Грамадства130130

Хто такі блогер-канспіролаг Вірус, які штодня абражае і пляжыць беларускі дэмакратычны рух?

З якой сям'і ён паходзіць, якія тры судзімасці мае, чаму ненавідзіць Святлану Ціханоўскую і за што паважае Вольгу Карач? Складаем партрэт Віталя Кандраценкі.

Віталь Кандраценка падчас стрыму

«*** — гэта прарасійскі вырадак, які вырашыў, што перафарбаваўся, але якім быў, такім і застаўся». «Слабо падысці да *** і сказаць: якая ж ты сука». «Ну ты і вылізаў ёй, ***! Адмірал глыбокага мора бырла, якое ты ўжываеш».

Што гэта за набор хамства? Гэта адвольная падборка цытат з тэлеграм-канала апазіцыйнага блогера-канспіролага Віталя «Віруса» Кандраценкі, узятая за адзін дзень. Прычым замест зорачак можна падстаўляць імя любога прадстаўніка дэмакратычных сілаў і медыя. З лукашэнцаўцамі Вірус ваюе эпізадычна, а вось генератар хлусні, абразаў і агрэсіі ў бок апазіцыі працуе штодня, без перапынкаў і выходных.

Хто такі гэты Віталь Кандраценка, адкуль узяўся і ў чым яго феномен? Давайце разбірацца.

У чым небяспека Віруса?

Колькасць падпісчыкаў Віруса насамрэч мізэрная. У тэлеграме на яго канспіралагічныя развагі падпісаныя 1667 акаўнтаў, у сярэднім кожную публікацыю чытаюць усяго 635 чалавек.

У ютубе сітуацыя не лепшая — з пяці стрымаў за апошні месяц толькі адзін набраў больш за 1000 праглядаў, астатнія застаюцца ніжэй нават за гэтую невысокую планку.

Але Кандраценка становіцца крыніцай для расійскіх СМІ, якія разносяць яго канспіралагічныя тэорыі. Для кагосьці з іх гэта асэнсаваная праца супраць дэмакратычнага руху Беларусі, для кагосьці проста пошук танных псеўдасенсацый.

Апроч таго, яго допісы распаўсюджвае сетка ананімных каналаў, створаных для дыскрэдытацыі дзейнасці дэмакратычных сілаў. Як і Вірус, яны не змагаюцца з Лукашэнкам, а спрабуюць перахапіць уладу ўнутры апазіцыі.

Здараюцца і зусім абуральныя выпадкі, калі блогер хваліцца «інсайдамі» — і апублічвае інфармацыю з напаўзакрытых канферэнцый, падводзячы пад рэпрэсіі людзей унутры Беларусі.

Дзве асноўныя канспіралагічныя тэорыі Віруса

За апошні год блогер стараўся раскруціць некалькі асноўных гісторый.

Маці Валера Кавалеўскага, былога «міністра замежных спраў» Ціханоўскай, мела расійскае грамадзянства і рабіла бізнэс у Расіі — гэта факт. Але з гэтага Вірус робіць безапеляцыйную выснову, што Кавалеўскі — расійскі агент.

Наступная гісторыя — пра цесця сузаснавальніка ініцыятывы By_help Аляксея Лявончыка. У жонкі Лявончыка ёсць айчым, Сяргей Баклагін. Ён працаваў намеснікам начальніка аддзела ў Радзе бяспекі, а пасля займаў пасаду начальніка ўпраўлення ў Кіраўніцтве спраў Лукашэнкі. Лявончык запэўнівае, што не камунікуе з цесцем з 2015 года — і доказаў адваротнаму апублікавана не было.

У Віруса ж логіка іншая. Ён запэўнівае, што той цесць Баклагін — правая рука Лукашэнкі. І маўляў, праз гэтага цесця Лявончык і Андрэй Стрыжак зліваюць беларускім спецслужбам удзельнікаў пратэсту. Не вывозяць з Беларусі і аказваюць дапамогу — а зліваюць. Доказаў — ізноў ніякіх.

