Паліцыя штата Хар'яна ў Індыі распачала крымінальную справу супраць кампаніі з горада Паціяла, якая дапамагае індыйцам міграваць у іншыя краіны. Нагодай стала скарга жыхара індыйскай акругі Кайтхал Маджыда Ахмада, які збіраўся трапіць у Германію, але затрымаўся ў беларускіх лясах, піша Reform.news на падставе публікацыі ў індыйскай прэсе.
Як расказала сям'я Ахмада, ён звярнуўся ў кампанію 1 жніўня 2024 года, каб перабрацца ў Германію. За паслугі фірма запрасіла 850 тысяч індыйскіх рупій (каля 10 тысяч даляраў). Маршрут быў складзены праз Расію і Беларусь.
Сям'я заплаціла 400 тысяч рупій за расійскую візу. Астатнюю частку трэба было выплаціць, калі Ахмад дабярэцца да Германіі.
12 жніўня індыец прыляцеў у Расію, а 18 жніўня перастаў выходзіць на сувязь з сям'ёй. Як расказаў бацька Маджыда, 19 жніўня ён звязаўся з кампаніяй, дзе яго запэўнілі, што яго сына хутка адправяць у Германію.
29 жніўня прадстаўнікі фірмы далі яму пагаварыць з сынам праз тэлефон. Той сказаў, што знаходзіцца ў Германіі, і папрасіў перавесці астатнюю частку аплаты.
12 верасня Ахмад патэлефанаваў бацьку з чужога нумара. Ён расказаў, што «турыстычныя агенты» трымалі яго ў закладніках у лесе ў Беларусі.
«Маджыда білі, катавалі падпаленымі цыгарэтамі і не давалі есці. Ён расказаў нам, што раней гаварыў, што знаходзіцца ў Германіі, з-за страху. Выкрадальнікі таксама забралі ў яго 700 даляраў і кінулі ў лесе. Нейкія людзі адвезлі яго ў мясцовую бальніцу», — расказаў выданню бацька Маджыда.
Сям'я змагла купіць мужчыну квіток на самалёт. Ахмад вярнуўся ў Індыю 21 верасня. Сям'я Маджыда Ахмада напісала заяву ў паліцыю аб махлярстве з боку фірмы, а таксама аб збіцці і катаваннях індыйца ў лесе.
Выданне не паведамляе, ці рабіў Ахмад спробы перайсці мяжу.
Дзяржпагранкамітэт Беларусі рэгулярна расказвае пра мігрантаў, якіх нібыта жорстка збіваюць памежнікі сумежных краін і выкідаюць на тэрыторыю Беларусі. У перыяд з 12 жніўня, калі Ахмад прыбыў у Расію, па 12 верасня, калі ён ужо знаходзіўся ў бальніцы, ГПК не паведамляў пра знойдзеных на мяжы грамадзян Індыі.
Каментары
Зрэшты, камуняны і спадара Банцара ганяць празь ягоную, ня сьвечкаваў, сапраўдную ці меркаваную, дапамогу мігрантам.