«Усё цудоўна». 81-гадовы Байдэн здаровы і энергічны, заявіў яго лекар пасля медагляду
Доктар прэзідэнта ЗША Джо Байдэна па выніках штогадовага медыцынскага абследавання заявіў, што яго здароўе дазваляе яму выконваць абавязкі кіраўніка дзяржавы, і ніякіх новых праблем падчас медагляду выяўлена не было, піша Бі-бі-сі.
81-гадовы Байдэн, здароўе якога знаходзіцца пад пільнай увагай перад лістападаўскімі выбарамі, прайшоў абследаванне ў сераду ў вайсковым шпіталі ў штаце Мэрыленд і заявіў, што ён у поўным парадку.
«Усё цудоўна», — сказаў Байдэн, дадаўшы, што вынікі апошніх аналізаў нічым не адрозніваюцца ад леташніх.
Доктар Белага дома Кевін О'Конар паведаміў, што Байдэн «цалкам выконвае ўсе свае абавязкі без якіх-небудзь выключэнняў», ён здаровы, энергічны і «працягвае займацца спортам не менш за пяць дзён на тыдзень».
Паводле яго дадзеных, прэзідэнт працягвае лячыцца ад мігацельнай арытміі, прымаючы прэпараты для разрэджвання крыві, а таксама ад гастраэзафагеальнага рэфлюксу і гіперліпідэміі.
У справаздачы гаворыцца, што падрабязнае неўралагічнае абследаванне не выявіла ніякіх прыкмет хваробы Паркінсана. Байдэн таксама прайшоў планавае абследаванне на прадмет рака скуры.
У пачатку лютага Джо Байдэн абрынуўся з крытыкай на расследаванне, якое паказала, што ён парушаў правілы абыходжання з сакрэтнымі дакументамі, а ў ходзе допытаў не мог успомніць ключавыя падзеі свайго жыцця з-за праблем з памяццю.
«Як, чорт вазьмі, ён смее падымаць гэтае пытанне? — сказаў Байдэн, маючы на ўвазе спецпракурора Роберта Хура, які назваў Байдэна «пажылым чалавекам з добрымі намерамі і дрэннай памяццю». — Мне не патрэбныя яго рэкамендацыі».
Міністэрства юстыцыі ЗША заявіла, што не будзе прад'яўляць абвінавачванні прэзідэнту па гэтай справе.
Каментары