Чаму мы пераказваем гэтыя дзіўныя абвінавачванні? Бо яны выдатна ілюструюць асобу самога Кандраценкі.

Калі падсумаваць логіку блогера, то атрымліваецца так: калі ў чалавека маці з Расіі, то ён расійскі агент, а калі яго бацька працуе з беларускімі сілавікамі, то ён яшчэ і лукашэнкаўскі агент. Добра, няхай так, а што ў самога Кандраценкі з біяграфіяй?

У беларускай пашпартнай базе пазначана, што бацька Віруса — 60-гадовы падпалкоўнік у адстаўцы Валерый Кандраценка. Вучыўся ў расійскім Серпухаве, служыў у штабе 15-й зенітна-ракетнай брыгады Паўночна-Заходняга аператыўна-тактычнага камандавання Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны. А пасля працаваў начальнікам службы ў Міністэрстве абароны. Калі выйшаў на пенсію, то ўладкаваўся ў «Агат» — галоўнае прадпрыемства вайскова-прамысловага комплексу Беларусі, якое выконвае заказы для расійскай ваеннай машыны. Яшчэ працаваў у расійскай кампаніі «Альтхэвен Тэхноладжы» з каранямі ў афшорным Белізе, а таксама на прадпрыемстве «Атамтэх».

Для паўнаты карціны згадаем і пра маці Віруса. 58-гадовая медсястра Ларыса Кандраценка (Бычкова) паходзіць з расійскага Серпухава, але цяпер мае беларускае грамадзянства.

Ці павінны мы рабіць выснову, што за кошт месца працы і паходжання бацькоў Вірус — расійскі і пралукашэнкаўскі агент?

Што рабіў Віталь Кандраценка да 2020?

Віталь Кандраценка ў 2011 годзе. Фота з яго фэйсбука

Яшчэ адна прынцыповая прэтэнзія Кандраценкі да прадстаўнікоў цяперашняй апазіцыі — тое, што шмат хто з іх да 2020 ніяк не ўдзельнічаў у дэмакратычным руху. Так і ёсць, і Павел Латушка, і Валер Цапкала, і Аляксандр Азараў шмат гадоў працавалі на дзяржаўнай службе, пакуль тысячы актывістаў апазіцыі атрымлівалі штрафы, суткі і тэрміны.

Але і Віталя Кандраценку ніяк не знойдзеш сярод даўніх апазіцыянераў. Чым займаўся ён?

Вышэйшай адукацыі ў Кандраценкі няма, скончыў толькі ПТВ. Колькасць яго месцаў працы велізарная, ён спрабаваў сябе ў розных сферах: і на фабрыцы па вырабе медыцынскіх вырабаў, і на рамонтным заводзе, і на будоўлі мастоў, і ў піцэрыі. Урэшце аформіў ІП як фатограф, працаваў у парку.

Што яшчэ дакладна ёсць у яго біяграфіі, дык гэта тры судзімасці — дзве за крадзяжы і адна за ўхіленне ад пакарання. Палітычнага падтэксту тут не знойдзеш.

  1. Частка 1 артыкула 205 КК Беларусі. 19 сакавіка 2004 года здзейсніў крадзеж на суму 90 тысяч рублёў (недэнамінаваныя рублі).
  2. Частка 1 артыкула 205 КК Беларусі. 11 снежня 2005 па праспекце Незалежнасці 157-** у Мінску скраў у К.Францава 600 тысяч рублёў (недэнамінаваныя рублі).
  3. Артыкул 416 КК Беларусі — ухіленне ад адбывання выпраўленчых прац.

Пачатак палітычнай актыўнасці

Рух за перамены, які выкрышталізаваўся ў 2020 годзе, ахапіў людзей самых розных прафесій і рознага сацыяльнага статусу. У віры падзей апынуўся і Віталь Кандраценка.

Ён быў прыхільнікам блогера Уладзіміра Цыгановіча — MozgON'а, які цяпер адбывае 16-гадовы тэрмін за «арганізацыю пратэстаў». MozgON і пазнаёміў яго з Сяргеем Ціханоўскім. 

