Гісторыя11

Гісторык знайшоў у Кракаве канверт, які мяняе погляд на гісторыю беларускай пошты

Гомельскі гісторык Яўген Малікаў піша на «Мова Гомель», як выявіў у кракаўскім архіве канверт з выявай аднаго з найбольш старых паштовых штэмпеляў Гродна канца XVIII стагоддзя.

Kanviert

Кожны, хто працуе ў архівах і бібліятэках у пошуках гістарычных дакументаў, ведае, што паралельна са знаходкамі па сваёй асноўнай навуковай тэме заўжды трапляецца мноства цікавых дробных фактаў па абсалютна розных і не звязаных паміж сабой падзеях, але нечым прыцягальных і запамінальных. Такія мілыя для даследчыцкай душы гістарычныя дробязі, якія ў сваю навуковую працу не ўставіш, але і праігнараваць неяк шкада.

Некалькі тыдняў таму, працуючы ў гістарычных архівах Кракава ў пошуках дакументаў па гісторыі і архітэктуры паўднёва-ўсходняй Беларусі, найперш Гомельшчыны, мне трапіўся такі цікавы «артэфакт» у архіве Польскай акадэміі навук і Польскай акадэміі ўменняў.

Гэта прыватны ліст, які быў напісаны 14 кастрычніка 1778 года ў Гродне нейкім шляхцічам панам А. Шукевічам і адпраўлены ў Вільню да пана Юзафа Машэўскага, канюшага смаленскага. Артэфакт дастаткова банальны для канца XVIII стагоддзя, у змесце ліста нічога цікавага для маіх навуковых тэмаў не выявілася (збольшага там абмяркоўваліся справы лакальнага палітычнага характару), але ўвагу прыцягнуў круглы штэмпель з выявай кароны, паштовага рога і надпісам Grodno, які быў змешчаны на вугле канверта.

Kanviert

Трэба ўлічыць, што звыклыя для нас штэмпелі з датамі, якімі і сёння на пошце прыпячатваюцца маркі на нашых лістах (гасяцца, каб паўторна не выкарыстоўваліся), шырока распаўсюдзіліся толькі пасля з’яўлення саміх паштовых марак — гэта значыцца пасля 1840 года для Вялікабрытаніі (дата з’яўлення першай паштовай маркі «Чорны пені»), і пасля 1857 года для Расійскай імперыі, у склад якой у сярэдзіне XIX стагоддзя ўваходзіла і Беларусь.

А вось да з’яўлення паштовых марак, што клеіліся, выкарыстоўваліся іншыя спосабы пазначэння аплаты паштовых паслуг, якія пазнейшыя даследчыкі так і назвалі — «дамарачныя знакі паштовай аплаты». Да іх адносіліся розныя знакі, у тым ліку спецыяльныя пячаткі, якія наносіліся на канверты альбо на самі адмыслова складзеныя лісты паведамленняў. У выяўленым у кракаўскім архіве выпадку мы маем справу з канвертам, у які ўкладаўся ліст з тэкстам паведамлення, а вугал самога канверта прапячатаны такім штэмпелем. 

Тут варта адзначыць, што ўвогуле першыя паштовыя штэмпелі з’явіліся ў Англіі ў 1661 годзе і вядомыя даследчыкам як «штэмпелі Бішопа», названыя ад імя іх стваральніка. У далейшым, у сувязі з удасканальваннем паштовай службы Вялікабрытаніі, мяняліся ды ўдасканальваліся і выкарыстоўваныя ёю паштовыя штэмпелі. Даследчык Сяргей Прыгара ў сваёй працы «Русская почта в империи, в Турции, в Китае и почта в Царстве Польском», выдадзенай у 1941 годзе, паведамляе, што ў суседняй адносна Рэчы Паспалітай Расійскай імперыі першыя паштовыя штэмпелі былі ўведзеныя пры рэформе паштовага ведамства ў 1782 годзе, іншыя даследчыкі называюць трохі ранейшую дату — 1767 год.

З’яўленне выяўленага гродзенскага штэмпеля звязана з падзеямі часоў кіравання караля і вялікага князя Станіслава Аўгуста Панятоўскага (1764-1795 гады). У Рэчы Паспалітай у канцы XVIII стагоддзя, пасля першага падзелу краіны ў 1772 годзе, актыўна пачалі праводзіцца разнастайныя рэформы, накіраваныя на аздараўленне эканамічнага і палітычнага жыцця краіны — уводзіліся агульнадзяржаўныя меры вагі, даўжыні і аб’ёму, адзінае мыта, паляпшаліся старыя і пракладаліся новыя гандлёвыя шляхі, у тым ліку, напрыклад, пінска-слонімскі і пінска-валынскі тракты, суднаходныя Агінскі і Каралеўскі каналы, што злучалі рэкі басейнаў Дняпра і Нёмана, а адпаведна Чорнае і Балтыйскае мора, а таксама шмат іншых.

Рэфармаванню падлягала таксама і сістэма паштовай службы Рэчы Паспалітай, адной з праяў чаго і стаў выяўлены ў кракаўскім архіве штэмпель на канверце, які з’яўляецца элементам упарадкавання і стандартызацыі дзяржаўнай сістэмы аплаты за паштовыя паслугі.

Kanviert

Знешне выява выглядае як тыповы і звыклы для нас паштовы штэмпель, толькі без даты, але з назвай горада, каралеўскай каронай як пазнакай дзяржаўнай службы і трубой-рогам як сімвалам пошты. Але трэба ўлічваць, што гэты ліст быў адпраўлены з Гродна ў кастрычніку 1778 года і гэта, мяркуючы па ўсяму, выява аднаго з найбольш старых паштовых штэмпеляў не толькі для Гродна, але і для ўсёй Беларусі.

На жаль, не атрымалася высветліць, ці быў падобны штэмпель апублікаваны раней у працах даследчыкаў гісторыі пошты на беларускіх землях, але ў любым выпадку гэтая знаходка можа быць карыснай для беларускіх і гродзенскіх даследчыкаў, якія займаюцца даследаваннем адпаведнай тэматыкі.

Каментары1

  • Жвір
    02.08.2024
    Цікава.

«Сказаў: я тут нічога прасіць не буду». Жонка расказала, як Верамейчыка прызналі пагрозай у Літве

«Сказаў: я тут нічога прасіць не буду». Жонка расказала, як Верамейчыка прызналі пагрозай у Літве

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску прадаюць 24-гадовую Alfa Romeo 166 за 15 тысяч даляраў. Што ў ёй такога?4

Правакатара і даносчыка Яўгена Какойту афіцыйна прызналі палітвязнем3

Сясцёр-беларусак, якія зніклі ў турэцкіх гарах, знайшлі жывымі5

Нейрасеткі могуць выпадкова выдаць інструкцыю стварэння ядзернай зброі?

У Азіі затрымалі былога байца Палка Каліноўскага20

Памілавалі яшчэ 32 палітвязняў9

Комік Нарышкін расказаў, як яму забаранілі ўезд у Літву2

«Нас, лічы, выкралі!» Хлопец з дзяўчынай не выйшлі з аўтобуса на канчатковым прыпынку, і кіроўца звёз іх2

Капітанам кітайскага судна, якое падазраюць у пашкоджанні кабеляў на дне Балтыйскага мора, аказаўся грамадзянін Расіі5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Сказаў: я тут нічога прасіць не буду». Жонка расказала, як Верамейчыка прызналі пагрозай у Літве

«Сказаў: я тут нічога прасіць не буду». Жонка расказала, як Верамейчыка прызналі пагрозай у Літве

Галоўнае
Усе навіны →