Ізраіль уводзіць электронныя дазволы на ўезд — для беларусаў таксама
Новыя правілы запрацуюць з 1 жніўня.
Ізраіль плануе ўкараніць новаўвядзенні ў правілы ўезду для турыстаў, стала вядома некалькі месяцаў таму. Новая сістэма ўключае ў сябе ўвядзенне электроннага дазволу на ўезд (ETA), што будзе абавязковым для ўсіх турыстаў, піша Onliner.by.
Яго давядзецца атрымліваць наогул усім: і беларусам, для якіх у Ізраілі дзейнічае бязвізавы рэжым, таксама. І вось калі і як прыйдзецца гэта рабіць.
ETA-IL для грамадзян усіх краін у тэставым рэжыме запусцяць 1 ліпеня. З гэтага дня вандроўцы змогуць падаваць заяўку на электронны дазвол. Абяцаюць, што разглядаць яе будуць на працягу трох сутак, аднак у некаторых выпадках тэрмін чакання можа расцягнуцца і на тыдзень. Гатовае ETA трэба будзе паказаць супрацоўніку іміграцыйнай службы ў аэрапорце.
Да 31 ліпеня ETA яшчэ не будзе абавязковым. А вось з 1 жніўня без яго ў Ізраіль не трапіце. Выключэнне робяць толькі для дыпламатаў, маракоў, экіпажаў самалётаў і грамадзян Ізраіля, якія ўязджаюць па пашпарце іншай краіны.
Падача на электронны дазвол платная-каштуе 25 Ізраільскіх шэкелей (гэта каля $7 або 22 рублёў).
Важна адзначыць, што ETA будзе сапраўдны на працягу двух гадоў або да заканчэння тэрміну дзеяння пашпарта. Аднак права на доўгатэрміновае знаходжанне ў краіне яно не дае. Турысты змогуць знаходзіцца ў Ізраілі не больш за 90 дзён у кожным паўгоддзі.
Каментары