У Індыі мужчына вырашыў ахвяраваць грошы на храм і выпадкова выкінуў у скрыню свой айфон
Айфон Pro версіі, як сведчаць мясцовыя законы, цяпер належыць «богу вайны», а ён не вяртае ахвяраванні.
На поўдні Індыі мужчына разам з сям'ёй вырашыў ахвяраваць у храмавую скрыню некалькі купюр, аднак разам з імі туды выпадкова паляцеў і яго новенькі айфон Pro-версіі. Пра гэта паведамляе выданне India Today.
Выпадак адбыўся ў індуісцкім храме Арулмігу Кандасвамі ў горадзе Тырупорур, дзе пакланяюцца Муругану — богу вайны і перамог, які з'яўляецца адным з найбольш шанаваных бостваў у індуісцкай веры.
Любы, хто ахвяруе ў гэтым храме сваю маёмасць, назаўжды расстаецца з ёй, сведчаць мясцовыя законы.
«Згодна са звычаямі і традыцыямі, любое ахвяраванне, унесенае ў хундыял [храмавая скрыня], паступае на рахунак боства гэтага храма. Правілы не дазваляюць адміністрацыі вяртаць ахвяраванні вернікам ні на якой падставе», — адзначаюць святары храма.
Каб хоць неяк змягчыць смутак уладальніка айфона, адміністрацыя храма зрабіла невялікае выключэнне — дазволіла яму забраць SIM-карту з тэлефона і скапіраваць усе важныя даныя пад наглядам святароў і аховы.
Каментары