«Марзалюк — патрыёт. Але яго лёс паказвае памылку тых, хто разлічваў прасоўваць беларушчыну ў рамках лукашэнкаўскага рэжыму»
У новым выпуску «Ток» адзін з самых аўтарытэтных беларускіх гісторыкаў прафесар Алег Латышонак расказаў пра свае адносіны да дэпутата і гісторыка Ігара Марзалюка.
«Я калісьці яго любіў, калі ён маладым быў яшчэ, вельмі здольным гісторыкам», — прызнаецца Латышонак і дадае:
«Яго лёс паказвае, як памыляліся тыя, хто думаў, што можна беларушчыну прасоўваць у рамках лукашэнкаўскага рэжыму.
Не сумняваюся, што Марзалюк — гэта патрыёт Беларусі. Але тое, што ён фірмуе (падтрымлівае рэжым сваім аўтарытэтам. — НН) сваёй асобай, гэта ўжо прыклад маральнага падзення гісторыка і яго навуковага аўтарытэту».
Па словах Латышонка, яго з Марзалюком спалучае адмаўленне ліцвінізму ці ідэі аб тым, што «Беларусь — гэта Вялікае Княства Літоўскае».
«Марзалюк паказаў на дакументах, што ў XVI стагоддзі на нашай тэрыторыі былі русіны і літоўцы. Яны былі асобнымі нацыямі. З маіх даследаванняў вынікала тое самае. І гэта галоўнае, што нас спалучае як гісторыкаў. Я лічу яго працы таго перыяду вельмі каштоўнымі», — тлумачыць Латышонак.
@tokbelarus «Пакуль вайна будзе – Лукашэнка будзе пры ўладзе» Гісторык Алег Латышонак здзіўлены з'яўленню першаму ў сваі родзе тырану ў Беларусі #беларусь #лукашенко #александрлукашенко #диктатор #диктатура #войнавукраине #беларускаямова #мова ♬ stellar (Slowed + Reverb) - .diedlonely & énouement
Адносна таго, чаму Марзалюк зрабіў выбар на карысць пабудовы кар'еры ў лукашэнкаўскай вертыкалі, Алег Латышонак гаворыць, што не адмаўляе «прынцыпу нейкага патрыятызму».
«Як яму здавалася, Лукашэнка будзе пры ўладзе, і нешта трэба рабіць беларускае пры ім. Нават здавалася, што ёсць нейкія магчымасці. Яшчэ ў 2018-м, 2019-м годзе тая ж улада дазволіла мяккую беларусізацыю.
Але Марзалюк не зразумеў сутнасці гэтай улады, што яна так ці інакш антыбеларуская, што можа заігрываць з беларушчынай, але ў самой сваёй істоце яна антыбеларуская. Таму гэта і прывяло Марзалюка да таго месца, у якім ён знаходзіцца цяпер».
Глядзіце цалкам:
Каментары