У Чарнігаве паставяць мемарыяльную шыльду Кастусю Каліноўскаму з цытатай па-беларуску
«Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасліва, калі над табою Маскаля ўжэ ня будзе».
У Чарнігаве з'явіцца мемарыяльная шыльда, прысвечаная Кастусю Каліноўскаму. Дазвол на ўстаноўку шыльды дала гарадская рада.
У пачатку 2024 года ў Чарнігаве з'явіліся вуліца і завулак Каліноўскага. Цяпер на адным з будынкаў у цэнтры вуліцы з'явіцца мемарыяльная шыльда з цытатай Каліноўскага на беларускай мове і біяграфічнай даведкай, паведамляе выданне 0462.ua.
Хутчэй за ўсё, на дошку нанясуць цытату з «Пісьмаў з-пад шыбеніцы»:
«Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасліва, калі над табою Маскаля ўжэ ня будзе».
Грошы на ўсталяванне мемарыяльнай шыльды збіраюць беларускія добраахвотнікі і фонд «Вільна Білорусь». Акрамя шыльды, плануецца ўсталяваць і інфармацыйны стэнд пра беларускага нацыянальнага героя.
Цікава, што на пасяджэнні выканкама гарадской рады начальнік упраўлення культуры і турызму Аляксандр Шаўчук назваў Каліноўскага «беларускім Бандэрам», аднак в. а. мэра Чарнігава назваў такія параўнанні глупствам.
Рашэнне аб усталяванні мемарыяльнай шыльды выканкам гарадской рады Чарнігава прыняў аднагалосна.
Каментары
"Константин Калиновский с настроением герценовской школы во главе честолюбивейших личностей из красных литвинов настойчиво проводил идею о самостоятельности Литвы"
"Мужыцкая праўда" – першая беларускамоўная газета. Выдаваў яе разам з паплечнікамі Кастусь Каліноўскі. Уяўляла сабой аркуш паперы з надрукаваным лацінкай на адным ці абодвух баках тэкстам. Газета несла рэвалюцыйна-дэмакратычныя ідэі, раскрывала вочы на сапраўднае становішча ў краіне, заклікала да барацьбы за вызваленне ад самадзяржаўнага ўціску. Тэкст напісаны на родным для Каліноўскага гародзенскім дыялекце беларускай мовы. Сустракаюцца асобныя паланізмы (запазычанні з польскай мовы). Агулам выйшла 7 нумароў газеты (у прамежку ад ліпеня 1862 г. да чэрвеня 1863 г.). Распаўсюджвалася яна ў асноўным у заходніх і цэнтральных рэгіёнах Беларусі.
Паслухаць тэксты Мужыцкай праўды можна тут. https://youtube.com/watch?v=eUdjvQq-5qM