Філосаф Мажэйкіс: Дзіўна чуць пра ліцвінізм. Мы можам папрасіць каліноўцаў увайсці ў Беларусь, калі Лукашэнка нападзе на Літву
Вядомы літоўскі антраполаг заклікаў да супрацоўніцтва з беларускімі добраахвотнікамі.
Прафесар універсітэта Вітаўта Вялікага ў Коўне, адзін з самых вядомых літоўскіх філосафаў Гінтаўтас Мажэйкіс паразважаў пра сітуацыю ў Беларусі і неабходнасць супрацоўніцтва паміж літоўскімі ўладамі ды беларускімі добраахвотнікамі ва Украіне.
У калонцы для LRT Мажэйкіс расказаў пра прызначэнне начальнікам Генштаба Беларусі Паўла Муравейкі, які адкрыта заяўляў пра магчымасць атакі Сувалкскага калідора і трымаўся іншай агрэсіўнай рыторыкі.
На думку Мажэйкіса, Беларусь знаходзіцца практычна ў поўнай залежнасці ад Расіі, што ўзровень пагрозы на мяжы краіны з Літвой будзе толькі павышацца. Пры гэтым, як адзначае філосаф, у беларускіх дэмакратычных сіл недастаткова моцы, каб перашкодзіць супрацоўніцтву Масквы ды Мінска і прымусіць рэжым Лукашэнкі да дээскалацыі сітуацыі.
Пры гэтым Мажэйкіс нагадвае, што ёсць і трэцяя сіла — полк Каліноўскага, які ваюе супраць Расіі ва Украіне. Філосаф заклікае супрацоўнічаць з палком, бо ў крытычны момант ён можа дапамагчы Літве ў выпадку агрэсіі з боку Беларусі.
«У палка ёсць баявы досвед, якога няма ў беларускай арміі Лукашэнкі. Аднак полк Каліноўскага каардынуе свае дзеянні з украінскімі Узброенымі сіламі, а не са штабам Ціханоўскай або з Каардынацыйнай радай, якая знаходзіцца пад уплывам Латушкі.
Пасля пачатку беларускай агрэсіі супраць Літвы наша краіна можа папрасіць Украіну пра дапамогу, а менавіта пра ўварванне палка Каліноўскага ў Беларусь. Таму дзіўна чуць ад літоўскіх палітыкаў крытыку ліцвінізму гэтага палка. Верагодна, многія грамадзяне Беларусі ці нават падраздзяленні беларускага войска хацелі б далучыцца да палка Каліноўскага», — піша Мажэйкіс.
Філосаф лічыць, што для літоўскіх уладаў важна падтрымліваць кантакты як з дэмакратычнымі сіламі ў Літве, так і з палком Каліноўскага — такое супрацоўніцтва ў крытычны момант можа дапамагчы Літве абараніцца ад агрэсіі.
«Важна, што беларуская апазіцыя дапамагае ўтрымаць падначаленых Лукашэнкі ад злачыннай і катастрафічнай ваеннай аперацыі супраць краін Балтыі», — рэзюмуе Мажэйкіс.
Пазняк: Беларускім патрыётам трэба ісці ў полк Каліноўскага. Каб мне было не 80, я б таксама пайшоў
«Калі б хацелі стаць нядобрымі для Літвы, сядзелі б ўпотайкі» Пагутарылі з кіраўніком клуба «Ліцвіны», якому першаму прылятае за ліцвінізм
«Хачу зрабіць Пазняка персонай нон-грата» — літоўскі актывіст
Трэба раз і назаўсёды спыніць разважанні пра «вяртанне Вільні» — Рудкоўскі
«Найбольшы ўклад у нагнятанне робяць людзі, якіх падазраюць у супрацоўніцтве са спецслужбамі. Напрыклад, Карач ці Цапкала»
Праблема «ліцвінізму» не можа стаць палітычнай, бо беларусам не цесна ў межах сваёй краіны — гісторык Пашкевіч
Каментары