Меркаванні22

У Хатынь праз лес і пехам. Як вясковыя дзеці адзначалі 9 мая ў познесавецкі час

Пра часы, калі ў Беларусі жыло яшчэ шмат ветэранаў вайны, а вясковыя школьнікі мелі на Дзень перамогі адметную традыцыю, успамінае гісторык Аляксандр Пашкевіч. 

Помнік на брацкай магіле савецкіх вайскоўцаў у Юркавічах Лагойскага раёна. На заднім плане — просценькая каталіцкая каплічка, пастаўленая на падмурку старога храма, закрытага ў канцы 1920-х і знішчанага ў 1930-х

Агульны рытуал адзначання Дня перамогі ў Беларусі — не прыдумка лукашэнкаўскага рэжыму. Аснова яго закладзеная яшчэ ў савецкія часы, і з той пары калі мянялася, то толькі ў нейкіх дэталях, але не па сутнасці. Па ўсёй краіне ў гэты дзень ці напярэдадні яго працоўныя і вучэбныя калектывы ўскладаюць вянкі ды кветкі да помнікаў савецкім вайскоўцам ці іншых звязаных з вайной аб’ектаў, якія знаходзяцца ў іх мясцовасці, суправаджаючы ўсё гэта дзеянне пафаснымі прамовамі, найчасцей падрыхтаванымі па адной метадычцы. І так было заўсёды, прынамсі пачынаючы з таго часу, які я сам памятаю. А памятаю я з ужо далёкіх 1980-х гадоў, на якія прыпаў мой перыяд малодшага школьніцтва.

У нашых Юркавічах на Лагойшчыне месцам афіцыйнага ўшанавання на Дзень Перамогі заўсёды была брацкая магіла савецкіх вайскоўцаў, якія загінулі ў гэтых ваколіцах падчас правядзення аперацыі «Баграціён» у 1944 годзе і былі пахаваныя на гары, дзе раней, да знішчэння ў 1930-х гадах, стаяла драўляная каталіцкая капліца. Вакол капліцы, пакуль яна існавала, былі і могілкі, на якіх знаходзілі вечны спачын цэлыя пакаленні жыхароў васьмі мясцовых вёсак, якія складалі спачатку частку Кораньскай, а пасля і асобную Ганявіцкую рыма-каталіцкую парафію.

На гэтым пагорку, дзе да 1930-х гадоў стаяла драўляная каталіцкая капліца, пахаваныя савецкія вайскоўцы, якія загінулі ў 1944-м падчас аперацыі «Баграціён». У цэнтры на вяршыні пагорка — брацкая магіла, справа — каталіцкі крыж, пастаўлены ў 1990-я

На маёй памяці, праўда, іншых пазначаных крыжамі ці помнікамі магіл на гэтай гары ўжо амаль не было, цудам захаваўся толькі адзін каменны помнік сярэдзіны XIX стагоддзя. Дзейныя могілкі знаходзяцца хоць і ў непасрэднай блізкасці, але ўжо па-за межамі касцёльнай гары. Савецкая ж брацкая магіла ва ўмовах, калі ад капліцы застаўся толькі падмурак, стала на гары дамінантай, і менавіта да яе вучні нашай школы на чале з педагогамі штогод перад 9 Мая ладзілі ўрачыстыя шэсці. Да канца 1980-х яны, праўда, былі зусім кароткімі, бо школа месцілася акурат насупраць гэтай гары, толькі перайсці дарогу. Пасля, аднак, для школы збудавалі будынак далей, геаграфічна нават у іншай вёсцы, адпаведна і шэсці сталі даўжэйшымі.

