Пасля працяглых перамоў з «Белкартаграфіяй» беларускамоўныя бацькі дамагліся, каб да гэтага навучальнага года надрукавалі новыя контурныя карты для школьнікаў. У крамах з’явіліся дапаможнікі «Фізічная геаграфія» для 6-х класаў і «Чалавек і свет» для пяцікласнікаў.
Так, адной з сем'яў, што вялі перамовы на гэты конт была сям'я Вітушак, чый сын вучыцца ў гімназіі №23.
«Шмат гадоў перамовы з «Белкартаграфіяй» прыводзілі ў адчай і давалі нулявы вынік. І вось — сюрпрыз!!! Набывайце, калі ласка!», — падзялілася пазітыўнымі эмоцыямі ў сваім фэйсбуку маці Крысціна.
У аддзеле маркетынгу РУП «Белкартаграфія» нам паведамілі, што на такі крок яны пайшлі пасля шматлікіх заявак ад бацькоў з беларускамоўных школ. І калі школьнікам будуць патрэбныя іншыя дапаможнікі па-беларуску, яны таксама гатовыя надрукаваць новыя варыянты карт: толькі быў бы попыт.
Да гэтага часу ў наяўнасці былі толькі карты і атласы па гісторыі, а таксама насценная палітыка-адміністрацыйная карта Беларусі на мове.
Таксама на нацыянальнай мове друкуецца частка прадукцыі для турыстаў, у тым ліку вялікі гістарычны атлас Беларусі ў трох тамах.
Каментары