У Мінскі заапарк пераехаў леапард, якога вывезлі з акупаванага расіянамі Сватава
Расійскія войскі захапілі горад у Луганскай вобласці ў пачатку поўнамаштабнага ўварвання ў 2022 годзе. Баі каля Сватава ідуць і цяпер.
У Мінскі заапарк прывезлі леапарда па мянушцы Порш. Яму каля 3-4 гадоў, апошнім часам жывёла знаходзілася ў расійскім хоспісе для дзікіх катоў «Дом тыгра».
Работнікі заапарка расказалі дзяржСМІ, што Порша выратавалі з зоны баявых дзеянняў, але без канкрэтыкі. Мяркуючы па ўсім, да 2022 года Порш разам з яшчэ адным леапардам жыў ва ўкраінскім Сватаве Луганскай вобласці.
Расійскія войскі захапілі горад у самым пачатку поўнамаштабнага ўварвання — 6 сакавіка 2022 года. У верасні расіяне на нейкі час пакінулі Сватава на фоне наступлення УСУ, аднак потым вярнуліся. З таго часу горад знаходзіцца непасрэдна ў зоне інтэнсіўных баявых дзеянняў.
Аб лёсе гаспадара двух леапардаў нічога невядома. У кастрычніку 2023-га жывёл са Сватава расійскія валанцёры вывезлі ў хоспіс у Ленінградскай вобласці, дзе ўтрымліваюць жывёл, якім патрэбны асаблівы догляд. Аднак Порш быў цалкам здаровы, і для яго шукалі новы паўнавартасны дом.
У выніку леапарда вырашылі перадаць у Мінскі заапарк, дзе, дарэчы, ужо жыве адзін леапард — 17-гадовы Леа.
Для Порша ў заапарку арганізавалі асобны вальер з тэрасай. У заапарку расказваюць, што леапард хутка адаптаваўся да новага месца.
Каментары