«Сёння ясна, што ў габрэяў у Францыі няма будучыні». Галоўны рабін Парыжа заклікаў габрэяў зʼязджаць з Францыі
У першым туры пазачарговых парламенцкіх выбараў у Францыі перамагла ўльтраправая партыя «Нацыянальнае абʼяднанне». На другім месцы — крайне левы «Новы народны фронт». Як адзначае BILD, пагрозай для габрэяў могуць стаць як правыя нацыяналісты, так і ўльтралевыя, якія падтрымліваюць ісламістаў і ненавідзяць Ізраіль.
«Сёння ясна, што ў габрэяў у Францыі няма будучыні, — сказаў газеце Jerusalem Post галоўны рабін Вялікай сінагогі Парыжа Мошэ Себаг. — Я раю кожнаму маладому чалавеку зʼязджаць у Ізраіль ці ў больш бяспечную краіну. Многія габрэйскія семʼі раней не маглі і падумаць галасаваць за «Нацыянальнае абʼяднанне», але ў апошні час левыя сталі антысемітамі. Габрэі апынуліся пасярэдзіне і не ведаюць, хто іх больш ненавідзіць», — сказаў ён.
Па словах Себага, левыя падтрымліваюць масавую іміграцыю ў Францыю. Але многія мігранты, асабліва мусульмане, не гатовыя станавіцца часткай французскага грамадства. Сярод іх моцныя антысеміцкія настроі, піша BILD.
Каментары