Свет55

У Брытаніі мяняецца ўлада ўпершыню за 14 гадоў. Чым абярнуцца выбары для Украіны і Еўропы?

Брытанцы, паводле ўсіх апытанняў, змятуць дзейны ўрад на выбарах у чацвер, і замест кансерватара Рышы Сунака новым прэмʼер-міністрам стане лейбарыст Кір Стармер. Упершыню за паўтара дзесяцігоддзя да ўлады прыйдуць левыя сілы — насуперак агульнаеўрапейскаму трэнду росту папулярнасці правых папулістаў, якія прывячаюць Уладзіміра Пуціна.

Рышы Сунак расплачваецца за грахі сваіх папярэднікаў на прэмʼерскай пасадзе. Фота: Claudia Greco / Pool Photo via AP

Як кансерватары асудзілі сябе на паражэнне, і чым змена ўлады ў ядзернай дзяржаве можа абярнуцца для самой Брытаніі, якая перажывае крызіс за крызісам, для Еўрасаюза, з якім яна развіталася некалькі гадоў таму, і для Украіны, якой яна абяцала штогод 3 млрд фунтаў ваеннай дапамогі на адбіццё расейскай агрэсіі, піша BBC. 

Чаму Сунак прайграе?

Ніводнае сацапытанне не абяцае кансерватарам больш за 100 з 650 месцаў у Палаце абшчын — першакрыніцы ўлады ў краіне. Цяпер у іх 345 месцаў. 

Лейбарыстам жа прадказваюць большасць, нябачаную з часоў трыумфу Тоні Блэра ў 1997 годзе — звыш 400 дэпутатаў. Рэйтынг адабрэння іх лідара Кіра Стармера — 44%, тады як Рышы Сунак не дацягвае да 23%. 

Ніякіх сумневаў у тым, што перамогуць лейбарысты, няма. Пытанне толькі ў тым, наколькі зруйнавальным будзе паражэнне кансерватараў. І галоўнае — ці ўдасца ім захаваць твар і застацца на другім месцы ў афіцыйным статусе «каралеўскай апазіцыі», ці ўпершыню ў гісторыі яго зойме трэцяя сіла — ліберал-дэмакраты. 

Сунак расплачваецца за грахі сваіх папярэднікаў на прэмʼерскай пасадзе. 

Дэвід Кэмеран незнарок вывеў Брытанію з Еўрасаюза і тут жа падаў у адстаўку. Тэрэза Мэй не змагла дамовіцца з ЕС аб ​​умовах брэксіту, а потым абʼявіла выбары і ледзь не прайграла іх. Борыс Джонсан змяніў яе воляю партыі і наступныя выбары ў снежні 2019-га, наадварот, выйграў, прычым з сур'ёзным адрывам. Ён дамовіўся з ЕС аб ​​разводзе — як пазней высветлілася, вельмі невыгодным для Брытаніі. 

А потым пачаліся скандалы. 

Джонсан выпіваў з падначаленымі ў кавідны лакдаўн і быў злоўлены на хлусні ў парламенце, які ён спрабаваў незаконна распусціць сабе ва ўгоду. 

Пры ім большасць брытанцаў умацавалася ў меркаванні, што кансерватары ва ўладзе лічаць сябе недатыкальнымі: адны правілы для іх, іншыя — для ўсіх астатніх. 

На змену Джонсану прыйшла Ліз Трас. Яна адзначылася самым кароткім прэмʼерствам у сучаснай гісторыі, ледзь не знішчыла пенсійную сістэму краіны хвацкім набегам на казну і была вымушана выдаліцца ў гісторыю праз 49 дзён — яшчэ да таго, як два хуткія пёры паспелі здаць у друк яе біяграфію пад загалоўкам «Адкуль ні вазьміся». 

На змену Трас выбралі Рышы Сунака. Ізноў жа, не ўсенародным галасаваннем, а воляй чальцоў партыі торы. 

Былы банкір і зяць індыйскага мільярдэра аддаваў перавагу перасоўванню на верталёце, а на адным з выхадаў у народ высветлілася, што ён не ведае, як заправіць машыну бензінам. Сунак так і не змог пераканаць брытанцаў, што зробіць бедных багацейшымі і вырашыць праблемы краіны. 