Вопытны палітык Мікола Статкевіч прыдумаў стратэгію «кандыдатаў пратэсту» — каб як мага больш актывістаў зарэгістраваліся прэтэндэнтамі ў прэзідэнты і атрымала магчымасці ладзіць легальныя пратэсныя акцыі. Кожнаму з іх былі патрэбныя сябры ініцыятыўнай групы. І вось Кандраценка запісаўся ў групу Сяргея Ціханоўскага. Калі ж блогера не зарэгістравалі, яго спіс прыхільнікаў аддалі ў Цэнтрвыбаркам як спіс ініцыятыўнай групы яго жонкі, Святланы Ціханоўскай.

Так Кандраценка стаў зборшчыкам подпісаў за Ціханоўскую — якую цяпер ненавідзіць і лічыць здрадніцай і агенткай рускага свету.

Першасная каманда Ціханоўскай была малалікай, людзі не мелі ніякага палітычнага і выбарчага досведу. Напрыклад, у першы дзень збору подпісаў на Камароўцы ў Мінску, калі ўтварыліся чэргі ахвотных падпісацца за Ціханоўскую, усіх людзей запісвалі на адзін аркуш — хоць па законе так рабіць нельга. Жыхары Фрунзенскага раёна запісваюцца асобна, Маскоўскага асобна — бо гэтыя спісы трэба будзе здаваць у адпаведныя раённыя адміністрацыі. А каманда Ціханоўскай, набраная з энтузіястаў, спачатку гэтага проста не ведала.

Кандраценку тады нават паставілі каардынатарам збору па Мінскай вобласці. Ён адзначае, што быў адказным яшчэ і за пяць раёнаў Мінска. У некаторых такіх жа каардынатараў подпісы адбірала міліцыя. А вось Кандраценка здолеў захаваць паперы ў сваёй здымнай кватэры.

Выезд з Беларусі

Цяпер Кандраценка абвінавачвае палітыкаў за тое, што яны абралі бесперспектыўны мірны шлях барацьбы з Лукашэнкам, і настойвае на сілавым змаганні. Сам жа ён з'ехаў з Беларусі пасля таго, як яму стала пагражаць першая адміністратыўка.

6 чэрвеня 2020 года падчас збору подпісаў у Горках адбыўся інцыдэнт. Міліцэйскі правакатар зачапіў Кандраценку аўтамабілем, той выклікаў ДАІ, але сілавікі зрабілі вінаватым менавіта Кандраценку — маўляў, ён зрабіў ілжывую заяву.

За гэта яму маглі прысудзіць штраф ці адправіць на 15 сутак. Каб не ісці ў міліцыю, 19 чэрвеня 2020 года, у апошні дзень збору подпісаў, Кандраценка з'ехаў ва Украіну.

Ён расказвае ў інтэрв'ю, што прыдумаў арыгінальную схему —з’ехаў на нейтральную паласу Беларусі і Украіны, а пасля вярнуўся ў Беларусь, каб два тыдні легальна сядзець у каранціне і не ісці ў міліцыю. «Але потым мяне зноў пачалі чапаць, я зразумеў, што гэта капут і з мяне не злезуць. Таму ў ліпені з’ехаў ва Украіну», — расказваў Кандраценка «Нашай Ніве».

Выпіскі з памежных базаў абвяргаюць яго словы. Кандраценка з'ехаў з Беларусі 19 чэрвеня 2020 года і больш не вяртаўся. Таму нават у мірных пратэстах ён не ўдзельнічаў, не кажучы ўжо пра нейкі ўзброены супраціў, да якога заклікае.

Праца на радыё

За мяжой Віталь Кандраценка стаў вядучым Радыё-97 разам з Максам Морысанам. Радыё-97 — ютуб-праект з размовамі пра палітыку. Не сказаць, каб гэтыя эфіры адразу здабылі шалёную папулярнасць, але ў той час стваралася безліч розных аматарскіх праектаў і каля кожнага гуртавалася якая-ніякая аўдыторыя. Стваральнікі атрымлівалі данаты ад слухачоў, а таксама звярталіся па фінансавую дапамогу ў розныя арганізацыі.

