Гісторыя99

Гульня, якая зайшла занадта далёка. Як расійскія падлеткі са зброяй захапілі вёску пад Светлагорскам

У 1999 годзе жыхары Мікалаеўкі на гадзіну пагрузіліся ў жахі сапраўднай вайны. Патрыятычнае выхаванне ў духу расійскага мілітарызму скончылася тым, што вяскоўцаў «узялі ў палон». А кіраваў усім адзін бізнэсмен.

Кадр архіўнай здымкі

Ваенна-спартыўную гульню пад назвай «Зарніца» прыдумалі ў Савецкім Саюзе яшчэ ў 1964 годзе. У час яе піянеры праводзілі нешта кшталту вайсковых вучэнняў, імітуючы баявыя дзеянні. Для старэйшых падлеткаў існавала аналагічная гульня «Арлёнак».

Мэтай гульняў савецкія вайскоўцы ставілі навучыць моладзь навыкам армейскага жыцця, выхоўваць яе ў духу любові да савецкай Радзімы і гатоўнасці пакласці за яе свае жыцці — то-бок прывучалі да мілітарызму з малых гадоў.

Найчасцей «Зарніцы» праходзілі на тэрыторыі вайсковых часцей, а іх планы складаліся пры ўдзеле кадравых вайскоўцаў. З распадам СССР неабходнасць у падтрыманні агрэсіўнага мілітарызму адпала, правядзенне падобных гульняў страціла сваю актуальнасць. Паўсюль — акрамя Расіі, дзе «Зарніцу» дагэтуль праводзяць пры падтрымцы міністэрстваў адукацыі і абароны, а таксама мясцовага саюза моладзі.

У 1999 годзе вярнуць патрыятычную традыцыю на малую радзіму ў Беларусі вырашыў прадпрымальнік Анатоль Сілівончык. Сілівончык пабудаваў свой бізнэс, фірму «Сібдарсэрвіс», у далёкім Сургуце, багатым цэнтры нафтаздабычы ў Заходняй Сібіры.

Нягледзячы на тое, што ў расійскім горадзе ён жыў яшчэ з 1978 года, пра сваю радзіму, як толькі ўдалося падняць грошы на ўласным бізнэсе, стараўся не забываць. 

У 1990-я гады ён купіў роднай вёсцы — Гамзе Светлагорскага раёна — аўтобус, даваў грошы на фільм пра Вітаўта, на беларускія кнігі і мемарыяльныя дошкі беларускім дзеячам, а некалькім сем’ям, якія жылі за савецкім часам на тэрыторыі Спаса-Ефрасінеўскага манастыра, сплаціў першы ўнёсак на новыя кватэры.

Анатоль Сілівончык і Мітрапаліт Філарэт з адноўленым крыжам Ефрасінні Полацкай. Фота: surgut757

На дапамозе мецэната Сілівончыка фактычна трымалася і ўся праца па аднаўленні крыжа Ефрасінні Полацкай. Апазіцыя, аднак, ставілася да Сілівончыка насцярожана, з прычыны падтрымкі бізнэсменам інтэграцыі Беларусі і Расіі. 

Калі сібірскі мецэнат вырашыў правесці па месцах баявой славы продкаў 125 маладых байцоў з сургуцкай ваенна-спартыўнай школы выжывання «Беркут», светлагорскі тэлеканал «Ранак» падрабязна асвятляў гэтую падзею. Шмат дзе Сілівончык называецца стваральнікам «Беркута», але насамрэч яе стваральнікам быў Руслан Вышкурцаў, які таксама прымаў удзел у далейшых падзеях.

Патрыятычная сцяна ў доме Анатоля Сілівончыка. Фота: surgut757

Напярэдадні 55-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў «беркутаўцы» разбілі лагер у ваколіцах вёскі Гамза. У лагеры былі падлеткі ва ўзросце ад 11 да 17 гадоў, якімі кіравалі два дзясяткі былых армейскіх сяржантаў, якія прайшлі Афганістан і Чачню.

Акрамя сустрэчы з ветэранамі, ускладання вянкоў да помнікаў часоў вайны і мемарыяльнага маршу да Мінска 3 ліпеня ў планах Сілівончыка была яшчэ і ваенна-патрыятычная гульня «Зарніца». Яе задачу Сілівончык пасля тлумачыў досыць туманна: ці то як вучэбнае вызваленне вёскі ад п’яніц, ці то як адпрацоўку тактыкі пры захопе і вызваленні закладнікаў. 

