Новы міністр замежных спраў першы персанальны візіт здзяйсняе ў Кітай
Максім Рыжанкоў наведвае КНР з афіцыйным візітам з 6 па 9 ліпеня па запрашэнні міністра замежных спраў Кітая Ван І.
Рыжанкоў знаходзіўся на саміце ШАС у Астане, дзе правёў некалькі сустрэч з калегамі, у тым ліку з міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым.
У сталіцы Казахстана беларускі міністр падзяліўся з журналістамі падрабязнасцямі праграмы свайго візіту ў Кітай, піша БелТА.
Маюцца быць пратакольныя, але важныя афіцыйныя мерапрыемствы, звязаныя з урачыстым узняццем дзяржаўнага сцяга Беларусі ў штаб-кватэры ШАС у Пекіне — на саміце ў Астане Беларусь стала паўнапраўным членам гэтай арганізацыі.
«Гэта робіцца ў прысутнасці дыпламатычнага корпуса з адпаведным пратакольным антуражам», — растлумачыў Максім Рыжанкоў.
Акрамя таго прадугледжаны цэлы шэраг сустрэч непасрэдна з кітайскімі прадстаўнікамі. Ключавая сустрэча мае быць з міністрам замежных спраў КНР Ван І.
Паводле яго слоў, трэба будзе таксама сустрэча з кіраўніцтвам Агенцтва па развіцці, якое займаецца рэалізацыяй праектаў за мяжой. Будуць падрабязна абмяркоўвацца такія буйныя сумесныя праекты, як індустрыяльны парк «Вялікі камень», развіццё Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі, і іншыя.
Чакаюцца і сустрэчы міністра ў міжнародным аддзеле ЦК Кампартыі Кітая.
Каментары