Кандраценка казаў, што камандзе Радыё-97 тады моцна дапамагаў «Наш Дом» Вольгі Карач. Гэта прадвызначыла яго палітычную пазіцыю на гады наперад. Ён змешвае з брудам амаль усіх астатніх палітыкаў, а да Вольгі Карач ставіцца з павагай.

Крыўда на Ціханоўскую

Па словах знаёмых Кандраценкі, у той час — восень 2020 года — у яго сфарміравалася смяротная крыўда на Святлану Ціханоўскую і перадусім на яе Офіс.

Першасная каманда Ціханоўскай — тыя аматары, якія дасталіся ёй ад Сяргея Ціханоўскага і збіралі за яе подпісы, — фактычна развалілася. Нехта з іх быў арыштаваны ў Беларусі яшчэ перад выбарамі, нехта аказаўся адарваны тэрытарыяльна — апынуўся не ў Літве, а ў іншых краінах. І толькі адзінкі змаглі знайсці паразуменне з палітыкамі, якія згуртаваліся вакол Ціханоўскай і ўтварылі яе новую каманду.

Таму асноўны ўдар Кандраценка і спрабуе нанесці па атачэнні Ціханоўскай. Галоўныя ворагі — Франак Вячорка, Анатоль Лябедзька, Аляксандр Дабравольскі, Валер Кавалеўскі (хоць ужо і звольніўся), Аліна Коўшык.

У канцы 2020 года Кандраценка яшчэ сябраваў з колішняй кіраўніцай штаба Ціханоўскай Марыяй Мароз (якую цяпер таксама лічыць сваім ворагам), яго бачылі і ў Офісе. Але ў каманды Ціханоўскай ужо тады было шмат пытанняў і недаверу — так, Вірус нібыта актыўны, але ніхто не разумеў, адкуль ён узяўся, што ў яго за бэкграўнд.

Па словах знаёмых Кандраценкі, ён перакананы ў сваіх унікальных аналітычных здольнасцях і засмучаны, што палітыкі займаюць месца, якое мусіла б належаць яму.

Выбар палітычнай пазіцыі

У маі 2021 года вядучыя Радыё-97 перасварыліся, і Кандраценка адправіўся ў свабоднае плаванне. Блогер стварыў падобны праект — «Асцярожна, Вірус», толькі цяпер працаваў у адзіночку. З цягам часу праект быў перайменаваны ў «Фенікс».

Падзеі 2021 года падаюцца надзвычай далёкімі, хоць з таго часу прайшло ўсяго тры гады. Магчыма, шмат хто ўжо не ўзгадае, але тады сярод многіх прыхільнікаў апазіцыі былі моднымі размовы пра тое, што ўладу ў Беларусі трэба браць сілай. Маўляў, Ціханоўская са сваім мірным пратэстам нічога не паказала, таму трэба перахопліваць у яе ініцыятыву.

Вольга Карач з Ігарам Макарам рыхтавалася да Дня Х, Юрась Зяньковіч і Аляксандр Фядута дамаўляліся з сілавікамі, а таямнічы Дыс з Германіі ствараў атрады самаабароны, якія павінны здзяйсняць дыверсіі на тэрыторыі Беларусі.

Гэта пасля стала зразумела, што Дзень Х Вольгі Карач так і не надышоў, Зяньковіча развялі спецслужбісты, яны ж былі інфільтраваныя і ў атрады самаабароны. А Дыс раптоўна знік у невядомым кірунку, больш яго ніхто не бачыў.

І вось у гэтай палітычнай барацьбе Вірус-Кандраценка — які, нагадаем, з'ехаў з Беларусі пад пагрозай першай адміністратыўкі, — рашуча падтрымаў кааліцыю прыхільнікаў прымянення сілы. Тады яго разыходжанне з поглядамі Офіса Ціханоўскай адбылося канчаткова.

