Грамадства1414

Замест цыгарэт і вэйпаў цяпер «паўчы»: з’явілася новая небяспека для беларускіх падлеткаў

Вайна грамадства з курцамі ідзе даўно. І, адпаведна, абодва бакі выдумляюць новыя і новыя спосабы перамагчы. Далучаюцца да барацьбы за курца (а значыць, кліента) і тытунёвыя кампаніі. Вынікам становяцца шматлікія «інавацыйныя» аналагі цыгарэт. Пару гадоў таму гэта былі «вэйпы», сёння гэта сістэма IQOS. Але хутка і яе можа змяніць чарговая «інавацыя»: насычаныя нікацінам падушачкі, якія прынесла на беларускі рынак міжнародная тытунёвая карпарацыя.

«Наша Ніва» паспрабавала разабрацца, што можа стаць чарговай модай сярод курцоў.

Што такое вэйпы і IQOS

Увогуле, пазіцыя беларускай дзяржавы ў змаганні з курэннем выглядае двудушна. Бо дзяржава адною рукою падпісвае чарговы ўказ аб забароне, а другой — працягвае выкарыстоўваць сваю манаполію на выраб і продаж цыгарэт: па ўсёй краіне ставяцца сумнавядомыя «Табакеркі», на беларускі рынак выходзяць новыя маркі.

Але ж і абмежаванні маюць пэўны плён. Так, напрыклад, з 27 ліпеня ўступіў у сілу новы антытытунёвы закон: нельга курыць на прыпынках, дзіцячых пляцоўках і гэтак далей. Але галоўнае ў ім тое, што электронныя цыгарэты (вэйпы) нарэшце прыраўнялі да звычайных цыгарэт. Так што цяпер галоўны аргумент прыхільнікаў вэйпаў «Гэта не дым, а пара!» не залічваецца. Тым больш што ён даволі спрэчны.

Так, сапраўды, вэйп працуе без тытуню, але ж гэта зусім не значыць, што яго ўжыванне не нясе ніякай шкоды. Вэйп — гэта прылада, якая награвае вадкасць, пераўтвараючы тую ў пару. Адпаведна, курэц-вэйпер сапраўды ўдыхае пару, а не дым. Вадкасць у вэйпе складаецца з прапіленгліколю, гліцэрыну і араматычных дадаткаў. У гэтую «жыжу», як нярэдка вадкасць называюць самі вэйперы, можа ўваходзіць і нікацін.

Напачатку рынак электронных цыгарэт амаль ніяк не рэгуляваўся. Пункты па продажы пачалі расці як грыбы: амаль у кожным гандлёвым цэнтры Мінска можа знайсці адразу некалькі крамаў, якія гандлюць вэйпамі і вадкасцю для іх. Вакол вэйпінгу сфарміравалася нават своеасаблівая субкультура, з’явіліся шматлікія форумы, прысвечаныя прыладам для вэйпінгу і падбору вадкасцяў. Асобныя аматары нават набывалі асобна гліцэрын, прапіленгліколь і іншыя кампаненты, каб самім замешваць патрэбную ім «жыжу». Пры гэтым нікога асабліва не цікавіла, дзе вырабляюцца рэчывы і прылады.

Канечне, навінка адразу прыцягнула ўвагу падлеткаў. Яшчэ нядаўна купкі малалетак пастаянна круціліся вакол крамаў з вэйпамі, а наступленне вялікага перапынку ці сканчэння заняткаў у школе абазначалася вялікай колькасцю рознаўзроставых «паравозаў» з каляровымі заплечнікамі.

Вось толькі для вывучэння вэйпаў было не так шмат часу. Сёлета ў ЗША забілі трывогу, калі некалькі соцень вэйпераў звярнуліся да дактароў. У выніку прыкладна тысяча чалавек атрымала праблемы з лёгкімі, тыя ці іншыя рэспіраторныя захворванні. Па розных дадзеных, ад 18 да 30 чалавек памерла. Прычым канкрэтныя прычыны пакуль не высветлілілі, дакладна вядома толькі тое, што ўсе яны выкарыстоўвалі электронныя цыгарэты.

Але пакуль школьнікі па ўсім свеце травіліся кітайскай «жыжай», выбіраючы на Аліэкспрэсе чарговы больш наварочаны вэйп, гігант тытунёвай індустрыі «Філіп Морыс» прэзентаваў сваю знаходку: сістэму электроннага награвання тытуню. Яна атрымала назву IQOS.