Стомленым ад нуднага афіцыёзу падлеткам ідэя такой гульні, відавочна, спадабалася. Раніцай 30 чэрвеня 1999 года ў суседнюю вёску Мікалаеўка, якая была выбрана для «патрыятычнай гульні», да старшыні сельсавета прыехаў Сілівончык. Ён папярэдзіў, што дзіцячую гульню сур'ёзна ўспрымаць не трэба і вялікую трывогу біць не варта — хоць усё будзе адбывацца, як і ў ваенныя часы.

Савецкі плакат «Зарніца — гульня дружных, моцных і смелых!»

Але адразу ў вёсцы пачалася страляніна, прагучалі выбухі. У Мікалаеўку «без абвяшчэння вайны» ўвайшлі ўзброеныя людзі ў камуфляжнай форме і з размаляванымі тварамі. 

Пра тое, што гэта гульня для падлеткаў, а ўзброены яны пнеўматычнымі вінтоўкамі, вучэбнымі ўзрыўпакетамі і газа-дробавымі аўтаматамі «Юніяр», у вёсцы ніхто не здагадваўся. Перапалоханыя вяскоўцы не разумелі, што адбываецца. 

Тыя, хто заспеў сапраўдную вайну, маглі прыгадаць метады нацыстаў. Малойчыкі і іхнія «выхавацелі» не цырымоніліся з мясцовымі: з аўтаматамі ўрываліся ў хаты, з мацюкамі загадвалі выйсці на вуліцы. На вуліцы вяскоўцаў звязвалі вяроўкамі, закоўвалі ў кайданкі, а тых, хто супраціўляўся, — збівалі прыкладамі і кулакамі, душылі газам з балончыкаў. 

Мікалаеўка сёння. Фота: Wikimedia Commons

«Каля 8-й гадзіны раніцы да нас у двор уварваліся людзі ў чорнай форме, з чорнымі хусткамі на галовах і з аўтаматамі. Твары таксама выпацканыя ў нешта чорнае. Мы з мужам ішлі на агарод. Муж ішоў першым. Бандыты запатрабавалі кудысьці з імі пайсці.

Іх камандзір, з ашклянелымі вачыма, нёс нейкую лухту, і нельга было зразумець, што ён патрабуе. Ён пачаў біць мужа аўтаматам у грудзі.

Я выскачыла наперад і стала крычаць, хто вы такія і што вам трэба? Яны апырскалі мужа і мяне з газавага балончыка слёзатачывым газам. Мужа моцна штурхнулі, ён упаў і стукнуўся галавой аб сцяну. Бандыты ўбеглі ў хату і падпалілі там дымавую шашку», — прыгадвала падзеі мясцовая жыхарка Надзея Фурс.

Будынак сельсавета ў Мікалаеўцы. Фота: Wikimedia Commons

З будынка сельсавета вывалаклі звязаных старшыню і галоўную бухгалтарку, той жа лёс чакаў і старшыню калгаса.

«Хлопчыка Пецю Шышкіна азвярэлыя хуліганы прыкавалі кайданкамі да слупа і натаўкалі паміж пальцамі пораху з мэтай падпаліць».

Школа, на стадыёне якой збіралі «палонных» вяскоўцаў. Фота: Wikimedia Commons

Два дзясяткі палонных, сярод якіх былі і дзеці, сабралі на школьным стадыёне. Гэты дзікі кашмар для жыхароў Мікалаеўкі доўжыўся амаль гадзіну. Людзі былі сур'ёзна напалоханыя, думаючы, што гэта чачэнскі карны атрад захапіў іхнюю вёску.

Пасля «бліцкрыгу» ў вёску зайшла другая група падлеткаў, якая ўзняла над сельсаветам андрэеўскі сцяг і «вызваліла» палонных. У якасці кампенсацыі былі выстаўлены скрыні з гарэлкай. Прысутным патлумачылі, што гэта ўсяго толькі гульня, каб вызваліць вёску ад «непрацоўнага элементу і алкаголікаў». 

«Мясцовым старым нагадалі, а больш маладым калгаснікам наглядна прадэманстравалі метад фашысцкіх карнікаў падчас вайны», — гэтак ахарактарызавалі падзеі на расійскім Першым канале.

Падлеткі пайшлі маршам у лагер, а ў вёску прыбылі беларускія сілавікі, якія пачалі разбірацца ў інцыдэнце.

Затрыманне «беркутаўцаў». Кадр архіўнай здымкі.