Адметна, што калі прагартаць канал «Асцярожна, Вірус» за сярэдзіну 2021 года, то навінаў пра поўны разгром усіх гэтых атрадаў самаабароны, нашпігаваных кадэбэшнікамі, не пабачыш зусім. Як і звычайна ў такіх выпадках, пра свае памылкі ён стараецца не ўзгадваць. Проста робіць выгляд, што нічога такога не адбылося.

Хто сябры, а хто ворагі для Віруса?

Да каго ж з палітыкаў і палітычных ініцыятыў Віталь Кандраценка ставіцца з павагай? Насамрэч спіс скласці няпроста. Амаль усе — ворагі. Пра Ціханоўскую і Вячорку не варта і згадваць, тут усё зразумела. Латушка — вораг. Пракоп'еў з Ягоравым і Кныровічам — ворагі, Байполы і Белполы — ворагі. «Вясна» і асабіста Бяляцкі — ворагі. Стрыжак — увогуле стварэнне з пекла.

Тое самае можна прачытаць і пра Бабарыку з Калеснікавай. Прычым Кандраценка месяц за месяцам зацята пераконвае, што Лукашэнка вось-вось адпусціць Калеснікаву, каб яна працягвала знутры знішчаць пратэст. Натуральна, прагноз ніяк не спраўджваецца.

Варта згадаць і СМІ. Кандраценка ненавідзіць не толькі «Нашу Ніву», але і «Люстэрка», і «Белсат», і «Свабоду», і «Еўрарадыё», і «Рэформ», і іншых — усе дэмакратычныя медыя.

І гэта не проста крытыка. Гэта дзіцячае перакрыўліванне імёнаў і прозвішчаў, здзекі з выгляду апанентаў, туалетныя альбо сэксуальныя намёкі. «Гэта жывёлы — не людзі, няма чаго іх чалавечымі імёнамі называць, яны дзеля бабла гатовыя ўсіх здрадзіць», — тлумачыць Вірус.

Узровень дыскусіі ці абмеркавання цалкам супадае са стылістыкай Рыгора Азаронка. Прычым якраз Азаронка Кандраценка амаль не заўважае.

«Зараз для мяне ёсць толькі ШОС, «Супраціў», Зянон», — пісаў Кандраценка ў 2021 годзе.

ШОС (Штаб аб'яднанага супраціву) — аб'яднанне палітыкаў-адзіночак, сярод якіх самымі пазнавальнымі былі Вольга Карач і Дзмітрый Шчыгельскі. Іншыя імёны мала што кажуць нават прыхільнікам пераменаў: Антон Малкін, Міхаіл Кучараў, Вера Хортан і іншыя.

У «Супраціў» уваходзілі «Кіберпартызаны», «Дружыны Народнай Самаабароны» і ініцыятыва «Буслы ляцяць». Актывісты «Буслоў», якія праводзілі партызанскія акцыі — пашкодзілі сістэму відэаназірання, псавалі аўтамабілі суддзяў і прапагандыстаў, — былі арыштаваныя і атрымалі велізарныя тэрміны — аж да 15 гадоў зняволення. Яны прызнаныя палітвязнямі.

Нейкі час Кандраценка сапраўды ледзь не маліўся на Зянона Пазняка, але ўрэшце запісаў у ворагі і яго.

А вось Дзмітрыя Балкунца спачатку зацята крытыкаваў, бо лічыў прарасійскім, а цяпер дараваў яму расійскае мінулае: «Мне жыць не перашкаджае. Хоць рэпосціць, і на гэтым дзякуй».

Быў гатовы заплюшчваць вочы і на лукашэнкаўскае мінулае Валерыя Цапкалы — бо ўспрымаў яго як сітуатыўнага саюзніка па барацьбе з Ціханоўскай.

І яшчэ Сямён Шарэцкі. Кандраценка паважае былога спікера Вярхоўнага Савета Беларусі і перастаўляе ўсе яго праграмныя артыкулы. Шарэцкі, нагадаем, эміграваў у ЗША ў пачатку 2000-х.

