Свет

Крэмль нарэшце прызнаў, што Саудаўская Аравія адмовілася ад членства ў БРІКС

Расійскія ўлады моцна спадзяваліся заручыцца падтрымкай Саудаўскай Аравіі на саміце БРІКС у Казані і нават пазначылі яе ў прэзентацыі саміту як паўнапраўнага члена арганізацыі, аднак рэальнасць аказалася далёка не такой вясёлкавай. 

Саудаўскі прынц Махамед бен Салман з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім у лютым 2024 года. Фота: Bandar Aljaloud/Saudi Royal Palace via AP

Саудаўская Аравія, якая атрымала запрашэнне ўступіць у БРІКС у пачатку 2024 года, так і не стала паўнавартасным членам блока, прызнаў памочнік Пуціна па міжнародных справах Юрый Ушакоў, перадае агенцтва The Moscow Times са спасылкай на ТАСС.

«Саудаўская Аравія на саміце БРІКС у Казані знаходзіцца ў статусе запрошанай дзяржавы. Гэта значыць, можна сказаць, што Саудаўская Аравія будзе ўдзельнічаць не на самім саміце БРІКС, а на сустрэчы ў фармаце «БРІКС Плюс», прадугледжаным для краін, якія не ўваходзяць у арганізацыю», — заявіў Ушакоў у каментарах да ТАСС.

Крэмль яшчэ ў студзені абвясціў, што Саудаўская Аравія далучылася да БРІКС з пачатку 2024 года разам з ААЭ, Эфіопіяй, Егіптам і Іранам, што павялічыла колькасць удзельнікаў арганізацыі да 10 краін. Праз два тыдні міністр гандлю каралеўства Маджыд аль-Касабі абверг расійскія заявы, а крыніцы агенцтва Reuters у Эр-Рыядзе ўдакладнілі, што запрашэнне ў БРІКС усё яшчэ знаходзіцца на стадыі разгляду.

Нягледзячы на гэта, Саудаўская Аравія была ўключана ў прэзентацыі саміту як паўнапраўны член арганізацыі, але наследны прынц каралеўства Махамед бен Салман так і не прыехаў на саміт, адправіўшы замест сябе кіраўніка МЗС краіны, тлумачыць The Moscow Times.

Пра тое, што Крэмль жадае бачыць Махамеда бен Салмана на саміце БРІКС у Казані, які расійскія ўлады назвалі «самай значнай замежнапалітычнай падзеяй» у расійскай гісторыі, у верасні паведамляў кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў. Але Эр-Рыяд тады адказаў адмовай.

«Саудаўская Аравія накіруе міністра замежных спраў», — заявіў раней усё той жа памочнік Пуціна па міжнародных справах Юрый Ушакоў, каментуючы падрыхтоўку саміту. З чым звязанае рашэнне прынца, Ушакоў тады не ўдакладніў, абмовіўшыся, што на партнёраў Расіі ціснуць заходнія краіны, пагражаючы наступствамі ў выпадку паездкі ў Казань.

Саудаўская Аравія, якая не далучылася да антырасійскіх санкцый, пасля пачатку вайны заставалася ключавым саюзнікам Крамля на рынку нафты. Хоць адміністрацыя Джо Байдэна восенню 2022 года ўгаворвала саудытаў павялічыць здабычу, каб замяніць расійскія барэлі, якія трапілі пад эмбарга, Махамед бен Салман застаўся верны саюзу з Пуціным і, наадварот, скараціў пастаўкі на 2 млн барэляў на дзень. Мэтай было ўтрымліваць каціроўкі блізка да $100 за барэль.

Але праз два гады настроі ў Эр-Рыядзе пачалі мяняцца. Каралеўства занепакоенае зніжэннем сваёй долі на рынку і мае намер перайсці да палітыкі павелічэння здабычы, нават калі для гэтага прыйдзецца доўга трымаць нізкія цэны, расказалі ў канцы верасня знаёмыя з сітуацыяй крыніцы Financial Times.