«Беркутаўцы» паспелі зняцца з месца і рушылі на Бабруйск, дзе планавалі захапіць нейкі аб’ект. Ноч яны правялі ў адной з казармаў вайсковай часці, вароты якой раніцай ачапілі супрацоўнікі міліцыі. Сілівончык спачатку спрабаваў дамовіцца за бутэльку гарэлкі, а пасля загадаў пратараніць вароты і амапаўцаў транспартным сродкам. У выніку ён і сяржанты-«афганцы» былі брутальна затрыманыя.

Падлеткаў і іхніх камандзіраў выслалі назад у Расію, а Сілівончыка кінулі ў гомельскі СІЗА. Лічаць, што беларускія ўлады так мякка абышліся з «выхавальнікамі» з ліку ветэранаў вайны ў Афганістане і Чачні, каб не псаваць адносіны з Масквой.

З СІЗА Сілівончык пісаў скаргі ва ўсе магчымыя інстанцыі, а таксама абвесціў галадоўку на знак пратэсту. З адвакатамі ў яго не заладзілася: першая адмовілася прадстаўляць яго інтарэсы праз некарэктныя паводзіны Сілівончыка, другую ён пачаў абражаць.

Анатоль Сілівончык на судзе. Кадр архіўнай здымкі.

Анатолю Сілівончыку інкрымінавалі парушэнне трох крымінальных артыкулаў: злоснае хуліганства, арганізацыя незаконнага пазбаўлення волі, а таксама супраціў міліцыі. Пракурор запатрабаваў 5 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

У першы дзень суда, які Сілівончык назваў цыркам, ён адмовіўся прысутнічаць у зале. На другі дзень, 22 лютага 2000 года, яго выдалілі з залы за непавагу да суда: ён груба перарываў суддзю, а таксама пагражаў «шызакрылым аленям», як ён называў жыхароў вёскі Мікалаеўка, якія выступалі ў якасці сведкаў.

Абарона Анатоля Сілівончыка сцвярджала, што ён непасрэднага ўдзелу ў гвалце над вяскоўцамі не браў. Аднак у судзе пацвердзіліся факты, што арганізатарам гвалту быў менавіта Сілівончык, які асабіста даваў сігнальную ракету на пачатак «аперацыі», інструктаваў, як арыштоўваць людзей і браць іх у палон. Яму ж дакладалі аб выкананні заданняў па захопе калгаснай канторы і вяскоўцаў.

Пацярпелымі ад «патрыятычнай гульні» былі прызнаныя 19 чалавек, а сведкамі выступілі больш за паўсотні.

Арганізатар захопу вёскі сябе вінаватым не прызнаў. Следчых, пракурора, адваката і суддзю, якую ён называў «замбаваным чалавекам», Сілівончык абвінаваціў у тым, што яны «не патрыёты і мусяць адказаць».

Суд над Сілівончыкам у Светлагорску. Кадр архіўнай здымкі.

Праходзіла таксама інфармацыя, што з пацярпелымі вяскоўцамі папрацавалі даручэнцы бізнэсмена, каб тыя за грошы адклікалі свае позвы.

Праз дзіўныя паводзіны на судзе для Сілівончыка арганізавалі судовую псіхіятрычную экспертызу, якая прызнала, што падсудны ў ​​стане свядомасці, але хоча прыцягнуць увагу да сваёй асобы. 

3 красавіка 2000 года Светлагорскі суд прызнаў Сілівончыка вінаватым і прысудзіў яму 3 гады пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Але ўжо ў верасні яго выпусцілі па амністыі. Больш ніколі ў родных краях Сілівончык не паказваўся. 

Суддзя па справе Сілівончыка Надзея Раманава. Кадр архіўнай здымкі.

«Бачыце, што творыцца ў нашай брацкай рэспубліцы, так? Вось рэжым Лукашэнкі на што здольны. А вы хочаце ад яго чагосьці чакаць добрага. А народ загнаны ў балота — як уюны лазяць у балоце. Бачыце, што твораць?» — абураўся Сілівончык.

Сваю бурлівую дзейнасць беларус працягнуў у Сургуце. Стаў заснавальнікам культурна-асветніцкага таварыства «Бацькаўшчына», а пасля фонда «Карысць, гонар і слава Расіі». З 2010-х гадоў пачаў змагацца за экалогію, выступаючы за ліквідацыю наступстваў забруджвання рэгіёна, часам з’яўляючыся ў СМІ пад рознымі «тытуламі».

Анатоль Сілівончык як ахоўнік прыроды Ханты-Мансійскай аўтаномнай акругі — Югры. 

