Расійскі спартсмен, які выступае за Беларусь, заявіў, што яму прапаноўвалі «збегчы на Захад»
Гаворыць, што яму прапаноўвалі грамадзянства і грошы.
Расійскі скакун з шастом Мацвей Волкаў, якому праракалі статус зоркі, перайшоў у зборную Беларусі ў 2020 годзе — тады яму было 16 гадоў. У складзе беларускай каманды ён паспеў выйграць моладзевы чэмпіянат свету-2021. А затым пачалася поўнамаштабная вайна ва Украіне, і беларускіх лёгкаатлетаў разам з расіянамі адхілілі ад міжнародных стартаў.
У той момант, як расказвае Мацвей, яму прапанавалі «збегчы на Захад», піша «СБ».
«Пасля пачатку СВА нам патэлефанаваў прадстаўнік фірмы Puma, з якой у Мацвея кантракт. Кажа: «Збірайце рэчы і пераязджайце на Захад. Усё зробім у найлепшым выглядзе: дамо грамадзянства, грошы, жыллё, забяспечым старты…», — расказаў Волкаў.
Спартсмен сцвярджае, што адмовіўся ад гэтай прапановы. У якую краіну яму прапаноўвалі пераехаць, ён не паведаміў.
Мацвей Волкаў змяніў спартыўнае грамадзянства з падачы бацькі, срэбнага прызёра Алімпіяды-1980 у гэтым жа відзе Канстанціна Волкава. У Расіі падчас пандэміі Мацвею не дазвалялі трэніравацца так, як ён хацеў, таму сям'я вырашыла перабрацца ў Беларусь, дзе ніякіх абмежаванняў не было.
Акрамя таго, Усерасійская федэрацыя лёгкай атлетыкі была адхіленая з-за допінгавых скандалаў, атлетам трэба было атрымліваць допуск у якасці нейтральных. У Беларусі такіх праблем не існавала.
Волкаў на той момант быў рэкардсменам свету сярод юнакоў, таму такі «трансфер» беларускую федэрацыю цалкам задавальняў. Бацька Мацвея нават заяўляў, што ў хуткай будучыні ягоны сын абавязкова паб'е сусветны рэкорд. Аднак пасля пачатку вайны Волкаў, як і ўся зборная Беларусі, страціў магчымасць выступаць на міжнародных спаборніцтвах.
Цяпер 20-гадовы Мацвей актыўна раздае інтэрв'ю, у якіх крытыкуе Міжнародную федэрацыю лёгкай атлетыкі, называе яе палітызаванай і заклікае рэфармаваць увесь від спорту.
Каментары