Іх нямала. 

Чаму брытанцы незадаволены жыццём?

Людзі бяднеюць, якасць дзяржпаслуг зніжаецца, жылля не хапае, ахова здароўя трашчыць па швах, цэны растуць, а заробкі — не вельмі. 

Апошні пяцігадовы тэрмін кансерватараў ва ўладзе, хутчэй за ўсё, акажацца першым з 1950-х гадоў, калі прыбыткі насельніцтва скараціліся, а не выраслі. У 1950-х краіна ляжала ў руінах пасля Другой сусветнай вайны. 

Цяпер таксама ёсць, на што наракаць: і кавід, і вайна Расіі супраць Украіны. Але ёсць і нязмушаныя правалы ў палітыцы, якія выбаршчыкі ўзгадаюць кансерватарам у дзень выбараў. 

Торы прыйшлі да ўлады пасля фінансавага крызісу 2008-2009 гадоў. З таго часу заробкі раслі ўсяго на 0,5% у год, што невыносна мала па гістарычных мерках. І Брытанія адставала ад іншых буйных заходніх краін. 

Калі б тэмпы росту былі такімі ж, як у Германіі і ЗША, то сярэдні брытанскі работнік атрымліваў бы цяпер на 3600 фунтаў у год больш, падлічыў даследчы цэнтр Resolution Foundation. 

Цэны на жыллё растуць, а даступнасць жылля падае. Грамадскі транспарт возіць з перабоямі, доўга і дорага. Цэны на святло і газ — самыя высокія ў Еўропе. Ахова здароўя па-ранейшаму бясплатная, але ложак у бальніцы можна чакаць у хуткай некалькі гадзін, а планавую аперацыю — некалькі месяцаў, а то і гадоў. 

Адно са спрэчных дасягненняў торы — брэксіт. Выхад з ЕС абрынуў гандаль з найбуйнейшым і бліжэйшым рынкам, скараціў асартымент і даступнасць тавараў і павысіў цэны ўнутры краіны, а заадно і ўскладніў жыццё брытанцам, якія гандлявалі, працавалі, адпачывалі ў Еўрасаюзе. 

Выхад з ЕС абвастрыў праблему іміграцыі. Яна дасягнула нябачаных рэкордаў — і не толькі таму, што мяжа для нерэгулярных мігрантаў перамясцілася з межаў ЕС да берагоў Ла-Манша. 

Значна больш істотны ўклад унесла новая міграцыйная палітыка торы. Кансерватары пусцілі ў краіну сотні тысяч працоўных мігрантаў для кампенсацыі страты еўрапейскіх працоўных рук пасля брэксіту. І яшчэ сотні тысяч ганконгцаў і ўкраінцаў з гуманітарных меркаванняў. 

Ці зменіцца стаўленне да Украіны і Пуціна?

Змена ўлады не абяцае змены знешняй палітыкі. Лейбарысты падтрымлівалі кансерватараў ва ўкраінскім пытанні з самага пачатку вайны, і іх лідар Кір Стармер неаднаразова казаў, што нічога не зменіцца. 

Вось што ён адказаў на пытанне аб тым, ці падтрымае ён абяцанне цяперашніх уладаў выдаткоўваць не менш за 3 млрд фунтаў у год на ваенную дапамогу Украіне: 

«Так. Мы цалкам салідарныя з цяперашнім урадам у гэтым пытанні, і гэта правільна», — сказаў Стармер у праграмным інтэрвʼю ліберальнай газеце Guardian. 

І дадаў, што на саміце НАТА на наступным тыдні ў Вашынгтоне будзе заклікаць сваіх саюзнікаў не скарачаць дапамогу Украіне. 

А ў Стармера і няма выбару. 

Апытанні паказваюць, што толькі 2% насельніцтва краіны падтрымліваюць Расію ў яе агрэсіі супраць Украіны. Амаль 80% электарату сімпатызуюць Украіне, а сярод кансерватараў такіх нават больш. 

Гэта ўскладніла жыццё крайне правым. 

Чаму правыя ў Брытаніі не такія папулярныя, як у Еўропе?

