын вярнулася на польскую мяжу

ЗША рэкамендуюць Украіне знізіць прызыўны ўзрост да 18 гадоў3

Ці стала прасцей запісацца на польскую візу пасля ўвядзення фотаверыфікацыі? Досвед чытачоў11

За тры гады ва Украіне стала на 300 тысяч больш людзей з інваліднасцю5

У Вільні прайшла акцыя падтрымкі Васіля Верамейчыка з удзелам каліноўцаў6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Я тая яшчэ памідорка». Што Ігар Тур піша ў тэлеграм-чатах са свайго асноўнага акаўнта10

«Я тая яшчэ памідорка». Што Ігар Тур піша ў тэлеграм-чатах са свайго асноўнага акаўнта

Галоўнае
Усе навіны →