IQOS — гэта невялікая падобная на маркер прылада, куды ўстаўляецца адмысловая кароткая цыгарэта (звычайныя не падыходзяць). Пасля тытунь у цыгарэце награваецца да высокай тэмпературы. Галоўнымі плюсамі падаюцца адсутнасць дыму і нібыта меншая колькасць шкодных рэчываў, бо цыгарэта не гарыць, а награваецца.

Але зноў жа, казаць пра нейкія высновы пра ўплыў на здароўе пакуль рана.

Прычым, у адрозненне ад вэйпаў, IQOS выглядае больш стылёва. Але ж тут школьнікам дарога закрыта: па-першае, прылада не прадаецца непаўналетнім, па-другое, каштуе даволі дорага.

Таму падлеткі паціху пераходзяць на снюсы.

Непрыгожыя снюсы і стылёвыя паўчы

Снюсы — гэта такія маленькія «пакуначкі», унутры якіх вільготны тытунь. Снюс закладваецца за губу, як насвай, такім чынам нікацін усмоктваецца ў слізістую. У Нарвегіі і Швецыі снюсы прадаюцца даўно і легальна, у Беларусі яны пад забаронай з 2016 года.

Але і тут ёсць нюансы. У Беларусі снюсы забароненыя як «некурыльныя тытунёвыя вырабы, прызначаныя для смактання альбо жавання». За продаж — адміністратыўная адказнасць.

Як абысці забарону? Проста: выдаліць тытунь. І цяпер снюсы спакойна прадаюцца ў Беларусі: гэта сумесі, якія не маюць тытуню, таму іх продаж легальны. Але яны ўтрымліваюць нікацін. Таму прадаюцца толькі паўналетнім… Але ж калі гэта стрымлівала падлеткаў?

Так, нядаўна ў Полацку школьнік атруціўся пасля «дэгустацыі» снюсу. Рэчыва прынёс у школу яго сябар. Аказалася, што малец спакойна набыў снюс у адной з мясцовых крамаў. Акрамя таго, міліцыянты знайшлі яшчэ і анлайн-краму, якая гандлявала такой жа прадукцыяй.

Да таго ж цяпер з’явіліся і «снюсы 2.0». Міжнародная тытунёвая карпарацыя БАТ (British American Tobacco) прэзентавала свой «інавацыйны» прадукт. Гэта так званыя «нікатынавыя паўчы».

Па сутнасці, «паўчы» — гэта тыя ж безтытунёвыя снюсы. Вось толькі яны больш прыгожа ўпакаваныя і лепш выглядаюць самі па сабе: белая падушачка замест бурай падушачкі снюсу.

Акрамя таго, «паўчы» і лепш прэзентуюцца. Па-першае, вытворцы пазіцыянуць свае «паўчы» як альтэрнатыву для курцоў: маўляў, у сучасным свеце курыць амаль паўсюль забаронена, а «паўч» зможа выратаваць, напрыклад, падарожніка падчас доўгай паездкі.

Па-другое, «паўчы» нібыта «складаюцца з валокнаў скандынаўскай хвоі і эўкаліпта, вады, араматызатараў і нікаціну. Іх спажыванне не звязанае з такімі фактарамі, як дым, попел, непрыемны пах або змяненне колеру эмалі зубоў», — заяўляе вытворца.

А па-трэцяе, «БАТ» выкарыстаў дзірку ў беларускім заканадаўстве і адразу ў шэрагу беларускіх СМІ з’явіліся рэкламныя матэрыялы, прысвечаныя «паўчам». У адным з медыя з’явіліся «нязручныя пытанні вучонаму-хіміку», якім аказаўся прадстаўнік тытунёвай кампаніі «БАТ» Крыс Проктар, які, канечне, распавёў, што ўсё нармальна.

Крыс Проктар

«Вы лічыце праблемай, што «паўчы» пачнуць ужываць людзі, якія раней ніколі не курылі звычайныя цыгарэты. Але паколькі, як мы ўжо казалі, «паўчы» не наносяць асаблівай шкоды здароўю, я не лічу агучаную вамі праблему праблемай. Залежнасць ад нікаціну — гэта, хутчэй філасофскае, чым этычнае пытанне: хтосьці лічыць яе праблемай, а хтосьці не. Адыкцыя адыкцыі розніца. Курэнне — гэта аб'ектыўна шкодная адыкцыя. Нікацінавыя «паўчы» можна назваць больш нейтральнай шкоднай звычкай, як кава, напрыклад», — заявіў Проктар.

