Меркаванні66

Беларуская глыбіня. Ружанец разбуранай велічы

Піша Павел Севярынец.

Няўжо веліч Ягоная
не палохае вас,
і страх Ягоны
не нападае на вас?..
Ёў, 13:11

Калі з Купліна па слонімскай дарозе едзеш на Мінск, праз нейкі час пасля панылага балоцістага Палесся зямля пачынае дыхаць узвышшамі. Далягляд калышацца, і ў ружаватай смузе паўстае невялікі трохтысячны пасёлак, па-над якім на ўзгор’і з’яўляюцца руіны знакамітага палаца Сапегаў.

Ружаны.

У гэтым палацы, збудаваным на мяжы залатога ХVI і срэбнага ХVIІ стагоддзяў ВКЛ, Сапегі прымалі каралёў і вялікіх князёў Уладзіслава ІV і Станіслава Панятоўскага, а Канцлер Львінае Сэрца парадкаваў Літоўскую метрыку. Падвалы-лабірынты тут такія глыбокія, што ад недахопу кіслароду затухаюць свечы.

Пра Палац расказваюць, што ў ім захоўваюцца нечуваныя скарбы, што падземныя хады (ды такой вышыні, каб вершнік праехаў!) ідуць у Косава, Бярозу ды Слонім, і што аднойчы ў 1970-х позна ўвечары чорная «Волга» з літоўскімі нумарамі пад’ехала да сцяны замка, а зранку там зеўрала вялізная ніша і ў грудку бітай цэглы тутэйшыя падабралі пару залатых манетаў.

З гаспадарак Ружанскага краю, якія атаварваюцца ў Купліне, прыязджаюць мужыкі-ліцвіны — жывой беларускай гутаркі, святлейшыя, у адрозненне ад цёмных палешукоў, ды рослыя, ды дужыя, і ў мазгах шторазу шыецца падазрэнне:

а ці не сапегаў двор і сапегава прыватная гвардыя, што стагоддзямі таўклася ў Ружанах і ваколіцах, падмацавала тут генафонд грэнадзёрамі?

Герб Ружанаў аточаны вянком ружаў, ахвяраваных Дзеве Марыі. Ружаны — гэта ад ружанца, асаблівага спосабу малітвы, паслядоўнасць якой адлічваецца, нібы на пялёстках ружы, і разгортваецца ярусамі па пяць малітваў у кожным. Ружанец адгаворваюць на пацерках (ад Pater noster — «Ойча наш», пачатковай малітвы), калі метадычна, злучво за злучвом, адзначаецца кожная кароткая частка.

Руіны Палаца, контур разбураных сценаў на сотні метраў — агромністы ружанец, пакладзены на ўзгор’і. Глыбы з вачніцамі высаджаных вокнаў, рэшткі муроў, асобныя аркі, бы каласальныя пацеры, — ідзеш, перабіраеш вачыма, кранаеш пыл з камення і адлічваеш малітвы за аднаўленне велічы Вялікай Літвы.

Молімся за беларускі народ, які сам забыўся, як маліцца, і ходзіць на разваліны, каб адкаркаваць «чарніла», абвесці былыя ўладанні пустымі вачыма, задраць глотку ўгару, туды, адкуль хлыне павольная смерць, і хрыпла прачысціць горла: «Ну, будзем….»

Молімся, каб у сённяшняй дробненькай Беларусі паўставалі волаты, падобныя Сапегам:
Ільву, абаронцу незалежнасці, аўтару статута; Казіміру Леону, што атрымаў адукацыю ў чатырох еўрапейскіх універсітэтах, валодаў васьмю мовамі, заснаваў кляштар картузаў у Бярозе ды катэдру права ў Вільні; кардыналу Адаму Стэфану, што вывеў у свет Караля Вайтылу, будучага Папу Яна Паўла ІІ…

Молімся за выбарны Богам народ Ізраіля, бо якраз з мястэчка Ружаны — адзін з кіраўнікоў сіянісцкага руху Іэхіэль Пінэс, пісьменнік і паэт Ааарон Любашыцкі, кампазітар Генры Русота, восьмы і дзясяты прэм’ер-міністр Ізраіля Іцхак Шамір… і сотня насельнікаў ружанскага гета, вывезеных нацыстамі ў Трэблінку.

Молімся, каб ружанцы, сучасныя жывыя ружанцы, памяталі: усё прамінае: і слава, і багацце, і веліч, але застаюцца, запісаныя ў вечнасці, справы чалавечага сэрца.

Заходзіш у агромністы пралом, бачыш небакрай, надламаны руінамі, узгадваеш, што Палац быў пабудаваны ў форме крыжа, раптам разумееш, які ты ў свеце маленькі-маленькі — і вусны самі пачынаюць шаптаць: Ойча наш!..

Веліч чалавечая заключаецца ў здольнасці прызнаць уласную нішчымнасць перад усёмагутнасцю Божай — бо менавіта праз нашую немач выяўляецца Моц

Таго, Хто стварыў і гэтую краіну, і гэтую мову, і нас саміх.

Палац паціху аднаўляюць, пачынаючы з брамы. Марудна. Цяжка.

Але настойлівыя, доўгія, шматгадовыя малітвы, якія ўваскрашаюць паўмёртвыя нацыі, патрабуюць надзвычайнай руплівасці і цярпення.

Час збіраць камяні. Час аднаўляць — глыба за глыбай, пацерка за пацеркай, замак за замкам, храм за храмам — увесь грандыёзны Ружанец Беларусі — цэрквы, касцёлы, зборы, палацы, калісьці, у эпоху беларускай магутнасці, збудаваныя тымі, хто любіў Беларусь і верыў у Ісуса Хрыста.

Глядзі яшчэ:

Беларуская глыбіня. У гасцях у Сэрца

Беларуская глыбіня. Бездань Азефа

Беларуская глыбіня. Цуды на балоце

Беларуская глыбіня. Забыць героя

Беларуская глыбіня. Дакрычацца да нябёсаў

Каментары6

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу1

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу

Усе навіны →
Усе навіны

Аляксей Дзікавіцкі расказаў, дзе будзе цяпер працаваць8

Даляр апусціўся за адзнаку 3,5 рубля3

У жонкі беларускага тэнісіста ў Пецярбургу сцягнулі залаты ланцужок4

Як у школьныя электронныя дзённікі трапіла рэклама піва? З'явілася тлумачэнне3

Манашак Свята-Елісавецінскага манастыра прагналі яшчэ з аднаго кірмаша ў Польшчы21

У Варшаве пачынаецца суд па справе згвалтавання і забойства беларускі Лізы2

У Брытаніі ідзе суд над балгарамі, якіх падазраюць у шпіянажы на карысць Расіі

Мінздароўя ўстанавіла нормы прыёму пацыентаў

«Было адчуванне, што людзі ўжо не хочуць вайны». Аляксей Ластоўскі аб наведванні Сірыі і рэжыме Асада як меншым зле15

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу1

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу

Галоўнае
Усе навіны →