«Цікава, што з’явілася раней: адыдас ці лідскія кеды»: у тыктоку новая хваля любові да айчыннага абутку
Ад абутку для фізкультуры да «беларускага адыдаса» — так цікава складваўся лёс лідскіх кедаў. Цяпер у сацыяльных сетках зноў прызнаюцца ў любові да вядомай мадэлі айчыннага абутку.
Мабыць, чарговая хваля папулярнасці лідскіх кедаў звязаная з тым, што стылісты (і беларускія, і замежныя) у адзін голас казалі, што вясной і летам 2024 года сярод трэндавага абутку ёсць Adidas Gazelle.
А лідскія кеды якраз да іх вельмі падобныя. І калі тыя самыя адыдасы каштуюць у мінскіх крамах 400-500 рублёў, то айчынны аналаг можна адшукаць недзе ў ГУМе за 56 рублёў.
— Аналаг «Адыдаса», якаснае фабрычнае выкананне, натуральныя і вельмі зручныя. Адзінае, раю адразу замяніць вусцілку, таму што родная спаўзае, — напісала ў інстаграме мінская стылістка, выкладчыца Нацыянальнай школы прыгажосці.
У тыктоку відэа з лідскімі кедамі звычайна выкладаюць пад гук: «Урвала!». Здаецца, адзіная прэтэнзія ад тых, хто робіць распакоўкі — непрыгожыя кардонныя каробкі, неяк крыва змацаваныя стэплерам.
Блогерка пад нікам ph_ksusha пахвалілася ў сваім тыкток-акаўнце новымі цёмна-зялёнымі лідскімі кедамі. «Знойдзены найлепшыя кеды па вельмі смешным кошце. Неверагодна зручныя і натуральныя», — напісала блогерка.
Відэа набрала каля 360 тысяч праглядаў і больш за 5 тысяч лайкаў. Нехта пажартаваў: «У маім дзяцінстве набыццё лідскіх красовак лічылася прысудам. Гэта ж на ўсё жыццё». Але сярод фанатаў айчыннага абутку і тых, хто просіць парады, дзе ж знайсці «беларускі адыдас», знайшліся і хейтары: «Вы сур'ёзна сцвярджаеце, што гэта лепш за «Адыдас»? Тады вы не насілі добрага спартыўнага абутку».
У адказ на апошнюю прэтэнзію блогерка нават запісала відэаадказ, у якім паказала сваю калекцыю спартыўнага абутку: GUESS, Reebok, Nike, Lacoste і дзве пары лідскіх кедаў рознага колеру.
— Так што не хвалюйцеся за мяне, усё ў мяне ёсць — і фірмовы абутак, і калгасны, як вы кажаце. Лідскія нічым не горшыя — выдатна носяцца, чысцяцца.
Каментары