«Наша Ніва» звярнулася да аднаго з псіхіятраў-нарколагаў, каб ён пракаментаваў бяспечнасць снюсаў і «паўчаў». Паколькі беларускія медыкі не могуць выказвацца без ўзгаднення Міністэрства аховы здароўя, каментар падаецца без указання імені доктара.

Ён мяркуе, што ўсё зусім не так бяспечна, як тлумачаць вытворцы:

«Снюсы і іншыя «некурыльныя прадукты» ўтрымліваюць нікацін і шэраг дадаткаў. Праблема ў тым, што гэтыя рэчывы не кантралююцца, у іх складзе можа быць усё што заўгодна, якасць гэтых прадуктаў не адсочваецца. Там заўсёды знаходзяцца дадатковыя рэчывы, такія як араматызатары і дапаможныя рэчывы, якія дапамагаюць нікаціну выдзяляцца і ўсмоктвацца ў арганізм. Ступень іх бяспечнасці ніхто не вымяраў, гэта ніяк не стандартызавана. Сітуацыя такая ж, як і ў выпадку з вэйпамі: няма вялікай колькасць даследаванняў, няма нормаў.

Акрамя таго, снюсы раздражняюць слізістую. І гэта зусім не бяспечны працэс. Ніхто не гарантуе, што з цягам часу рассмоктванне «бестытунёвага некурыльнага прадукту» не прывядзе да пухлінаў ці якіх іншых праблем са слізістай.

Яшчэ адзін момант: канцэнтрацыя нікаціну ў гэтых прадуктах. Калі прадукт ніяк не стандартызаваны, колькасць нікаціну дакладна вядомая толькі вытворцам. Да таго ж нікацін — гэта рэчыва, якое выклікае залежнасць. І гэта такая ж залежнасць, як у курцоў, проста іншы спосаб ужывання нікаціну. А калі ў нас раптам забароняць зусім усе гэтыя «некурыльныя прадукты», залежны чалавек будзе шукаць іншыя шляхі спажывання нікаціну. І ў выніку можа перайсці і на вэйп, і на цыгарэты проста таму, што яны дазволеныя.

Таксама ёсць псіхалагічны аспект. Калі ў чалавека сфарміравалася адна залежнасць ад нейкага рэчыва, узрастае верагоднасць таго, што ён стане залежным ад чагосьці яшчэ. Наўпроставай сувязі няма, але вядома, што верагоднасць узрастае».

Прыгледзьцеся да забавак сваіх дзяцей. І памятайце, што нікацін выклікае прывыканне, а абсалютна бяспечных спосабаў ужывання нікаціну не існуе.

Каментары14

«Хаця б раз на тры дні павінен слухаць». Міліцыянер расказаў, як праслухоўваў беларусаў6

«Хаця б раз на тры дні павінен слухаць». Міліцыянер расказаў, як праслухоўваў беларусаў

Усе навіны →
Усе навіны

Мінчук прымацаваў да жырандолі мабільнік, каб здымаць амаральныя паводзіны былой жонкі12

Расійскага спевака Шарлота асудзілі на 5,5 гадоў калоніі

У Баку адмовіліся прымаць дапамогу ад Чачні пасля ўдару ракетай па самалёце2

Аршанскага святара, які вазіў дзяцей на расійскія вайсковыя зборы, будуць судзіць за парнаграфію10

Кіраўніка кантрольнага ўпраўлення Міністэрства па падатках і зборах злавілі на атрыманні хабараў6

«Мінімум 30 рублёў, а максімум баюся ўявіць». Якімі будуць цэны на таксі ў навагоднюю ноч1

Кампанія сяброў з Вялікабрытаніі паставіла рэкорд па наведванні пабаў за 40 гадоў

18-гадовы беларус Дзяніс Лазавік перамог Магнуса Карлсэна на чэмпіянаце свету па рапідзе2

У Расіі знялі ролік, як Санта-Клауса над Крамлём на просьбу Дзеда Мароза збівае СПА. Відэа рэпоснуў і Азаронак24

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Хаця б раз на тры дні павінен слухаць». Міліцыянер расказаў, як праслухоўваў беларусаў6

«Хаця б раз на тры дні павінен слухаць». Міліцыянер расказаў, як праслухоўваў беларусаў

Галоўнае
Усе навіны →