Людзі рэагуюць на Найджэла Фараджа, які выступае падчас перадвыбарчага мітынгу, 3 ліпеня 2024 г. Фота: AP Photo / Vadim Ghirda

Твар правых у Брытаніі — Найджэл Фарадж. Ён узначальваў партыю UKIP, якая прасоўвала брэксіт, але потым адышоў ад спраў і праводзіў шмат часу за акіянам у кампаніі свайго куміра Дональда Трампа. І раптам Фарадж вярнуўся — і балатаваўся ў парламент. 

Ён спрабаваў і раней, прычым не адзін раз, а сем. І кожны раз прайграваў. Калі на гэты раз атрымаецца, у крайне правых зʼявіцца свой анфан тэрыбель у і без таго раскілзаным брытанскім парламенце. 

Але, як паказала выбарчая кампанія, голас яго не будзе голасам народным. 

У Фараджа ёсць партыя — Reform UK, але гэта не партыя ў звыклым сэнсе. Reform UK зарэгістраваная як прыватная кампанія, а Фарадж — яе старшыня. Падазрэнні ў тым, што яна фінансуецца з Расіі, ніколі не пацвярджаліся, але цень Пуціна трывала вісіць над Фараджам з таго часу, як ён у 2014 годзе захапіўся расійскім лідарам. 

Перад сёлетнімі выбарамі палітычны аглядальнік Бі-бі-сі Нік Робінсан спытаў Фараджа пра яго любоў да Пуціна. Фарадж адказаў: 

«Секундачу, я наогул сказаў, што ён мне не падабаецца». 

«Але вы казалі, што вы ім захапляецеся», — нагадаў Робінсан. 

«Я захапляўся ім як палітычным лідарам, таму што ён здолеў прыбраць да рук усю ўладу ў Расіі», — адказаў Фарадж і дадаў, што ніякі ён не фанат Пуціна, толькі таму што шануе яго талент кіраўніка. 

Аднак рэйтынгі Фараджа пасля гэтага выступлення перасталі расці і нават знізіліся. 

Сацыёлагі, якія праводзілі фокус-групы, тлумачаць гэта тым, што для большасці брытанцаў Пуцін — агрэсар, а прышчэпку ад папулізму яны атрымалі яшчэ ў брэксіт, калі ім абяцалі простае рашэнне складанага пытання, але ў выніку брэксіт пагоршыў эканамічныя праблемы, павялічыў міграцыю і зрабіў людзей бяднейшымі. 

Ці змогуць новыя ўлады палепшыць жыццё ў Брытаніі?

Хутка — не змогуць. Бо лішніх грошай няма. 

Абедзве партыі перад выбарамі абяцалі залатаць дзіркі ў сацыяльным забеспячэнні, заліць ямы на дарогах і дапамагчы тым, хто жыве ў нястачы. Але і запасу трываласці ў казне няма. 

Каб зарабіць, трэба расціць эканоміку, якая ў апошнія гады дадае нікчэмныя 1-1,5% у год па вышэйпералічаных прычынах: кавід, брэксіт, насельніцтва, якое старэе, выдаткі, якія растуць. 

Ні адна з гэтых праблем не вырашаецца раптоўна. 

Лідар лейбарыстаў Стармер прызнае, што ў яго няма «чарадзейнай палачкі». Ён абяцае не павышаць падаткі і палепшыць адносіны з ЕС, але вяртання да ранейшых тэмпаў росту і ранейшага свабоднага гандлю з Еўрасаюзам не прадбачыцца. 

Акрамя таго, новаму ўраду давядзецца працаваць ва ўмовах усё большай нявызначанасці. Вайна ў Еўропе працягваецца, у ЗША таго і глядзі прыйдзе да ўлады Дональд Трамп, а ў Еўропе — крайне правыя. 

Што будзе далей?

На крайне правых еўрапейцаў раўняецца і Найджэл Фарадж. 

Ён прызнае, што сёлетнія выбары — толькі прэлюдыя да наступных, 2029-га года. Тады, па накатанай францужанкай Марын Лё Пэн дарожцы, брытанскія ультрас змогуць паглынуць кансерватараў, захапіць сцяг каралеўскай апазіцыі і прарвацца ва ўладу. 

«Так, лейбарысты лідзіруюць з гіганцкім адрывам. Але яны не асабліва папулярныя. І хутчэй за ўсё, іх кааліцыя будзе шырокай, але не тое каб глыбокай», — папярэджвае кіраўнік даследчага цэнтра The UK in a Changing Europe Ананд Менан. 