Канспіралагічная аналітыка

Калі раней Вірус проста перапошчваў у свой канал навіны з усіх магчымых незалежных медыя, то пасля ён стаў дадаваць уласную аналітыку — пераважна гэта былі не падмацаваныя нічым канспіралагічныя тэорыі.

У навінах перыядычна паведамляюць пра затрыманні адміністратараў чатаў дыяспар. Людзі, які не ажыццяўлялі ніякай палітычнай дзейнасці, заязджаюць у Беларусь — і іх арыштоўваюць, бо чаты абвешчаныя «экстрэмісцкімі фарміраваннямі». Здавалася б, да якой высновы можна было прыйсці?

Вірус пераконвае сваю аўдыторыю, што гэта лукашэнкаўскія спецслужбы адклікаюць сваіх агентаў назад: «Большасць адмінаў — пацукі, за выключэннем некаторых, але іх адзінкі».

У пачатку 2010-х у «Свободных новостях плюс» — тады афіцыйна зарэгістраванай незалежнай газеце, якая была закрытая пасля 2020 года — публікаваліся гутаркі вядомага журналіста Змітра Лукашука з рознымі героямі. Натуральна, кожны выпуск газеты трапляў у бібліятэкі. І вось цяпер Кандраценка патрапіў на сайт Прэзідэнцкай бібліятэкі Беларусі і знайшоў там у каталогу старыя артыкулы «Свободных новостей».

«Лукашук — чыста лукашысцкі журналіст. Як гэта даказваецца? Ды на раз-два. Таму што ў адкрытым доступе Лукашуком бы ў Прэзідэнцкай бібліятэцы не пахла ў каталогах. Было б, напрыклад, у закрытых бібліятэках адпаведных арганізацый. Але не так адкрыта. [Значыць], Лукашук тысячы разоў быў дазволены і тысячы разоў правераны хунтай», — робіць выснову канспіролаг. Не разумеючы — або свядома замоўчваючы, што гэтаксама ў каталогу можна знайсці любыя артыкулы афіцыйна зарэгістраваных газет.

Што яшчэ? Напрыклад, блогер сумняецца, што Максім Знак, Марыя Калеснікава і Віктар Бабарыка ўвогуле знаходзяцца за кратамі. «А калі і сядзяць, то ў вельмі добрых умовах», — перакананы ён. Доказаў гэтаму натуральна няма і не можа быць. Іншыя палітвязні бачылі іх за кратамі, іх утрымліваюць у гранічна цяжкіх умовах.

Адно з «расследаванняў» Віруса было прысвечана былому палітвязню Алегу Кулешу і яго сям'і. Чым блогер упікае ўдзельніка пратэстаў?

Напрыклад, тым, што яго брат узначальвае гаспадарку ў Пружанскім раёне. Але кім Вірус лічыць гэтага дырэктара калгаса? «Галоўны лукашысцкі ідэолаг Пружанаў», — паведамляе Кандраценка сваім падпісчыкам.

Галоўны ідэолаг — начальнік аддзела ідэалагічнай працы райвыканкама, але прычым тут брат Кулешы, калі ён займае абсалютна іншую пасаду? Прычына ў тым, што некалі раней той быў другім сакратаром раённага БРСМ. Але ў фантазіях Віруса гэта адно і тое ж.

«Чарговы сваячок — Вадзім Анатольевіч Кулеша. Мамант савецкай і расійскай палітыкі 1990-х». Як высвятляецца, дзед гэтага Вадзіма Кулешы ў 1915 годзе падчас вайны з'ехаў з Пружанаў на ўсход, у Расію, і ніколі не вяртаўся ў Беларусь. Няма нават ніякага намёку на сваяцтва, проста аднолькавае прозвішча. Але для Віруса гэта не мае значэнне. Калі той Кулеша і гэты Кулеша — значыць, сваякі!

Кандраценка ганарыцца такімі расследаваннямі і здзіўляецца, што ніхто не хоча іх рэпосціць.