Пераключыўся на экалогію ён, відаць, таму, што сапсаваліся адносіны з іншымі актывістамі расійскіх ваенна-патрыятычных арганізацый. Так, адзін з кіраўнікоў мясцовай ветэранскай арганізацыі пісаў пра Сілівончыка як «махляра і аферыста, які дзейнічае пад маскай патрыёта і абаронцы Айчыны», а насамрэч быццам бы з’яўляецца сынам паліцая, мае 11 судзімасцяў і галоўнымі яго ворагамі з'яўляюцца ветэраны Вялікай Айчыннай вайны.

І сапраўды, спіс злачынстваў, у якіх падазравалі Сілівончыка ў Расіі за 10 гадоў пасля вызвалення з беларускай калоніі, унушальны: пабоі, пагроза забойствам, абраза, крадзеж, махлярства, ухіленне ад выплаты падаткаў ды абраза прадстаўніка ўлады.

Клуб «Беркут» працягнуў сваё існаванне ў Расіі пад кіраўніцтвам Руслана Вышкурцава, часам прыцягваючы ўвагу праваахоўных органаў сваімі безадказнымі і небяспечнымі дзеяннямі. 

У Беларусі пасля 2020 года прарасійскія сілы пачалі вяртацца да практыкі выхавання ў духу мілітарызму. Так, летась у дзіцячым садку ў Глыбокім правялі ваенна-спартыўную гульню пад той жа сумнавядомай назвай — «Зарніца».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары9

  • ЯНКА
    11.05.2024
    Ня мог чытаць праз рогат. 😂
  • бабруйчанін
    11.05.2024
    Загад на жорсткае затрыманне ў Бабруйску гэтых " карацелей" даў палкоўнік Заблоцкі ..Праз 25 год мяркую ўзгадваць яго як сапраўднага мянта варта
    Яшче памятаю як ен адказаў у 01 каля " танка" у Бабруйску " філелагу неафіту" аб валоданні веданні роднай мовы Чыў на свае вушы і сваімі вачамі бачыл..Я яшче ў цябе іспыт прыму Прасралі ў 94 96 .Нажаль і зараз у 01 ўсе да гэта ідзе .Калі замест Домаша " прызначілі" Ганчарыка ..І ні адзіны падобны палкоўнік у Бабруйску на той момант былі...
  • Gorliwy Litwin
    11.05.2024
    Сілівончык "даваў грошы на фільм пра Вітаўта, на беларускія кнігі і мемарыяльныя дошкі беларускім дзеячам". Вось чаму нельга купляцца на гэтых фальшывых бела-рускіх "вітаўтоў" ды "альгердоў", як іх сабе ўяўляюць бела-рускія праваслаўныя людзі, на працягу 200 гадоў выхаваныя паводле ўзораў Мікалая І і Сталіна. Такім жа як яны самі, яны і гэтых "вітаўтоў" уяўляюць. А пра міцкевак ды сыракомак дык і ўвогуле нічога не чулі. А калі чулі, дык ненавідзяць як няшчырых польска-літоўскіх паноў.
    https://d2b0v286pbg9yh.cloudfront.net/342489

Сястра Калеснікавай прапанавала ў Брусэлі тры крокі, якія трэба зрабіць для вызвалення палітвязняў23

Сястра Калеснікавай прапанавала ў Брусэлі тры крокі, якія трэба зрабіць для вызвалення палітвязняў

Усе навіны →
Усе навіны

Даляр сёння зноў пераадольваў планку 3,5 рубля

«Цэны дасягнулі піка». Што чакае рынак нерухомасці ў 2025 годзе

У Расіі салістку вайсковага аркестра аштрафавалі на $30 тысяч за спробу даказаць калегам, што ва Украіне гінуць цывільныя3

П'яны беларус у адных трусах напаў на паліцэйскіх на Пхукеце і раскідаў іх ВІДЭА29

Памятаеце Арцёма, які адкрыў махлярскі збор у Польшчы? Ён знайшоўся ў Беларусі. За кратамі

Сірыйскія паўстанцы атрымлівалі і беларускую зброю2

У ноч на чацвер Грозны падвергнуўся нападу беспілотнікаў1

У Ізабеліне аднаўляюць сінагогу, пабудаваную ў часы Вялікага Княства Літоўскага11

Трамп запрасіў Сі Цзіньпіна на сваю інаўгурацыю1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сястра Калеснікавай прапанавала ў Брусэлі тры крокі, якія трэба зрабіць для вызвалення палітвязняў23

Сястра Калеснікавай прапанавала ў Брусэлі тры крокі, якія трэба зрабіць для вызвалення палітвязняў

Галоўнае
Усе навіны →