Калона школьнікаў выходзіць са школьнага двара, каб ісці да брацкай магілы загінулых вайскоўцаў. Ісці зусім недалёка, пагорак з магілай практычна праз дарогу

Быў, аднак, у тыя часы адзін неадменны элемент адзначання чарговых гадавін, які цяпер немагчымы па цалкам натуральных прычынах — абавязковая наяўнасць і выступленне на гэтых мерапрыемствах жывога ветэрана вайны. Не «ражанага», як гэта часта робіцца цяпер, а самага сапраўднага. Бо ветэранаў у нашай ваколіцы тады яшчэ, як і па ўсёй Беларусі, было дастаткова шмат. Ад вайны ж тады прайшло «толькі» 40 гадоў, таму многія яе ветэраны і проста ўдзельнікі акурат тады толькі выходзілі на пенсію і былі хоць ужо і пажылымі, але часта яшчэ вельмі бадзёрымі. Праўда, на школьныя мерапрыемствы прыходзілі на маёй памяці за ўвесь час літаральна некалькі чалавек, кожны год адныя і тыя ж, таму адпаведна і прынагодныя расповеды перад натоўпам школьнікам штогод паўтараліся. Што несумненна аказвала ўплыў на іх успрыманне.

Часам на сустрэчу з юркавіцкімі школьнікамі прыязджалі і высокія госці з Мінска. На гэтым фота — адна з удзельніц забойства гаўляйтара Вільгельма Кубэ Марыя Восіпава. 1986 год 

Некалі я чытаў успаміны архітэктара Леаніда Левіна, як у той час, калі толькі планавалася стварэнне мемарыяльнага комплексу ў Хатыні, яго ўпершыню туды завезлі і пазнаёмілі з пасля знакамітым на ўвесь СССР Язэпам Камінскім, які адзіны з дарослых жыхароў гэтай вёскі здолеў уратавацца з агню. Левіна тады моцна ўразіў расказ гэтага чалавека, які яшчэ не прызвычаіўся да выступаў перад аўдыторыяй і адпаведна гаварыў тое, што сам хацеў, а не тое, што «трэба». Пасля ж, згадваў Левін, яму не раз даводзілася слухаць Камінскага пры ўсім урачыстым антуражы ўжо ў гатовым мемарыяльным комплексе, і гэта было ўжо зусім не тое. Бо калі Камінскі стаў штатным расказчыкам, ён «абчасаўся», навучыўся гаварыць «правільнай» мовай «правільныя» рэчы, у выніку чаго ягоныя расповеды страцілі жывасць і непасрэднасць.

Тое ж самае можна сказаць і пра нашых штатных выступоўцаў-ветэранаў. Адзін з іх, былы школьны настаўнік, з году ў год расказваў адну і тую ж гісторыю пра тое, як у самым пачатку вайны каля ягонай роднай вёскі Ляды — яна таксама месціцца ў нашым, скажам так, мікрарэгіёне, — упаў збіты савецкі самалёт, а пасля тое-сёе пра свае ваенныя дарогі ў строга вытрыманым у адпаведнасці з савецкай прапагандысцкай канцэпцыяй духу. Іншы ж, хоць сам і не інтэлігент, але муж адной з настаўніц, увогуле прысвячаў свае выступы перадусім пафасным славаслоўям на адрас камуністычнай партыі, дзякуючы мудраму кіраўніцтву якой толькі і ўдалося, маўляў, дабіцца вялікай перамогі.

Былы настаўнік, ветэран вайны Віктар Падуновіч. Ён быў амаль нязменным, а нярэдка і адзіным прамоўцам на школьных мерапрыемствах, прысвечаных Дню перамогі

У цэлым жа, канешне, гэта ўсё было ўжо тады, па вялікім рахунку, збольшага толькі рытуалам і адбываннем нумару. Такое арганізаванае зверху і штогод паўтаранае па адных і тых жа лекалах ушанаванне непазбежна прыводзіла да руцінізацыі памяці і рабіла яе чыста казённай. Сапраўдная ж жывая памяць бачная на могілках побач, дзе сярод іншых магіл ёсць і пахаванні мясцовых жыхароў, што загінулі падчас нацысцкіх карных акцый.

Помнікі і крыжы на магілах мясцовых жыхароў, якія загінулі падчас карных аперацый

Нехта гэтыя магілы дагэтуль даглядае, прыносіць да іх кветкі, а на дзіцячых магілках штогод можна знайсці свежыя цукеркі. Але да гэтых магіл школьнікаў не вадзілі, і пра само іх існаванне я даведаўся нашмат пазней, ужо ў дарослым веку.

