У Мінску адбылася прэм’ера мультфільма, створанага з дапамогай штучнага інтэлекту
Заяўляецца, што ён першы ў свеце.
У чацвер у сталіцы падчас закрытага паказу адбылася прэм’ера поўнаметражнага мультфільма «Белавежская пушча». Яго стварыла беларуская студыя Arteki ў рэкордна кароткія для такіх праектаў тэрміны, піша Smartpress.by.
«Белавежская пушча» — гэта прыгодніцкая камедыя з элементамі фэнтэзі, якая распавядае пра сяброўства, сям’ю і сілу прыроды. Фільм паказвае, што нават самыя неверагодныя гісторыі могуць стаць рэальнасцю, калі ў іх верыць. У мультфільме шмат прыемнай музыкі, дабрыні і гумару.
Як адзначыў дырэктар студыі Arteki і прадзюсар праекта Алег Ацякшаў, увесь візуал мультфільма быў цалкам створаны штучным інтэлектам.
— Зразумела, мы выкарыстоўвалі ручную працу для мантажу, напісання сцэнарыя і агучвання. Але ўвесь візуал, самая складаная частка анімацыі, створаны з дапамогай нейрасетак, — паведаміў ён.
Ідэя для праекта з’явілася дзякуючы песні «Белавежская пушча», якая натхніла аднаго з музычных стваральнікаў фільма. Трэйлер мультфільма быў створаны ўсяго за 24 гадзіны, што падштурхнула каманду да стварэння поўнаметражнай карціны.
Па словах Ацякшава, класічная праца над поўнаметражным мультфільмам звычайна займае ад 30 месяцаў да 6 гадоў. Выкарыстанне ШI значна скарачае гэты працэс. Так, можна стварыць аналагічны мультфільм прыблізна за паўгода.
Мультфільм «Белавежская пушча» быў створаны ўсяго за 2,5 месяцы.
Ацякшаў прызнаўся, што яго каманда вельмі хацела хутка заявіць пра стварэнне ў Беларусі першага поўнаметражнага мультфільма з дапамогай штучнага інтэлекту. І атрымалася зрабіць гэта акурат да навагодніх святаў.
Стваральнікі «Белавежскай пушчы» плануюць паказаць сваю работу на розных фестывалях, а пасля — выпусціць мультфільм у шырокі пракат.
Каментары
https://d2b0v286pbg9yh.cloudfront.net/354724