Паміж Францыяй і Інтэрполам існуе пагадненне, згодна з якім прадстаўнікі іншых дзяржаў, якія бяруць удзел у французскіх сустрэчах Інтэрпола, валодаюць імунітэтам.
Французская пракуратура адмовілася пераследваць міністра ўнутраных спраў Беларусі Анатоля Куляшова, які знаходзіўся 17–20 студзеня ў Францыі з візітам па лініі Інтэрпола.
Пра гэта паведаміла памочніца французскага адваката Ўільяма Бурдона, які дамагаўся арышту міністра.
«Пракуратура заявіла, што паміж Францыяй і Інтэрполам існуе пагадненне, згодна з якім прадстаўнікі іншых дзяржаў, якія бяруць удзел у французскіх сустрэчах Інтэрпола, валодаюць імунітэтам»,— сказала памочніца адваката.
«Мы, вядома, з гэтым не згодныя, — падкрэсліла яна. — Канвенцыя супраць катаванняў павінна пераважаць над гэтымі дамоўленасцямі».
Нагадаем, Бурдон падаў судовы пазоў супраць Куляшова ў Парыжы 19 студзеня. Дзейнічаючы ад імя пяці беларусаў, ён абвінаваціў міністра ў катаваннях.
Памочніца Бурдона не сказала, чые менавіта інтарэсы прадстаўляў адвакат.Разам з тым грамадзянская ініцыятыва Free Belarus Now распаўсюдзіла заяву аб тым, што Бурдон дзейнічаў ад яе імя. Ініцыятыва Free Belarus Now заснаваная сем’ямі апазіцыйных палітыкаў і журналістаў, якія былі арыштаваныя падчас разгону дэманстрацыі 19 снежня 2010 года ў Мінску.
* * *
Беларуская дэлегацыя на чале з Анатолем Куляшовым брала ўдзел у перамовах, якія праходзілі 17–20 студзеня ў Ліёне ў Генеральным сакратарыяце Інтэрпола.
Міністр Куляшоў уключаны ў спіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Еўрасаюза ў сувязі з парушэннем у Беларусі стандартаў правядзення выбараў.
Але візавыя санкцыі ЕС не дзейнічаюць у выпадках, калі чыноўнікі наведваюць мерапрыемствы міжнародных арганізацый.
Каментары