Кожны год на магілу дзяцей, якія загінулі падчас карнай аперацыі ў вёсцы Масцішча, сваякі дагэтуль прыносяць цукеркі

У дзяцінстве ж, калі я вучыўся яшчэ ў пачатковых класах, у нас, акрамя арганізаванага ўскладання напярэдадні свята кветак каля брацкай магілы, была спецыфічная мясцовая традыцыя — наведваць на 9 Мая Хатынь. Склалася яна, праўда, не з-за нейкай нашай высокай ідэйнасці, а дзеля адноснай геаграфічнай блізкасці мемарыяла.

Хатынь з намі, можна сказаць, суседняя вёска. Менавіта таму ва ўсіх афіцыйных спісах загінулых у той трагічны дзень 22 сакавіка 1943-га разам з хатынцамі фігуруе і жыхар Юркавіч Антон Кункевіч, якому якраз у гэты дзень чамусьці собіла прыехаць да таго самага знакамітага каваля Язэпа Камінскага, каб направіць штосьці з сялянскага інвентара.

Але ў той жа час фізічная адлегласць ад нас да Хатыні не такая ўжо і малая — кіламетраў з 8—10. А паміж ёй і намі — суцэльны лясны масіў, які і афіцыйна, і па-народнаму цяпер завецца Хатынскім лесам, а ў старадаўніх дакументах праходзіць як Хатынская пушча ці Графшчына (бо належаў лагойскім графам Тышкевічам). Хоць цяпер і гэты лес актыўна распрацоўваюць леспрамгасы, ён усё ж застаецца даволі глухаватым, у яго нетрах людзі сустракаліся і з мядзведзямі. А больш за 30 гадоў таму, у перыяд, пра які я згадваю, ён куды больш адпавядаў азначэнню «цуд некранутай прыроды».

Не ведаю, ці былі пешыя паходы ў Хатынь «абязалаўкай», ці прымушалі каго ў іх хадзіць без уласнай на тое ахвоты. Магчыма, настаўнікі і выконвалі нейкую павіннасць. Удзел жа дзяцей быў, відаць, усё ж добраахвотным: прынамсі што да мяне, то не памятаю, каб мне самому ісці туды не хацелася, ды мусіў. Насамрэч гэта была цікавая прыгода, улічваючы тое, што ў тыя часы нейкія вандроўкі за межы сваёй ваколіцы не былі для нас надта частыя.

Наперадзе — Хатынскі лес

Паколькі ісці было, асабліва для малых дзяцей, далёка, то выходзілі мы з дому вельмі рана. Маладыя настаўніцы, якія былі не мясцовыя і адбывалі ў нашай школе размеркаванне, у канцы вёскі распытвалі бабуль пра тое, як правільна ісці і дзе павярнуць, тыя тлумачылі. Гэта сапраўды мела сэнс, бо заблукаць у гэтым лесе, пайшоўшы не той дарогай, было вельмі проста, а паколькі дарогі былі толькі лясныя, без ніякіх паказальнікаў, то можна было, памыліўшыся, прайсці шмат кіламетраў і не здагадацца, што ідзеш не туды.

Я не памятаю, праўда, каб мы калі сур’ёзна недзе збіліся, але сумневы ў нашых правадыроў часта ўзнікалі, калі доўга ідзеш-ідзеш, вакол увесь час адзін толькі лес, а нейкая дарожка не-не ды кудысьці і збочыць. Магчымасць жа неяк спраўдзіць курс і распытаць людзей паўторна з’яўлялася толькі дайшоўшы да Марозаўкі — адзінай зусім невялічкай лясной вёскі, якая сустракалася па шляху недзе на паўдарозе. Яна да таго часу ўжо амаль вымерла, у ёй заставаліся жыць толькі некалькі чалавек.