«Матолька напісаў данос на Пальчыса»

Аднак для фармулявання глыбокіх канспіралагічных тэорый усё ж трэба мець якую-ніякую эрудыцыю, а гэтага Кандраценку часта бракуе. Ён прыйшоў у апазіцыю толькі ў 2020 годзе, таму прапусціў тыя працэсы, што адбываліся раней. У выніку ягоныя развагі выглядаюць прымітыўнымі і дылетанцкімі, але ён сам гэтага не заўважае.

Вось некалькі прыкладаў.

Люты 2022 года, рэферэндум. Святлана Ціханоўская заклікае прыйсці на ўчасткі ў 14:00.

Вірус піша: «Раман Пратасевіч кажа, што на ўчастках для галасавання з 14.00 да 16.00 перапынак! Успомніце, у колькі штаб кліча адэптаў? Правільна! У 14.00! Гэта хунта рыхтуе 2 гадзіны сабе на зачыстку? Увогуле, мне цікава, чаму штаб да гэтага часу не памяняў сваю недатактыку, або ім проста нас*аць на людзей?»

Калі чалавек хоць трохі разбіраецца ў беларускай палітычнай сістэме, то ведае, што перапынак бывае ў дні датэрміновага галасавання (цяпер яго адмянілі). А ў асноўны дзень ніякага абеду ў прынцыпе няма.

А вось яшчэ адна гісторыя. У 2018 годзе Антон Матолька напісаў зварот у КДБ, адправіўшы ім спасылку на антыкарупцыйнае расследаванне Эдуарда Пальчыса пра Курапаты на сайце 1863x.

Калі Кандраценка даведаўся пра гэта, убачыўшы зварот ва ўзламанай базе Кіберпартызанаў, ён прыйшоў да высновы:

«Гэта значыць, *** ужо не хаваецца, што пісаў звароты ў КДБ. Самае галоўнае ў даносе Антона Матолькі менавіта тое, што артыкул быў напісаў інкогніта, а Антоша зліў, што аўтарам артыкула з'яўляецца менавіта Пальчыс. І галоўнае, глядзіце, радаваўся таму, што зліў апанента. Матолька жыве прыпяваючы, Пальчыс сядзіць».

У 2018 годзе Пальчыс і Матолька былі арганізатарамі святкавання стагоддзя БНР, яны не былі апанентамі. Ды і Пальчыс ніяк не хаваў на той момант, што менавіта ён вядзе сайт 1863x. Але для Віруса гэта няважна — для яго важней укінуць хлусню, спадзеючыся, што ніхто не будзе разбірацца ў ёй.

Прагнозы і інсайды

Калі ж Вірус дае прагнозы, атрымліваецца не лепш. Гаворка не пра абстрактныя развагі, напрыклад, пра тое, што Беларусь рана ці позна можа пайсці на збліжэнне з Захадам. А пра сітуацыі, калі Кандраценка спрабуе сфармуляваць нешта канкрэтнае на блізкую перспектыву.

Як звычайна і адбываецца ў такіх выпадках, пра 80% няспраўджаных прагнозаў ён больш і не ўзгадвае. Затое пра тыя 20%, што ўдалося ўгадаць — хаця б проста па тэорыі імавернасці, — ён будзе з пафасам нагадваць раз за разам.

Кастрычнік 2023: «Сябры, ад чатырох крыніц, якія ніколі не падводзілі, у мяне ёсць дакладная інфармацыя: ужо ў 2025 годзе Франак [Вячорка] будзе ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах як…. кандыдат ад аб'яднаных апазіцыйных сіл. Ён вернецца ў Беларусь і трапіць пад амністыю».

Такі абсурд нават каментаваць складана, але, вяртаючыся да ранейшага тэзісу пра адсутнасць эрудыцыі Віруса, удакладнім, што на момант выбараў Вячорку будзе 36-37 гадоў. А ў абноўленай Канстытуцыі прапісана, што кандыдату павінна быць мінімум 40 гадоў.