Міністр энергетыкі Саудаўскай Аравіі прынц Абдэль Азіз бен Салман заявіў, што некаторыя краіны картэля АПЕК+, у прыватнасці Казахстан і Ірак, не выконваюць свае квоты, і прыгразіў, што кошт барэля можа абрынуцца да $50.

Для Расіі гэта найгоршы сцэнар з магчымых, адзначае Люк Купер, навуковы супрацоўнік Лонданскай школы эканомікі: крушэнне нафтавых каціровак да ўзроўняў 2014-2016 гадоў істотна ўскладніць Пуціну «фінансаванне яго вайсковай машыны». У бюджэт бягучага года ўрад заклаў нафту па $70 і прыкладна на такую ж цану ($69,7) разлічвае ў наступным годзе.

Саудаўская Аравія, у адрозненне ад Расіі, можа лягчэй перажыць танную нафту, тлумачыць Купер: радовішчы ў Аравійскай пустыні знаходзяцца значна бліжэй да паверхні, чым сібірскія паклады ў вечнай мерзлаце, а таму сабекошт саудаўскіх барэляў ніжэйшы. Да таго ж Эр-Рыяд можа лёгка і хутка нарасціць вытворчасць і кампенсаваць цэнавыя страты за кошт аб'ёмаў.

Як гэта адбываецца, бен Салман наглядна прадэманстраваў Пуціну ў 2020 годзе, калі Расія ў разгар пандэміі вырашыла выйсці са здзелкі АПЕК+. Саудаўская Аравія нарасціла здабычу да 12 млн барэляў за дзень, абвясціла рэкордныя за 30 гадоў зніжкі і спусціла нафтавыя цэны да ўзроўняў 1990-х гадоў (менш за $10 за барэль Brent). Праз некалькі месяцаў Крэмль быў вымушаны капітуляваць, вярнуцца ў пагадненне і, паводле новых умоў, скараціць здабычу больш за ўсіх.

«У адрозненне ад саудаўскай, расійская нафта не з'яўляецца таннай у здабычы. Таму (Расія) дрэнна падрыхтаваная да сітуацыі нізкіх цэн, — адзначае Купер. — Гэта тлумачыць расійскую логіку вайсковай эскалацыі, якая патрабуе хуткіх поспехаў на полі бою — да таго, як цэны нафты ўпадуць».

Цяпер Саудаўская Аравія пампуе 8,9 млн барэляў у дзень — і гэта мінімальная здабыча з 2011 года. Са снежня каралеўства пачне дадаваць на рынак 83 тысяч барэляў у дзень кожны месяц і да канца снежня 2025 года павялічыць пастаўкі на 1 млн барэляў у дзень.

Каментары

Лукашэнка пра адключэнне інтэрнэту ў 2020-м: Калі гэта паўторыцца, адключым зусім23

Лукашэнка пра адключэнне інтэрнэту ў 2020-м: Калі гэта паўторыцца, адключым зусім

Усе навіны →
Усе навіны

Стала вядомая колькасць загінулых пасля першага ўдару ракетамі Storm Shadow па тэрыторыі Расіі2

У Італіі арыштавалі расійскіх шпіёнаў. Адной з задач было стварэнне карты месцаў, не ахопленых відэаназіраннем

Марзалюк: Мяне раздражняе гэтая мантра — «у нас едіная історія, у нас едіный язык»34

Маргарыта Ляўчук нарэшце атрымала пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці8

«На асуджаных могуць уздзейнічаць звонку». Сілавікі вучыліся душыць бунт у калоніі

Студэнты-аматары запусцілі ў космас гіпергукавую ракету ўласнай вытворчасці3

Куды небяспечна ехаць беларусам, якіх на радзіме пераследуюць за палітыку КАРТЫ15

Аб'явілі збор на падтрымку Васіля Верамейчыка10

«Па-ўсякаму бывае. Так дзяржава вырашыла, так зрабіла». Літоўскія чыноўнікі пракаментавалі справу Верамейчыка16

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка пра адключэнне інтэрнэту ў 2020-м: Калі гэта паўторыцца, адключым зусім23

Лукашэнка пра адключэнне інтэрнэту ў 2020-м: Калі гэта паўторыцца, адключым зусім

Галоўнае
Усе навіны →