Што і не дзіўна — вёска з-за свайго размяшчэння знаходзілася на ўзбочыне цывілізацыі, туды не хадзіў ніякі транспарт, а з Юркавіч вяла толькі вузкая лясная дарога, дзе не ўсюды можна было нават двум вазам размінуцца. Гэтай дарогай, то цупкай, то пясчанай, мы і ішлі, то падымаючыся на горкі, то з іх спускаючыся. Мясцовасць у нас, як і мае быць у «беларускай Швейцарыі», «перасечаная». Дзеля таго, дарэчы, мясцовыя лясы на пагорках — сапраўдная Мекка для айчынных — ды і не толькі, — аматараў спартыўнага арыентавання: у 1988 годзе ў гэтых лясах праходзіла нават частка чэмпіянату ўсяго СССР, месцам правядзення якога афіцыйна лічыўся Мінск. Цяпер жа тут рэгулярна праходзяць чэмпіянаты і Кубкі Беларусі.

Дарога пад горку ў Хатынскім лесе

За Марозаўкай мясцовасць пачыналася яшчэ больш глухая, бо калі ў Юркавічы людзі адтуль хоць калі ездзілі, падтрымліваючы праз іх сувязь з вялікім светам, то ездзіць у Хатынь ніякай патрэбы мясцовым старым не было. Ды і начальства і іншыя службы да іх заязджалі пры патрэбе з нашага боку, бо і да калгаса, і да сельсавета яны належалі да нашага. Таму, мінуўшы Марозаўку, дарога рабілася зусім утравелай.

Але неўзабаве, набліжаючыся да Хатыні, мы пачыналі ўжо ў лесе, яшчэ не бачачы самога мемарыяла, чуць гукі хатынскіх званоў. Значыць, ужо блізка, і гэта надавала сілаў. Мне даводзілася часам чуць, што нібыта як толькі пабудавалі мемарыял, гук ад званоў быў чуваць нават і ў Марозаўцы, а пасля яго сцішылі з увагі на скаргі людзей. Але, шчыра кажучы, не надта верыцца, што гукі маглі так далёка пранікаць не па раўніне, а праз пагоркі і лясы. Усё ж такі і Марозаўка не сказаць, каб у Хатыні зусім пад бокам.

З лесу наша дзіцячая грамада вынырвала з усходняга боку мемарыялу, і першай адметнасцю на нашым шляху, не лічачы некалькіх стандартных хат-комінаў, быў, як цяпер памятаю, калодзеж, у ваду якога людзі кідалі манеты. Манет у вадзе было вельмі шмат, гэта ўражвала. І мы, памятаю, на поўным сур’ёзе абмяркоўвалі, падведзены туды ток, каб біць па патэнцыйных злодзеях, ці за зламыснікамі сочаць неяк інакш. Проста ў людское сумленне неяк не верылася.

У Хатыні, надзвычай у гэты дзень шматлюднай, мы праводзілі пару гадзін. Паспявалі абысці ўвесь мемарыял, агледзець у ім усё, што было там цікавага. І, вядома, не абыходзілася без таго, каб папіць газіроўкі з аўтаматаў і з’есці па пачку-два, а то і болей марозіва, каму як фінансавыя магчымасці дазвалялі. Марозіва для вясковых дзяцей нават у самым канцы існавання СССР было ласункам не штодзённым: у краме нашай яго ніколі не бывала, і толькі ў школьную сталоўку часам прывозілі, калі на двары быў вялікі мароз. Бацькі, бываючы па справах у Лагойску, часам прывозілі нам ужо расталы салодкі прадукт у слоіку і мы яго тады елі, чэрпаючы лыжкамі. Калі ж дарываліся да магчымасці паспытаць яго ў «натуральным» выглядзе, то ўжо не прапускалі яе, дзе б яна ні надаралася.

Дарога назад ужо была цяжэйшай — і фізічна, і маральна. І стомленасць назапашвалася, і эмацыйны імпэт згасаў. Цягнуліся ўжо так, каб абы да вечара дахаты давалачыся. Усё ж такі для вучня пачатковых класаў, якім я тады быў, пройдзеныя 15-20 кіламетраў за дзень, не лічачы хады па самой Хатыні — нагрузка немалая. Цікава, што аднойчы пасля такога паходу з недапітага малака на дне бутэлькі, якую маці дала разам з іншым «полуднем» у дарогу, збіўся за час дарогі камячок масла.