Снежань 2023: «Ціханоўская абвесціць [Іллю] Панамарова лідарам расійскіх дэмакратычных сілаў, Панамароў у адказ прызнае яе легітымнасць». Нешта такое адбылося? Натуральна, не.

Ёсць і зусім свежая аналітыка. У размове са сваімі падпісчыкамі Кандраценка прагназуе, што Лукашэнка можа пайсці ва-банк і ў 2025 годзе арганізаваць сумленныя выбары з усімі назіральнікамі. А калі і будзе ўдзельнічаць у выбарах, то намінальна. Праз паўгода можна будзе чарговы раз праверыць глыбіню аналітыкі пакрыўджанага на ўсіх блогера.

Віталь Кандраценка падчас стрыму

Агент ці не агент?

Цяпер Віталь «Вірус» Кандраценка жыве ва Украіне. Найхутчэй, што ў адносна мірным Ужгарадзе. На якія грошы? Якія-ніякія сумы атрымлівае ад гледачоў падчас стрымаў, але выглядае, што грошы там збіраюцца мінімальныя.

Адметна, што калі пачалася вайна, Кандраценка, зацяты прыхільнік сілавога змагання з лукашэнкаўскай і пуцінскай дыктатурамі, ніяк не выказаў жадання асабіста далучыцца да супраціву. Затое часам абвяшчае зборы на дапамогу ўкраінскім вайскоўцам.

Спрабуе аформіць сабе шэнгенскую візу — але марна, Польшча не хоча бачыць Кандраценку ў сябе. 

Калі чалавек паводзіць сябе як агент і правакатар, то ёсць вялікая спакуса і лічыць яго агентам і правакатарам на заданні. Але ці можа быць такое, што гэта не платная дзейнасць на раз'яднанне пратэсту і дыскрэдытацыю ўсіх дэмакратычных сілаў, а проста спецыфічнае бачанне свету? Нічога выключаць нельга.

Тэлеграм-канал Віталя Кандраценкі абвешчаны ў Беларусі «экстрэмісцкім фармаваннем», таму дарога на радзіму яму як мінімум фармальна закрытая. Дакументаваных доказаў яго працы на лукашэнкаўскія спецслужбы няма. Дакладныя адказы на пытанне, ці агент ён, з'явяцца толькі тады, калі адкрыюцца архівы лукашэнкаўскага КДБ.

Каментары130

  • o
    15.08.2024
    Niejki niaŭdačnik.
  • Лёлік з-пад Лімасола
    15.08.2024
    ці не зашмат літар для такога npc?
  • На фота
    15.08.2024
    Нейкі чорт з рагамі.

«Сказаў: я тут нічога прасіць не буду». Жонка расказала, як Верамейчыка прызналі пагрозай у Літве

«Сказаў: я тут нічога прасіць не буду». Жонка расказала, як Верамейчыка прызналі пагрозай у Літве

Усе навіны →
Усе навіны

Правакатара і даносчыка Яўгена Какойту афіцыйна прызналі палітвязнем3

Сясцёр-беларусак, якія зніклі ў турэцкіх гарах, знайшлі жывымі5

Нейрасеткі могуць выпадкова выдаць інструкцыю стварэння ядзернай зброі?

У Азіі затрымалі былога байца Палка Каліноўскага20

Памілавалі яшчэ 32 палітвязняў9

Комік Нарышкін расказаў, як яму забаранілі ўезд у Літву2

«Нас, лічы, выкралі!» Хлопец з дзяўчынай не выйшлі з аўтобуса на канчатковым прыпынку, і кіроўца звёз іх2

Капітанам кітайскага судна, якое падазраюць у пашкоджанні кабеляў на дне Балтыйскага мора, аказаўся грамадзянін Расіі5

У Мінску людзі ўначы выстройваюцца ў чэргі, каб купіць рэдкія манеты

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Сказаў: я тут нічога прасіць не буду». Жонка расказала, як Верамейчыка прызналі пагрозай у Літве

«Сказаў: я тут нічога прасіць не буду». Жонка расказала, як Верамейчыка прызналі пагрозай у Літве

Галоўнае
Усе навіны →