Час чакання — суткі і больш. На выездзе з Польшчы ў Беларусь утварылася вялізная чарга з аўто
Многія беларусы, якія жывуць у Польшчы, вырашылі скарыстацца з вялікіх выхадных і наведаць радзіму, піша Most.
Чарга легкавых аўтамабіляў на выездзе з Польшчы ў Беларусь да вечара 30 красавіка расцягнулася больш чым на 4 кіламетры. У «калейцы» на шляху да пункта пропуску ў Тэрэспалі стаяць 550-580 машын.
Праходжанне мяжы займае больш за 20 гадзін, а ў асобных выпадках — больш за суткі, і можа павялічвацца.
«Усім, хто сёння збіраецца ехаць праз Тэрэспаль: можаце не ехаць, чарга на сутак трое», — напісаў адзін з удзельнікаў прымежнага чата.
«Яны шчыра спрабавалі падмануць, што стаялі ў чарзе»
Праходжанне мяжы зацягваюць тыя, хто спрабуе ўклініцца без чаргі, аднак з імі змагаюцца як шараговыя турысты, якія аб'ядноўваюцца ў добраахвотніцкія групы, так і паліцыя.
«Учора днём паліцэйскія прыехалі на цэнтрум, адзін у аўто перакрыў выезд, а другі ад выезду прайшоў да шлагбаума і зняў на тэлефон усе машыны, якія стаялі ў чарзе. Потым пару разоў пад'язджалі, і ён выходзіў ды параўноўваў машыны ў чарзе з машынамі на відэа. Аднаго выцягнулі, штрафанулі і адправілі ў канец калейкі», — напісаў адзін з карыстальнікаў.
«Запусцілі пачку і потым знялі на тэлефон хвост чаргі. З'ехалі патруляваць на 20 хв. За гэты час тры аўто на 1 рэгіёне прыстроіліся ціхенька. Паліцыя праехала па коле і вярнулася да іх. Яны шчыра спрабавалі падмануць, што стаялі ў чарзе. Але малады паліцэйскі добра апрацаваў іх. Сабраў пашпарты ў кіроўцаў, аформіў нейкія паперы і раздаў назад, запатрабаваў пераехаць па коле і стаць у канец чаргі», — пацвярджае іншы.
«У начны час будзе толькі горш»
Тым не менш, дасведчаныя падарожнікі раяць не спадзявацца на паліцэйскіх, а рэгуляваць чаргу самім. Стыхійныя каманды добраахвотнікаў не дазваляюць нядобрасумленным кіроўцам праязджаць без чаргі.
«Усе, хто ў канцы чаргі, арганізоўвайцеся самастойна, не спадзявайцеся на вартавых, якія прыедуць і разруляць сітуацыю. У каго ў машыне некалькі чалавек, адпраўляйце іх дзяжурыць уздоўж чаргі і асабліва на кальцы, паварот на Окчын, выезд з Центрума. Самі па роліках бачыце, як там нахабнічаюць. Гэта ваш шанец праехаць пакуль светла, у начны час будзе толькі горш», — папярэджвае беларус.
Ноччу многія кіроўцы засынаюць і не рухаюцца своечасова. З-за гэтага ў чарзе ўтвараюцца прагалы, у якія лёгка прыстроіцца без чаргі.
«Мы стаялі ў чарзе 28.04 амаль 5 км, мужчыны малайцы, ім асобная падзяка, кантралявалі чаргу, каб ніхто не ўлез нахабна ў разрыў. А калі хтосьці ўмудрыўся ўлезці, тут жа падыходзілі і выганялі з чаргі. Арганізавана выйшлі на кальцо і да DUTY FREE, мы хоць і рухаліся па трошачкі, але практычна ўвесь час», — дзеліцца вопытам удзельнік чата.
Каментары