Від на Юркавічы з боку Хатынскага лесу

Так я яшчэ ў даволі раннім маленстве схадзіў пехатой праз лес у Хатынь два ці тры разы. А пасля традыцыя неяк сама сабой заняпала і згасла. Ці то настаўнікі-энтузіясты звяліся, ці то самім вучням надакучыла штогод рабіць адно і тое ж падарожжа — але будучы ў сярэдніх і старэйшых класах я ўжо Хатынь не наведваў. А на памяць ад тых ранніх падарожжаў засталіся два вялікія сувенірныя медалі: адзін з цёмнага металу з выявай славутага помніка Камінскаму з сынам на руках, а другі — са светлага з выявай хатынскага вечнага агню. Пасля яны, праўда, недзе пагубіліся, але, відаць, пры рэвізіі хатніх завалаў рознага друзу могуць некалі і знайсціся.

А вось ніводнай фотакарткі з тых паходаў у мяне не засталося. Ці то іх у прыродзе не існавала, бо фотаапараты тады былі далёка не ў кожнага, ці нехта з настаўнікаў фоткі і рабіў, але толькі для сябе. Адзіныя хатынскія фота, якія з таго часу захаваліся ў нашым сямейным архіве, зробленыя ўлетку 1986 года, калі да нас перабыць лета прывезлі дзяцей з бацькавай радзімы на Палессі, якую закранула чарнобыльская хмара.

У Хатыні ўлетку 1986 года. Аўтар — другі справа

Але той раз мы не хадзілі туды пешкі, а ездзілі на аўтобусе, які ездзіў тады з Мінска праз Лагойск. І гэта быў, дарэчы, пакуль што адзіны раз у жыцці, калі я асабіста быў у Хатыні, не дабіраючыся да яе праз глухі лес з усходняга боку.

Каментары2

  • Зенусь
    10.05.2024
    Гэты тэкст шэдэўр! Ён павінен быць у падручніках па роднай літаратуры! Аўтару вялікі дзякуй!
  • Žvir
    11.05.2024
    Ahata, Branislaū, Justyn, Eduard, Hanna, Stanislava, Jazep. Jakija pryhožyja imiony, i bačna, što liudzi trymalisia svajoj kultury i tradycyjaū.

    A jašče, vynikaje, što ūžo ū toj čas pamiatnuju datu vykarystoūvali, jak "vialikuju idziealahičeskuju viešč", razmyvali sens, padmianiali vartasc`. Idejalohii nie pavinna byc` ni ū jakoha sviata, kali heta sviata. Ja tak liču.

Стала вядома, хто жаніх былой дэпутаткі Марыі Васілевіч25

Стала вядома, хто жаніх былой дэпутаткі Марыі Васілевіч

Усе навіны →
Усе навіны

Гайдукевіч заклікаў не дапускаць да выбараў «здраднікаў» і «пятую калону»6

«Чорны» археолаг заявіў, што гэта ён знайшоў скарб вялікіх князёў у Кафедральным саборы — скандал у Вільні5

Меркаваны біёграф Ілана Маска лічыць, што мільярдэр уяўляе небяспеку для ўсяго свету8

МЗС Польшчы збіраецца ўзмацніць правілы выдачы віз

Трамп апублікаваў карту з Канадай, далучанай да ЗША23

У Энгельсе Саратаўскай вобласці пасля атакі беспілотнікаў адбыўся моцны пажар

Беларусь нарасціла вайсковую прысутнасць на ўкраінскай мяжы

Былы адказны за ахову ўсіх пасольстваў на тэрыторыі Беларусі атрымаў крымінальны тэрмін — але з нюансам4

Прэм'ер Даніі адказала наконт прапановы Трампа пра Грэнландыю2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома, хто жаніх былой дэпутаткі Марыі Васілевіч25

Стала вядома, хто жаніх былой дэпутаткі Марыі Васілевіч

Галоўнае
Усе навіны →