На валгаградскім тэлебачанні назвалі месцы працы і імёны людзей, якія прыносілі кветкі ў памяць аб Навальным
Вядучы перадачы «Гутарка анлайн» на тэлеканале «Валгаград 1» Сяргей Мазанаў правёў, паводле яго слоў, «расследаванне» са сваёй камандай і вылічыў людзей, якія прыносілі кветкі пасля смерці Аляксея Навальнага да гарадскога помніка ахвярам палітычных рэпрэсій, піша The Insider.
Пасля гэтага ён зачытаў іх імёны і прозвішчы, а на экране зʼявіліся фатаграфіі людзей, месцы іх працы і спасылкі на асабістыя старонкі ў сацсетках.
Вядучы назваў помнік ахвярам рэпрэсій у Валгаградзе «месцам паломніцтва навальністаў». Паводле слоў Мазанава, яго «дзівіць» колькасць тых, хто «не проста прасякнуўся духам апазіцыйных ідэй, але адкрыта выказвае іх» у Валгаградзе.
У спісе аказаліся настаўнікі, супрацоўнікі банкаў і буйных кампаній. Вядучы пералічыў імёны больш за 15 чалавек, якія прыносілі кветкі да помніка, і сказаў, што «расследаванне яшчэ не скончана».
«Час прыйшоў: па сутнасці, Уладзімір Уладзіміравіч сказаў змагацца, вось мы сваімі метадамі будзем змагацца», дадаў вядучы.
Таксама Мазанаў выказаў сваё меркаванне аб Аляксеі Навальным, назваўшы яго «крымінальнікам»: «Чалавек, які адкрыта працуе на нашых ворагаў». «Там ніякай не было палітычнай справы. Ён абразіў ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, да гэтага ён скраў з братам лес», — сказаў яго сувядучы ў эфіры.
У дзень развітання з Навальным у гарадах Расіі затрымалі 113 чалавек. У Маскве, дзе на пахаванне прыйшлі дзясяткі тысяч, тады затрымалі толькі 17 чалавек.
Каментары