У Беларусі пачалі збіраць кітайскія мікрааўтобусы раней невядомага нам брэнду. Што за яны і колькі каштуюць
Кітайскі аўтапрам працягвае заваёўваць беларускі аўтамабільны рынак. Апроч ужо звыклых красовераў і седанаў, на рынак заходзяць вытворцы лёгкай камерцыйнай тэхнікі.
Made in Belarus?
Брэнд Shineray афіцыйна выйшаў на рынак Беларусі ў 2024 годзе. Беларусам прапануюцца як пасажырскія версіі на 7 або 9 месцаў, так і грузавыя фургоны.
Пад капотам мікрааўтобусаў усталяваны 2-літровы бензінавы рухавік магутнасцю 150 к.с., які працуе ў пары з 5-ступеньчатай механічнай каробкай перадач. Прывад — задні. Заяўлены расход паліва — ад 7,2 літра на 100 км.
Shineray M7 прадаецца па цэнах ад 85 200 рублёў (каля 26 тысяч даляраў).
Як заяўляе афіцыйны дыстрыб'ютар, у Беларусі ўжо прадаюцца аўтамабілі мясцовай зборкі. Зборку запусцілі толькі гэтай восенню. Да Новага года плануюць сабраць больш за 100 аўтамабіляў.
Пастаўшчыкі прызнаюць, што асноўная перавага беларускай зборкі — гэта магчымасць эканоміць на ўтылізацыйным зборы.
З папярэдніх заяў пастаўшчыка ў цэлым вынікае, што калі б не заходнія санкцыі і павышэнне ставак утылізацыйнага збору, беларускія аўтааматары, магчыма, так і не даведаліся б пра існаванне Shineray M7.
Нават у рэкламным матэрыяле пастаўшчык прызнаваўся, што яшчэ ў 2021 годзе бізнэс хутчэй быў гатовы пераплаціць і набыць, напрыклад, новы еўрапейскі фургон у афіцыйнага дылера замест новага «кітайца». Але часы змяніліся.
Як змены ў заканадаўстве Беларусі і ЕС адкрылі дарогу Shineray
З 1 красавіка ў Беларусі адчувальна паднялі стаўкі ўтылізацыйнага збору на грузавую тэхніку, у тым ліку лёгкую камерцыйную.
А пазней Еўрасаюз увёў новыя санкцыі, якія забараняюць экспарт у Беларусь грузавога транспарту. А таксама легкавога з аб'ёмам рухавіка, большым за 1,9 літра.
Праз гэта можна не сумнявацца, што невядомыя раней кітайскія мікрааўтобусы беларускай зборкі будуць карыстацца попытам.
Каментары
Такая себе схема прикрытия нелегальных поставок.