«Мы не адны ў космасе». Новая справаздача Пентагона пра НЛА выклікала спрэчкі ў Кангрэсе ЗША
Міністэрства абароны ЗША за тры гады зафіксавала звыш 1600 выпадкаў з'яўлення НЛА па ўсім свеце (асабліва над ядзернымі і вайсковымі аб'ектамі), прырода каля двух сотняў з якіх дагэтуль застаецца нявызначанай. Былыя высокапастаўленыя чыноўнікі Пентагона і НАСА раскрытыкавалі даклад за «недастатковую шчырасць» і заявілі на слуханнях у Кангрэсе, што некаторыя з гэтых з'яваў звязаныя з тэхналогіямі, якія не належаць чалавецтву.
Упраўленне па адсочванні анамалій ЗША (All-Domain Anomaly Resolution Office, AARO), якое падпарадкоўваецца Міністэрству абароны ЗША, прадставіла ў амерыканскім Кангрэсе даклад аб фіксацыі і вывучэнні выпадкаў назірання неапазнаных лятаючых аб'ектаў (НЛА) у перыяд з 2021 па кастрычнік 2024 года.
Паводле справаздачы, за тры гады Пентагон зафіксаваў 1652 выпадкі НЛА, 757 з якіх адбыліся з мая 2023 па чэрвень 2024. Пераважная большасць аб'ектаў, як паказвае аналіз, аказаліся дронамі, самалётамі, паветранымі шарамі, птушкамі і спадарожнікамі.
Аднак прырода 170 выпадкаў НЛА за тры гады (122 з іх — з мая 2023 па чэрвень 2024) дагэтуль застаецца нявызначанай. Большасць з выпадкаў была зафіксаваная ў раёнах прысутнасці ўзброеных сіл ЗША па ўсёй планеце (з іх 60 выпадкаў над Усходняй Азіяй і 44 над Бліжнім Усходам) і паблізу амерыканскай ядзернай інфраструктуры, уключаючы сховішчы ядзернай зброі і ракетныя стартавыя пляцоўкі (18 выпадкаў НЛА нявызначанай прыроды), паведамляе AARO.
У справаздачы прыведзены паказанні відавочцаў датычна назірання НЛА нявызначанай прыроды. Сярод іх ёсць такія апісанні, як «зялёны агнявы шар», «медуза з рознакаляровымі агнямі» або «срэбная ракета даўжынёй каля 2 метраў».
У дакладзе таксама адзначаецца, што паводзіны гэтых аб'ектаў не адпавядалі вядомым тыпам паветраных сродкаў, такіх як дроны, паветраныя шары або самалёты. Некаторыя з гэтых выпадкаў характарызаваліся «незвычайнай хуткасцю, здольнасцю імгненна змяняць кірунак альбо рухацца без прыкметнага рухавіка».
Нягледзячы на загадкавыя паводзіны і нявызначаную прыроду шэрагу аб'ектаў, AARO у дакладзе падкрэсліла, што «да гэтага часу няма пацверджання, што зафіксаваныя выпадкі звязаныя з іншапланетнымі тэхналогіямі ці дзейнасцю замежных дзяржаў».
«Мы не можам выключыць ніводнага сцэнару, але на сёння няма нічога, што б пацвердзіла іншапланетнае паходжанне гэтых аб’ектаў. Мы працягваем збор даных сумесна з НАСА і нашымі замежнымі саюзнікамі, каб лепш разумець паходжанне гэтых з’яваў і ацаніць іх патэнцыйны ўплыў на нашу бяспеку», — гаворыцца ў дакуменце.
Разам з тым, на фоне публікацыі даклада AARO у Кангрэсе ЗША ўзнікла спрэчка. Некалькі былых высокапастаўленых чыноўнікаў Пентагона і НАСА заявілі на слуханнях, што амерыканскі ўрад «недастаткова шчыры» ў адносінах да грамадства і «выдатна ведае паходжанне аб'ектаў».
«НЛА рэальныя, і некаторыя з гэтых тэхналогій не былі створаны ні нашым урадам, ні іншымі дзяржавамі. Яны адсочваюць вайсковыя аб'екты па ўсім свеце.
Хоць большая частка маёй 15-гадовай працы на ўрад ЗША па пытанні НЛА ўсё яшчэ застаецца канфідэнцыйнай, гэтая празмерная сакрэтнасць прывяла да сур’ёзных парушэнняў правоў асобных дзяржслужачых, грамадзян і вайскоўцаў — усё гэта, каб схаваць ад грамадскасці той факт, што мы не адны ў космасе», — заявіў былы высокапастаўлены чыноўнік Пентагона Луіс Элізонда на слуханнях у Кангрэсе ЗША.
Цім Гала, контр-адмірал ВМС ЗША ў адстаўцы, падзяліўся на слуханнях, што ў 2015 годзе ён асабіста назіраў НЛА падчас ваенных вучэнняў на ўсходнім узбярэжжы ЗША. Гала са спасылкай на тагачасныя даныя сэнсараў знішчальнікаў сцвярджаў, што «аб'ект валодаў характарыстыкамі, якіх не існуе ў амерыканскім арсенале», і дадаў, што пасля інцыдэнту інфармацыя аб аб'екце была засакрэчаная так, што нават яго ўзроўню доступу было недастаткова.
А былы чыноўнік НАСА Майкл Голд, які ўваходзіў у склад спецыяльнай групы агенцтва па даследаванню НЛА, заклікаў урад ЗША «не перашкаджаць навуковаму дыялогу аб невытлумачальных з'явах і пашырыць доступ грамадства да закрытых даных».
Каментары