У інтэрв'ю The Economist прэзідэнт Францыі заявіў, што адпраўка войскаў не выключана, калі будуць выкананыя дзве ўмовы: запыт Кіева і прарыў лініі фронту расійскай арміяй, піша Rfi.fr.
«Ці пацвярджаеце вы свае словы пра магчымую адпраўку наземных войскаў ва Украіну?» — перапыталі прэзідэнта Францыі.
«Абсалютна. Як я ўжо сказаў, я нічога не выключаю, таму што перад намі той, хто нічога не выключае. Мы, несумненна, занадта вагаліся, вызначаючы межы нашых дзеянняў перад тым, у каго іх больш няма і хто з'яўляецца агрэсарам! Наша здольнасць — заслужыць давер, працягваць дапамагаць, даваць Украіне сродкі для супраціву. Але наш аўтарытэт таксама залежыць ад здольнасці стрымліваць, не даючы поўнай яснасці адносна таго, што мы будзем ці не будзем рабіць. У адваротным выпадку мы аслабім сябе, а гэта рамкі, у якіх мы дзейнічалі да гэтага часу», — зазначыў Макрон.
Па яго словах, калі Расія пераможа ва Украіне, у Еўропе не будзе бяспекі.
«Хто можа сцвярджаць, што Расія на гэтым спыніцца? Якая бяспека будзе ў іншых суседніх краін — Малдовы, Румыніі, Польшчы, Літвы і іншых? І які за гэтым аўтарытэт у еўрапейцаў, якія патрацілі б мільярды, сказалі б, што на карту пастаўлена выжыванне кантынента, і не далі б сабе сродкаў спыніць Расію? Так што так, мы не павінны нічога выключаць, таму што наша мэта складаецца ў тым, каб Расія ніколі не змагла перамагчы ва Украіне», — дадаў прэзідэнт Францыі.
Каментары