Замежнік упершыню хацеў наведаць Беларусь, але яго не пусцілі ў краіну за карцінку з Лукашэнкам на тэлефоне
Аляксандр (імя змененае) планаваў трапіць на Каляды да сяброўкі ў Беларусі, але атрымаў забарону на ўезд у краіну пасля знойдзенай у тэлефоне карцінкі з Лукашэнкам на мішэні. «Думаў, гэта канец», — каментуе хлопец і лічыць, што яму пашанцавала.
Аляксандр мае грамадзянства адной з каўказскіх краін. Канкрэтную не называем, бо ён перажывае за сваю бяспеку і за знаёмых у Беларусі. Апошнія некалькі гадоў хлопец вучыцца ў Польшчы.
На Каляды ён набыў квіткі, каб прыехаць у госці да сяброўкі ў Беларусі, з якой яны пазнаёміліся ў інтэрнэце. Але на мяжы яго развярнулі і ў выніку забаранілі ўезд у краіну.
«Польскія памежнікі прапусцілі нас досыць хутка. А вось на беларускай мяжы на пашпартным кантролі затрымалі. Адбіралі пашпарты ў тых, па кім было недастаткова інфармацыі ці хто быў замежнікам».
Аляксандра як замежніка запрасілі на «суразмоўе»:
«Сказалі пакінуць рэчы і з сабой узяць толькі тэлефон. Запрасілі ў кабінет, дзе быў ці памежнік, ці кадэбэшнік, я не зразумеў. Пасадзілі за стол і ўключылі камеру. Пыталі, хто я, адкуль, дзе жыву, навошта еду ў Беларусь, каго са знаёмых там маю, а таксама ці сябрую з украінцамі».
Потым, кажа Аляксандр, яго папрасілі дастаць тэлефон, пачалі гартаць яго фотаздымкі і перапіскі ў месенджарах.
«Я пастараўся павыдаляць усё, кіраваўся інструкцыямі беларускіх незалежных медыя, якія чытаю. Мабыць, трэба было зусім скінуць усё да завадскіх наладаў ці браць новы тэлефон…»
Страх памножыўся, калі супрацоўнік пачаў фатаграфаваць змесціва мабільніка Аляксандра на свой тэлефон.
«У нейкі момант ён паказаў мне фота салдата УСУ, якое я некалі спампаваў, і карцінку Лукашэнкі — ён там быў на мішэні. Ён спытаў: «Ну і хто гэта на фатаграфіі? І пасля гэтага ты прыязджаеш сюды? Свабодны!»
Аляксандр кажа, што не разумее, дзе на мабільніку маглі захавацца тыя карцінкі — дапускае, што ў загружаных з WhatsApp, бо ўсё іншае ён пастараўся падчысціць.
«Я яшчэ маральна быў гатовы да сутак, але тут нібыта магла быць «абраза прэзідэнта». Гэта крымінальны артыкул, наколькі я ведаю. Я думаў, гэта канец», — прызнаецца хлопец.
Тэлефон і пашпарт яму аддалі не адразу. Уручылі са словамі: «У адпаведнасці з законам Беларусі аб парушэнні заканадаўства замежнымі грамадзянамі вам будзе забаронены ўезд у краіну на адзін год».
«Цяпер у пашпарце на адной старонцы ў мяне штамп «Уезд забаронены». Пасля ўсіх працэдур мяне адправілі на бліжэйшы аўтобус назад да Польшчы. Пасля ўсёй гісторыі я баюся карыстацца сваім тэлефонам, баюся, што маглі ўсталяваць нейкі софт».
Што адметна, гэта была першая спроба Аляксандра трапіць у Беларусь і, як ён кажа, пакуль апошняя:
«Да змены ўлады адназначна».
Каментары