Лукашэнка падчас размовы з журналістамі ў Манголіі правёў гістарычныя паралелі.
Частка мангольскіх СМІ выступалі супраць візіту Аляксандра Лукашэнкі ў краіну, падкрэсліваючы яго дапамогу Расеі ў вайне супраць Украіны.
Ён на прэс-канферэнцыі паспрабаваў адказаць мангольскім журналістам. Ён традыцыйна заявіў, што СМІ бачаць сітуацыю аднабока і спрабуюць «укідваць гэты пункт гледжання ў грамадства». А затым Лукашэнка пусціўся ў гістарычныя паралелі, піша ягоная прэс-служба.
Ён нагадаў, як у свой час Чынгісхан будаваў мангольскую імперыю і «абараняў сваіх людзей».
«Калісьці Мангольская імперыя даходзіла аж да межаў Беларусі. І я ведаю, як ён абараняў сваіх суайчыннікаў. Яны гінулі на поле бою тысячамі. Але калі хтосьці адважыўся пакрыўдзіць яго воінаў, ён мячом і агнём змятаў паселішчы і гэтых людзей. Што ж адбылося паміж Украінай і Расіяй? А тое ж самае», — лічыць Лукашэнка.
Палітык распавёў, што ЗША і краіны Захаду прыклалі руку да распаду СССР, а затым пачалі рухацца да межаў Беларусі і Расіі і ўводзіць санкцыі. Лукашэнка зноў заявіў, што «ва Украіне стваралі плацдарм для атакі на Беларусь і Расію». А затым параўнаў Уладзіміра Пуціна з Чынгісханам.
«Пры чым тут Чынгісхан? Я вам расказаў, як ён абараняў сваіх суайчыннікаў. І калі ва Украіне пачалі натуральна ў новым стагоддзі, у сучасным свеце спальваць людзей у дамах (паглядзіце, Адэса: як там спальвалі рускіх людзей), расійскае грамадства пачало ціснуць на прэзідэнта Пуціна і на ўладу: Вы павінны іх абараніць! Паралель? Пуцін абараніў сваіх людзей», — выказаў меркаванне Лукашэнка.
Ён папрасіў журналістаў «не рабіць беларусаў ворагамі мангольскага народа» і прапанаваў «прыехаць у Беларусь і паглядзець на рэальную сітуацыю».
Каментары