Жыхары Мазыра і Гомеля, якія скардзіліся на збіццё ў міліцыі, атрымалі адмовы з аднолькавым тэкстам. Параўнайце!
11 жніўня ў Гомлі затрымалі Дзьмітрыя Лукомскага, а ў Мазыры — Юрыя Чаранкова з жонкай. Яны расказалі пра зьбіцьцё і зьдзекі ў міліцыі і падалі заявы, каб завялі крымінальныя справы. Празь пяць месяцаў яны атрымалі адмовы з аднолькавым тэкстам. Дакумэнты адрозьніваюцца толькі імёнамі, піша «Радыё Свабода».
Паводле Дзьмітрыя Лукомскага, яго білі пры затрыманьні і ў міліцыі дручкамі — па галаве, нагах, калолі іголкамі, прымушалі крычаць «Я люблю міліцыю».
«Вакол быў жах, усюды валяліся выбітыя зубы, людзі крычалі, стагналі, усе ляжалі на падлозе тварам уніз, і іх білі», — апавядаў ён.
З ізалятара часовага ўтрыманьня, куды ён трапіў без прытомнасьці, ён выйшаў «увесь сіні». Ён падаў скаргу ў Сьледчы камітэт.
Юрася Чаранкова затрымалі разам з жонкай у Мазыры 11 жніўня. Ён апавядаў «Палескай вясьне» пра зьдзекі і катаваньні ў Мазырскім РАУС.
«Білі моцна пасьля затрыманьня. Білі ў аднапавярховым будынку, дзе месьціцца крымінальна-выканаўчая інспэкцыя, насупраць асноўнага корпусу Мазырскага РАУС», — сьцьвярджаў жыхар Мазыра. Ён сказаў, што ў аддзеле зьдзекаваліся і зь ягонай жонкі, якая працуе настаўніцай.
Юрась Чаранкоў падаў заяву на зьбіцьцё ў Сьледчы камітэт. Але крымінальную справу распачалі на яго паводле артыкулу 369 Крымінальнага кодэксу — «Зьнявага прадстаўніка ўлады». Падставай стаў ягоны камэнтар пра міліцыю ў адным з мазырскіх тэлеграм-каналаў. Пасьля гэтага актывіст з жонкай быў вымушаны зьехаць за мяжу.
Што адказаў абодвум Сьледчы камітэт?
Аднолькавыя адказы жыхарам Гомеля і Мазыра са Сьледчага камітэту падпісаныя сьледчым Т. Беларусам. У іх гаворыцца, што супрацоўнікі Мазырскага РАУС (ці Цэнтральнага ў Гомелі, — РС) не ўчынялі супрацьпраўных дзеяньняў у дачыненьні да заяўнікаў,
- «неабгрунтаваная фізычная сіла» і спэцыяльныя сродкі не прымяняліся,
- адкуль зьявіліся траўмы — міліцыі не вядома,
- запісы камэр відэаназіраньня ў памяшканьнях АУС не захаваліся,
- доказаў незаконнага прымяненьня фізычнай сілы і спэцыяльных сродкаў не атрымана.
Каментары