«Кіру Стармеру будзе няпроста. Праз пяць гадоў на наступных выбарах яму давядзецца прадʼявіць вынікі», — згаджаецца галоўны эканаміст Institute for Government Джэма Цітлоў. 

Аднаго жадання выбаршчыкаў пазбавіцца кансерватыўнай партыі і даць шанец апазіцыі недастаткова, каб адвесці пагрозу крайне правага павароту ўжо на наступных выбарах у 2029 годзе, кажа Менан. 

«Калі за першы тэрмін ва ўладзе не будзе істотных зрухаў, мне здаецца, народ сурʼёзна расчаруецца ў палітыках у цэлым». 

«Дагэтуль нашая выбарчая сістэма падахвочвала людзей галасаваць за адну з дзвюх буйных партый: уладу ці апазіцыю. Але ўсё мяняецца. Таму новыя ўлады могуць колькі заўгодна казаць, што рэформы патрабуюць часу, але баюся, што да наступных выбараў выбаршчыкі запатрабуюць вынікаў, а калі іх не будзе, яны могуць у цэлым страціць веру ў дэмакратыю і выбарчы працэс», — сказаў ён.

Каментары5

  • Так
    04.07.2024
    "Упершыню за паўтара дзесяцігоддзя да ўлады прыйдуць левыя сілы — насуперак агульнаеўрапейскаму трэнду росту папулярнасці правых папулістаў, якія прывячаюць Уладзіміра Пуціна."

    Гэта ж яўная маніпуляцыя. Па-першае, папулізм прысутнічае на абодвух баках палітычнай сцэны, але неяк "модным" стала пісаць выключна пра правых папулістаў, а левыя?

    Па-другое, нагадаць, як умоўна правыя дапамагалі і дапамагаюць Украіне? Напрыклад у той самай Брытаніі Джонсан. Або як у СМІ пужалі "ультраправай" і нібыта прарасійскай Мэлоні, а такая цалкам праўкраінская. Пры чым значна больш, чым левы Шольц (які блакуе дапамогу Украіне, пра што тут няма навін, а ў замежных СМІ ёсць) ці цэнтрыст ліберал Макрон, які толькі нядаўна змяніў рыторыку. Або той самы Маравецкі з прыкладаў бліжэй.

    У час, калі напрыклад сацыял-дэмакрат і былы камуніст Фіца, або таксама левы Зоран Міланавіч яўна прарасійскія. Пра такія "чырвоныя зоркі" як Шродэр не кажучы.

    Даўно бачна, што погляды рэдакцыі трымаюцца налева ад цэнтра, але гэта не нагода да такіх маніпуляцыі.

    Стары чытач
  • Сорос Иван Петрович
    04.07.2024
    Так, Выж понимать должны кто платит тот и заказывает музыку.
  • Тупому школьнику
    04.07.2024
    Кастусь, Брексит был абсолютно правильным решением глядя на ЕСовскую шизофрению с борьбой с климатом , автомобилями, сельским хозяйством и энергитическим идиотизмом. ЕС неравноправная организация где рулят немцы и французы. Британцы оказались умнее остались независимыми.

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу1

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу

Усе навіны →
Усе навіны

Аляксей Дзікавіцкі расказаў, дзе будзе цяпер працаваць8

Даляр апусціўся за адзнаку 3,5 рубля3

У жонкі беларускага тэнісіста ў Пецярбургу сцягнулі залаты ланцужок4

Як у школьныя электронныя дзённікі трапіла рэклама піва? З'явілася тлумачэнне3

Манашак Свята-Елісавецінскага манастыра прагналі яшчэ з аднаго кірмаша ў Польшчы21

У Варшаве пачынаецца суд па справе згвалтавання і забойства беларускі Лізы2

У Брытаніі ідзе суд над балгарамі, якіх падазраюць у шпіянажы на карысць Расіі

Мінздароўя ўстанавіла нормы прыёму пацыентаў

«Было адчуванне, што людзі ўжо не хочуць вайны». Аляксей Ластоўскі аб наведванні Сірыі і рэжыме Асада як меншым зле15

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу1

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу

Галоўнае
Усе навіны →